У восеньскім праекце Свабоды мы прадстаўляем анкеты цікавых і вядомых людзей. Наша сёньняшняя рэспандэнтка — Тацяна Процька.
Хто гэта?
Знаная беларуская грамадзкая дзяячка. Адна са стваральнікаў і старшыня (1995–2008) Беларускага Хэльсынскага камітэту.
Скончыла фізычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту і асьпірантуру Інстытуту філязофіі і права НАН Беларусі. Кандыдат філязофскіх навук.
Працавала тэхнікам, інжынэрам катэдры фізыкі паўправаднікоў, выкладчыкам катэдры ядзернай фізыкі Белдзяржунівэрсытэту, старшым рэдактарам Белтэлерадыёкампаніі, рэдактарам радыёчасопіса «Наша мінуўшчына», палітычным камэнтатарам.
Больш за 20 год была старшым навуковым супрацоўнікам Інстытуту гісторыі НАН Беларусі. Аўтарка больш як 100 навуковых артыкулаў па гісторыі і мэтадалёгіі фізыкі, гісторыі Беларусі і дзясятка кніг па гісторыі савецкай таталітарнай сыстэмы ў Беларусі.
Кіраўніца праектаў па абароне правоў чалавека фондаў TACIS, NED, фонду Сораса.
Узнагароджаная мэдалём Францішка Багушэвіча Беларускага ПЭН-цэнтру.
1. Калі вы адчувалі найбольшае ў жыцьці шчасьце?
Для мяне цяпер шчасьце не імгненьне, а працэс. Яго не бывае больш ці менш — яно альбо ёсьць, альбо не. Я шчасьлівая, калі назіраю жыцьцё сваіх дзяцей, бачу прыгожыя рэчы, слухаю музыку, чую словы пра каханьне, сама кахаю, малюся. З апошняга шчасьця — абарона доктарскай па тэалёгіі маёй дачкой Анастасіяй, прыгожыя словы і вершы Ўладзімера Някляева, карціны і гаворкі Аляксея Марачкіна, гравюры Ўладзімера Вішнеўскага, тыдзень адпачынку на беразе акіяна з мужам.
2. Які ваш найбольшы страх?
Вайна. Не прымаю гэтай зьявы чалавечага існаваньня ў ніякім выглядзе.
3. Які ваш самы раньні ўспамін?
Мне было 2,5 года, калі нарадзілася мая сястра. Дэталёва памятаю, як зьбіраліся ў раддом, везьлі малую на машыне «Пабеда», якую бацьку разам з шафёрам Лёшам далі ў «Мінскай праўдзе». Другі яркі ўспамін таго ж часу — матылёк паўлінава вока, які сядзеў на тады яшчэ брукаванай, з гладкіх камянеў вуліцы Старавіленскай. Гэта быў для мяне рэдкі матылёк і незвычайнай прыгажосьці. Я накрыла яго сачком, але ён паляцеў. Гэта першыя імгненьні шчасьця і расчараваньня, якія я памятаю.
4. Якая рыса вам найбольш не падабаецца ў сабе?
Занадта балючае для сябе рэагаваньне на чалавечыя несправядлівасьці. І тое, што доўга не магу іх забыць.
5. Якая рыса вам найбольш не падабаецца ў іншых?
Пыха і хлусьлівасьць.
6. Якая ў вас была самая няёмкая сытуацыя ў жыцьці?
З маладым чалавекам абмяркоўвалі творчасьць Хэмінгуэя (я вучылася ў 9 клясе). Я мала чытала тады гэтага пісьменьніка, але прызнацца ў гэтым не хацела. Хутка, аднак, высьветлілася, што пэўныя творы я не чытала. Было страшна няёмка — і за хлусьню, і за жаданьне быць лепшай, чым ёсьць, і за тое, што не чытала.
7. Якая ў вас ёсьць самая дарагая вам рэч?
У мяне ёсьць шмат дарагіх для мяне рэчаў. Яны — вехі майго жыцьця, зь імі жывуць успаміны. Не магу выдзеліць сярод іх самую — пакрыўдзяцца астатнія.
8. Якую б вы хацелі мець супэрздольнасьць?
Я б хацела ўмець лётаць у паветры, плаваць па дне акіяна і вылечваць людзей ад хваробаў цела і душы.
9. Што робіць вас няшчаснай?
Грубасьць і непаразуменьне з боку блізкіх людзей.
10. Якая ў вас самая непрыгожая звычка?
Церабіць пальцы рук, калі хвалююся.
11. Якую вы маеце заганную прыемнасьць?
Старацца заўсёды быць і заставацца Жанчынай. І не развучыцца любіць людзей, якія апошнім часам усё часьцей робяцца жорсткімі і цынічнымі.
12. У каго вам найбольш хацелася б папрасіць прабачэньня і чаму?
У маіх памерлых маці і бацькі — клопаты жыцьця не далі мне дастаткова праявіць і выказаць ім сваю любоў.
13. Найлепшы пацалунак у вашым жыцьці?
Першы пацалунак майго будучага мужа — ён ня самы лепшы, але самы запамінальны.
14. Найбольшае ў жыцьці расчараваньне?
Падманы празрыстай вады. Ачараваньне і расчараваньне — у людзях. Найбольшае і заўсёды самае моцнае расчараваньне — людзі сталі больш закрытымі, напружанымі, не сьпяваюць нават у застольлі. Подласьць і зайздрасьць — ужо амаль звычайныя зьявы.
15. Калі б вы маглі нешта зьмяніць у мінулым жыцьці, што б гэта было?
Я б хацела ня зьмены нейкіх абставін жыцьця, а сваіх паводзін у гэтых абставінах. Больш бы любіла, больш кахала, ня крыўдзіла б людзей, больш рашуча адстойвала свае думкі, больш даравала. Жыла б у поўнай згодзе са сваім сумленьнем.
16. Калі б вы маглі трапіць у мінуласьць, дзе б вы хацелі апынуцца?
У дзяцінстве, у сквэры каля Опэрнага тэатру — лавіць матылькоў, адчуваць пах скошанай дзяцеліны, любавацца кветкамі і ня мець ніякай адказнасьці. Цікава, што ўспаміны дзяцінства самыя каляровыя, сьветлыя, насычаныя пахамі і смакамі.
17. Калі вы былі найбліжэй да сьмерці?
У гэты час мінулым годам. Сьмерць зусім ня страшная зьява, калі надыходзіць яе момант. Нават чымсьці прыемная. І думаеш тады не пра матэрыяльныя здабыткі жыцьця, а пра людзей — як ты будзеш бязь іх, як яны будуць безь цябе. І такая туга ад гэтых думак — мо гэта і ёсьць страх сьмерці.
18. Якая адна рэч павысіла б якасьць вашага жыцьця?
Лёгкае, прыгожае і цёплае паліто з капялюшыкам. І моднае, вядома. А яшчэ — магчымасьць атрымаць зборнік Уладзімера Някляева «Зьнічы каханьня».
19. Ваша найбольшае дасягненьне?
Застацца да маіх гадоў каханай і жаданай жанчынай. І мае дзеці, вядома.
20. Што вам не дае спаць па начах?
Думкі пра ненапісаныя артыкулы, кнігі — я іх прагаворваю, удасканальваю. Так прыемна думаць ноччу — ніхто і нішто не замінае, не перашкаджае.
21. Што вам запомнілася зь мінулага лета?
Пазытыўныя ўспаміны — новыя вершы Някляева, першыя грыбы, новыя карціны любімых мастакоў і адкрыцьцё — незвычайная гармонія творчасьці К. Вашчанкі, новыя знаёмствы і адносіны. Нэгатыўныя — пэўная разгубленасьць людзей майго пакаленьня, асабліва сярод апазыцыйных, непрыманьне таго, што жыцьцё ідзе так, як ідзе, і паўплываць на яго пакуль не выпадае. Але прыемнага больш.
22. Што б вы хацелі, каб пра вас памяталі?
Каб блізкія мне людзі памяталі маю любоў да іх. Астатнія — могуць і ня памятаць нічога, нават лепш, каб забылі.
Усе рэспандэнты «Анкеты-2019»
- Фэлікс Аксёнцаў
- Алена Анісім
- Павал Аракелян
- Уладзімер Арлоў
- Рыгор Астапеня
- Віктар Бабарыка
- Павал Бераговіч
- Данута Бічэль-Загнетава
- Ігар Варашкевіч
- Алена Васілевіч
- Зіна Гімпелевіч
- Вольга Глухоўская
- Янка Запруднік
- Юры Зісер
- Андрэй Ільніцкі
- Іван Кірчук
- Вераніка Круглова
- Іна Кулей
- Алена Макоўская
- Мікола Матрунчык
- Караліна Мацкевіч
- Аліна Нагорная
- Тацяна Процька
- Барыс Пятровіч
- Віталь Радзівонаў
- Ада Райчонак
- Івонка Сурвіла
- Валянціна Трыгубовіч
- Аляксандар Фядута
- Ірына Халіп