Як лекары «забылі» пра шызатрапічнае расстройства Казакевіча, які напаў на людзей з бэнзапілой. Расьсьледаваньне «Плятформы»

Улад Казакевіч у судзе, архіўнае фота

Беларуская праваабарончая арганізацыя «Нью платформ інавэйшн» («Плятформа») апублікавала расьсьледаваньне дакумэнтаў, зьвязаных са станам здароўя Ўлада Казакевіча, які летась напаў з бэнзапілой на гандлёвы цэнтар «Новая Эўропа» ў Менску і забіў аднаго чалавека, а нядаўна паспрабаваў забіць супрацоўніка калёніі, дзе адбывае пакараньне.

З дакумэнтаў, апублікаваных «Плятформай», вынікае наступнае. 9-21 кастрычніка 2014 году Ўлад Казакевіч пасьля чацьвёртай спробы суіцыду аказаўся на стацыянарным лекаваньні ў РНПЦ псыхічнага здароўя з папярэднім дыягназам «Умераны дэпрэсіўны эпізод, шызатрапічнае расстройства, парасуіцыд. Шызафрэнія?».

Пасьля выпіскі з РНПЦ Казакевіч устаў на ўлік у менскі Дзіцяча-падлеткавы псыхіятрычны дыспансэр з дыягназам «шызатрапічнае расстройства». 24 кастрычніка ў дыспансэр прыйшоў факсам ліст з дыягназам «умераны дэпрэсіўны эпізод», з перакрэсьленым «шызоіднае расстройства асобы» і прыпіскамі ад рукі «Ня выключанае шызатрапічнае расстройства. Шызафэрнія?». 27 кастрычніка прыйшоў наступны факс з канчатковым дыягназам «шызатрапічнае расстройства».

Апошні дыягназ — «шызатрапічнае расстройства» — характарызуецца як зьмена асобы, сходная да шызафрэніі, але без псыхозаў (таксама неафіцыйна завецца «вялацякучая шызафрэнія»), і ён бестэрміновы. А «ўмераны дэпрэсіўны эпізод» гэта толькі часовы стан. Апошні дыягназ быў прызнаны лекарамі як афіцыйны, па ім прызначалася лекаваньне, і ён не скасоўваўся.

Але пасьля «шызатрапічнае расстройства» зьнікла са схемы лекаваньня Казакевіча і ні разу не прагучала ў судова-мэдычнай экспэртызе. Яго працягвалі лекаваць ад «умеранага дэпрэсіўнага эпізоду», нягледзячы на дыягназ РНПЦ.

За 8 месяцаў да трагедыі ў гандлёвым цэнтры Казакевіча зьнялі з дыспансэрнага ўліку па ягонай асабістай заяве з дыягназам «акцэнтуацыя асабовых рысаў па шызоідна-эпілептоідным тыпу (тэндэнцыя да расстройства асобы). Умераны дэпрэсіўны эпізод у анамнэзе». Дыягназ РНПЦ «шызатрапічнае расстройства» проста зьнікнуў, хоць не скасоўваўся.

Дыягназ «шызатрапічнае расстройства» (код F-21 у міжнароднай клясыфікацыі ICD-10) пры гэтым не азначае аўтаматычна, што чалавек знаходзіцца не пры сьвядомасьці зь юрыдычнага гледзішча.

Суды прызнавалі, што Казакевіч знаходзіцца пры сьвядомасьці, і накіроўвалі яго не на прымусовае лекаваньне, а ў звычайныя месцы пазбаўленьня волі. Але «Плятформа» сумняецца, што Казакевіч быў пры сьвядомасьці, і сьцьвярджае, што напад быў учынены «псыхічна нездаровым чалавекам, які не кіраваў сваімі дзеяньнямі і не адказваў за свае ўчынкі».

«Мы далёкія ад думкі, што ў дзеяньнях лекараў крыецца злы намер, але тое, што менавіта іх халатнасьць прывяла да трагедыі ў ГЦ „Эўропа“, відавочна, — піша «Плятформа». — Як відавочна і тое, што праведзеная экспэртыза выклікае шэраг абгрунтаваных сумневаў у сваёй абʼектыўнасьці, усебаковасьці і паўнаце, як у нас, так і ў дыплямаваных спэцыялістаў у галіне псыхіятрыі».