«Маршы недармаедаў» анансаваныя 15 сакавіка ў Менску, Горадні і Магілёве. Падчас акцыяў пратэсту ў Беларусі часам блякуюць сайты незалежных СМІ, часам бываюць перабоі з сувязьзю. Свабода нагадвае рэкамэндацыі, што давала да прэзыдэнцкіх выбараў 2015 году — яны могуць спатрэбіцца і ў час «Маршаў недармаедаў».
Калі не працуе ўлюбёны сайт
Блякаваньні сайтаў незалежных СМІ і атакі на іх рэгулярна адбываюцца ў Беларусі падчас масавых акцыяў. Адказнасьць за гэта не бярэ на сябе ніхто. Бывала, што не працавалі нават сацсеткі. Ды нават Кітай са сваім «вялікім кітайскім фаерволам» ня здолеў заблякаваць доступ да «непажаданага інтэрнэту» — і ў Беларусі ёсьць багата спосабаў абысьці блякаваньні і атакі.
«Марш абураных беларусаў» 17 лютага ў Менску. Фотагалерэя
Tor
Калі сайт блякуецца ў Беларусі, але працягвае працаваць з-за мяжы, можна скарыстацца праграмай Tor. Яна ня толькі абыходзіць любыя перашкоды ў доступе, але і дае практычна поўную ананімнасьць у інтэрнэце. Праўда, за гэта даводзіцца расплочвацца нізкай хуткасьцю доступу. Беларусь спрабавала заблякаваць Tor, але гэта толькі падвысіла колькасьць карыстальнікаў Tor — праграма сама дае інструкцыі па абыходзе блякаваньняў. Праўда, хуткасьць доступу праз Tor нізкая.
Ананімайзэры
Хутчэй сайты будуць грузіцца праз ананімайзэры. Напрыклад, праз Svaboda2.net альбо любы іншы падобны сэрвіс (набярыце ў пошукавіку «web proxy» альбо «anonymizer», усе іх наўрад ці заблякуюць) — правайдэр бачыць, што вы атрымліваеце доступ да сайту, якога няма ў «чорных сьпісах», і спакойна вас прапускае, а сайт-ананімайзэр тым часам паказвае вам заблякаваны сайт у поўнай функцыянальнасьці. Гэтаксама спрацуе Google Translate, калі замест тэксту для перакладу ўставіць спасылку на заблякаваны сайт. Можна і ўсталяваць у браўзэр дадатак кшталту Hola альбо ZenMate, каб адкрываць доступ да заблякаваных сайтаў «адной кнопкай». Альбо можна скарыстацца віртуальнымі прыватнымі сеткамі (VPN) — адны зь іх платныя, а іншыя, як FrootVPN, VPNBook ці OpenVPN, бясплатныя.
Сацсеткі
Калі ж сайт ня проста заблякаваны, а не працуе праз DDoS-атаку (хоць ад такіх атак абяцаў абараніць «Белтэлекам») і не адкрываецца нават з-за мяжы, застаецца чытаць навіны ў сацсетках. Напрыклад, за навінамі Свабоды можна сачыць праз «УКантакце», на Facebook, Twitter, Instagram і ў «Аднаклясьніках», глядзець трансьляцыі на Youtube. Некаторыя незалежныя СМІ маюць і мабільныя праграмы, празь якія навіны, хутчэй за ўсё, працягнуць грузіцца — праграма Свабоды ёсьць для Android і iOS.
Калі баіцеся праслухоўваньняў або не працуе сувязь
У час масавых акцый за мяжой адключаюць сувязь ці інтэрнэт — а ў Таджыкістане нядаўна адключалі SMS-паведамленьні. Бывае, што празь вялікую колькасьць людзей інтэрнэт і тэлефонная сувязь і проста слаба працуюць без усялякіх блякаваньняў.
Your browser doesn’t support HTML5
Чат без інтэрнэту
Ёсьць экстрэмальны спосаб сувязі: праграма FireChat дазваляе абменьвацца паведамленьнямі без інтэрнэту і мабільнай сувязі. Галоўнае, каб побач было як мага больш людзей з Firechat і ўключанымі Bluetooth і Wi-Fi — чым больш людзей, тым лепшая хуткасьць і дыстанцыя перадачы паведамленьняў. На іншы канец гораду не напішаш, але ў межах адной плошчы мае спрацаваць.
Больш «лёгкі» інтэрнэт
Калі інтэрнэт ёсьць, але павольны, можна скарыстацца рэжымам эканоміі трафіку ў браўзэры, каб сайты грузіліся хутчэй. Такія рэжымы ёсьць у мабільным Chrome (пункт наладаў «Эканомія трафіку») ці ў Opera (функцыя Opera Turbo альбо Off-Road Mode). Альбо можна чытаць навіны ў Twitter па тэматычных хэштэгах (напрыклад, #дармаеды альбо той, што стане папулярным у канкрэтны дзень акцыі).
Telegram i Signal
Ад праслухоўваньня размоў можна часткова ўратавацца празь бясьпечную перапіску. Падобна, што самая папулярная ў Беларусі праграма для бясьпечнай перапіскі — гэта Telegram Паўла Дурава (бясьпечны толькі ў «Сакрэтных чатах»). Можна рабіць і абароненыя ад праслухоўваньня тэлефанаваньні праз Signal для iPhone і Android. Праўда, ад «жучкоў» у тэлефонах не абароніць ні iPhone, ні Android — у сэнсе бясьпекі паміж імі амаль няма розьніцы.
Правілы інтэрнэт-бясьпекі, сьцісла
Каб у вас ня скралі акаўнты ці суполкі ў сацсетках альбо не пачалі чытаць вашу пошту, выконвайце 7 базавых правілаў інтэрнэту: стаўце складаныя паролі і двухэтапную аўтэнтыфікацыю, уважліва глядзіце на спасылку, па якой пераходзіце, майце антывірус, ды не да канца яму давярайце.
Калі затрымалі
У выпадку затрыманьня (а затрымалі па ўсёй Беларусі больш за 100 чалавек, суды ідуць трэці дзень) ці незаконных дзеяньняў супраць вас можна зьвярнуцца ў праваабарончы цэнтар «Вясна». Тэлефон «Вясны» ў Менску — +375 29 841-39-81, у Горадні — +375 29 699-11-25 і +375 33 686-50-42, у Магілёве — +375 29 624-92-72 і +375 29 133-75-50. E-mail: viasna@spring96.org. Іншыя кантакты «Вясны» тут.