Сваякі зьняволеных у Расеі ўкраінцаў просяць прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнку аб асабістай сустрэчы і дапамозе ў іх вызваленьні. На сёньня праваабаронцы кажуць пра больш як 60 грамадзян Украіны, якія ўтрымліваюцца ў расейскіх сьледчых ізалятарах паводле падазрэньняў і абвінавачаньняў у тэрарыстычнай дзейнасьці або ў замаху на тэрытарыяльную цэласнасьць Расеі.
Украінскі бок перакананы, што ўсе затрыманыя — палітычныя вязьні Расеі. Але афіцыйнай пляцоўкі для перамоваў аб іх вызваленьні пакуль няма. Невядомая і дакладная колькасьць арыштаваных у Расеі.
«Мы атрымліваем супярэчлівую інфармацыю наконт працэсу вызваленьня закладнікаў, якія знаходзяцца ў Расеі і акупаваным Крыме. Мы дакладна не разумеем, ці ўключаныя нашы сваякі ў сьпісы на абмен і ці ёсьць пэрспэктыва ім трапіць у гэты пералік. І таму мы ў адчаі», — сказаў сёньня на брыфінгу Ігар Грыб, бацька Паўла Грыба, які сёлета ў жніўні зьнік на тэрыторыі Беларусі і ўжо чатыры месяцы знаходзіцца ў сьледчым ізалятары ў Краснадары.
Паводле расейскага сьледзтва, украінец Паўло Грыб нібыта плянаваў падарваць бомбу на школьнай лінейцы ў Сочы. Ягоны бацька перакананы, што сына з тэрыторыі Беларусі выкралі супрацоўнікі ФСБ Расеі.
Як сказаў Свабодзе Ігар Грыб, беларуская міліцыя праводзіла праверку, але канчатковых адказаў пакуль няма:
— Беларускі бок так і ня даў канчатковага адказу наконт абставінаў зьнікненьня Паўла і як гэта адбывалася. Пакуль ёсьць такі адказ, што беларускі бок нічога ня ведаў і ня бачыў. 19 сьнежня мае адбыцца (у Расеі. — РС) чарговае паседжаньне суду, на якім будзе разглядацца пытаньне аб падаўжэньні для Паўла меры стрыманьня. Але надзеі, што меру стрыманьня зьменяць, няма.
— Вы маеце магчымасьць наведваць судовыя паседжаньні ці сустракацца з Паўлам?
— Я не магу, а на мінулае паседжаньне езьдзіла жонка. Ёй не дазволілі тады сустрэчу. Ні лістоў пісаць Паўлу, ні спатканьня не даюць. Можа, хоць бы на паседжаньні 19 сьнежня маці зможа яго ўбачыць. За ўвесь гэты час — ніводнай вестачкі. Яго трымаюць там у поўнай ізаляцыі. Таксама нічога невядома пра ўмовы ўтрыманьня. Нават падчас сустрэчы з консуламі ўмовы ўтрыманьня забараняецца абмяркоўваць.
— Як часта з Паўлам сустракаюцца ўкраінскія дыпляматы?
— Консулы бачыліся, але апошняя сустрэча трывала ўсяго 7 хвілін. Яе спынілі прадстаўнікі адміністрацыі сьледчага ізалятара з тае прычыны, што яны размаўлялі па-ўкраінску. Хоць гэта дазваляе расейскае заканадаўства. Прадстаўнікі консульства прыйшлі на гэтую, ужо трэцюю, сустрэчу з адпаведнымі дакумэнтамі, але прадстаўнік адміністрацыі ізалятара сказаў, што гэта яму ня ўказ, забараніў і перапыніў сустрэчу. Мы спрабавалі перадаваць перадачы, але што туды дайшло, ня ведаем.
— Што вам вядома пра стан здароўя Паўла?
— Мы нічога ня ведаем пра рэальны стан яго здароўя. Групу мэдыкаў, што была накіравана ў адпаведнасьці зь лістом Эўрапейскага суду па правах чалавека, не дапусьцілі, каб аказаць дапамогу. А гэта былі лекары, якія ведаюць ягоныя захворваньні. Таму і рэальнага стану здароўя мы ня ведаем, на жаль. Тое, што ў сьледчым ізалятары ён не прымае лекаў, выклікае занепакоенасьць, таму што гэтая хвароба можа даць нэгатыўныя наступствы ў любы момант.
МУС Беларусі: праверка па скарзе Ігара Грыба прыпыненая
Прэсавы сакратар МУС Беларусі Канстанцін Шалькевіч сказаў Свабодзе, што праверку па заяве бацькі Паўла Грыба вядзе ўпраўленьне ўнутраных спраў Гомельскага аблвыканкаму:
«У межах праверкі накіраваныя запыты ў органы ўнутраных спраў Расейскай Фэдэрацыі. Цяпер да атрыманьня адказаў праверка прыпыненая, канчатковае рашэньне па ёй не прынята».