За зьмешчаным у расейскі сьледчы ізалятар украінскім блогерам Паўлам Грыбам назіраюць мэдычныя работнікі. Пра гэта гаворыцца ў лісьце упаўнаважанай па правах чалавека ў Расеі Тацьцяны Маскальковай на імя ўкраінскага амбудсмэна Валерыі Луткоўскай.
Маскалькова адзначыла, што Грыб прайшоў поўны мэдычны агляд і ніякіх цяжкіх захворваньняў, якія маглі б апынуцца перашкодай для ўтрыманьня пад вартай, у яго не знайшлі.
«У цяперашні час агульны стан здароўя Грыба П. І. ацэньваецца лекарамі-спэцыялістамі як здавальняючы, ён знаходзіцца пад дынамічным назіраньнем мэдычных работнікаў, атрымлівае прызначанае лячэньне ў амбуляторных умовах», — гаворыцца ў паведамленьні, да якога прымацаваная копія звароту Маскальковай.
Грыба затрымалі ў Беларусі ў канцы жніўня. Праз два месяцы стала вядома, што зьніклы ўкраінскі блогер знаходзіцца ў сьледчым ізалятары ў Краснадары. Бацька блогера сьцьвярджае, што яго сына выкралі супрацоўнікі ФСБ Расеі. Расейскія ўлады абвінавачваюць Грыба ў тэрарызьме. Паводле сьледзтва, украінец плянаваў падарваць бомбу на школьнай лінейцы ў Сочы. Адвакат сьцьвярджае, што рашэньне аб арышце суд прыняў яшчэ тады, калі яго падабаронны быў у Беларусі.
Расейскія сьледчыя сьцьвярджаюць, што Грыб ня быў выкрадзены з тэрыторыі Беларусі, а быў затрыманы ў мястэчку Ярцава ў Смаленскай вобласьці. Таксама, паводле сьледчых, Грыба абвясьцілі ў міжнародны вышук праз Інтэрпол яшчэ 12 жніўня. Чаму ён тады ня быў затрыманы на мяжы, калі 24 жніўня паехаў у Гомель, ні расейскі, ні беларускі бок не паведамляюць. Таксама як не паведамляецца, чаму Грыб нібыта паехаў у Расею.
Генэральнае консульства Ўкраіны ў Расеі прасіла зьмякчыць умовы ўтрыманьня Грыба, але суд адмовіўся гэта зрабіць. Эўрапейскі суд па правах чалавека патрабаваў дапусьціць да Грыба ўкраінскіх лекараў у сувязі з пагаршэньнем стану здароўя.