Пачаўся гістарычны візыт на Кубу прэзыдэнта ЗША Барака Абамы — упершыню амаль за 90 гадоў амэрыканскі лідэр ступіў на кубінскую зямлю. Апошнім перад ім востраў у 1928-м наведаў тагачасны гаспадар Белага дому Калвін Кулідж.
Яшчэ год-два таму фантастычнай падавалася сама магчымасьць, каб кіраўнік ЗША наведаў Кубу. Але здарылася неверагоднае: учорашнія антаганісты сядзяць насупраць адзін аднаго, абмяркоўваюць палітычныя рэформы і інвэстыцыі ў зьнясіленую эканоміку. За два дні ў Гаване Барак Абама паўдзельнічае ва ўрачыстым прыёме ў свой гонар ад імя прэзыдэнта Рауля Кастра, правядзе сумесную зь ім прэсавую канфэрэнцыю, а таксама сустрэнецца з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці. Лідэр кубінскай рэвалюцыі Фідэль Кастра ў праграме візыту ня значыцца.
Як бы ні скончыліся перамовы, зразумела адно: у адносінах суседніх дзяржаваў адгортваецца новая старонка. Ад 1959 году, калі байцы Фідэля зрынулі праамэрыканскую ўладу, паміж Вашынгтонам і Гаванай паўстала жалезная заслона. На пачатку 1960-х ЗША канчаткова разарвалі дыпляматычныя стасункі з камуністычным рэжымам, наклаўшы на Кубу гандлёвае эмбарга.
Толькі ў 2014 годзе пасьля працяглых сакрэтных перамоваў пры пасярэдніцтве папы Рымскага Францішка адміністрацыя Абамы прапанавала выдаліць Кубу са сьпісу краін — спонсараў тэрарызму, скасаваць забарону на ўзаемныя паездкі грамадзянаў, аслабіць фінансавыя абмежаваньні, пашырыць тэлекамунікацыйныя сувязі і зьмякчыць гандлёвае эмбарга. Больш як праз паўстагодзьдзя, летам 2015-га, ЗША і Куба абмяняліся дыпляматычнымі прадстаўніцтвамі.
Зрэшты, нягледзячы на відавочны прагрэс у наладжваньні дыпляматычных і дзелавых кантактаў, да поўнай нармалізацыі адносінаў яшчэ далёка. Эмбарга ўсё яшчэ дзейнічае, скасаваць яго можна толькі галасаваньнем у Кангрэсе, аднак такое рашэньне блякуюць рэспубліканцы, якія лічаць яго пасьпешлівым. Афіцыйная Гавана патрабуе неадкладна дэакупаваць частку тэрыторыі ў Гуантанама, дзе дысьлякуецца амэрыканская вайскова-марская база з турмой для тэрарыстаў. Нарэшце, самі кубінскія ўлады не гатовыя да дэмакратычных пераўтварэньняў, жорстка перасьледуючы іншадумства — акурат перад прызямленьнем самалёта амэрыканскага прэзыдэнта затрымалі некалькі дзясяткаў жонак палітзьняволеных, актывістак руху «Жанчыны ў белым».
Праваабаронца Алесь Бяляцкі разам з калегам Валянцінам Стэфановічам наведаўся на Кубу незадоўга да сваёй палітычнай «пасадкі». На яго перакананьне, ад наступстваў прымусовай саветызацыі кубінцы будуць ачуньваць яшчэ вельмі доўга. Адпаведна, на побытавым узроўні зьмены ад нармалізацыі кантактаў з Амэрыкай стануць адчувальныя ня так хутка, як таго б хацелася:
«Тое, што цяпер адбываецца паміж дзьвюма дзяржавамі, я ўсё ж не называў бы зьменамі кардынальнага парадку. Хоць бы таму, што яны датычаць абсалютна канкрэтных рэчаў. Інфармацыі пра нейкія дамоўленасьці паміж урадамі ЗША і Кубы ня так багата, прынамсі да нас яна не асабліва даходзіць, таму можна толькі здагадвацца, што гэтыя пагадненьні былі абумоўленыя палітыкай „крок за крок“. У прынцыпе, гэтаксама Эўразьвяз дзейнічаў і зь беларускім урадам: мы ня раз чулі заявы эўрапейскіх палітыкаў, што Эўразьвяз скасуе санкцыі супраць Беларусі толькі ў выпадку вызваленьня палітычных зьняволеных.
Штосьці падобнае ёсьць і ў адносінах да Кубы, хоць там гэтыя зьмены нашмат больш прыземленыя. Напрыклад, за вызваленьне палітзьняволеных і краіна, і самі кубінцы атрымаюць пэўныя эканамічныя льготы. Скажам, магчымасьць наведваць востраў і, адпаведна, з Кубы езьдзіць да сваякоў у ЗША. Нейкія элемэнтарныя рэчы, якія ў нас на сёньняшні дзень і так ёсьць. Як бы там ні было, але ўсё ж савецкія часы мінулі, межы ўжо не жалезныя. А інфармацыйныя — яшчэ больш празрыстыя ў параўнаньні з той жа Кубай, дзе чалавек проста ня мае магчымасьці набыць кампутар і мець выхад у вольны сьвет (як на іхнія заробкі, гэта каштуе велізарных грошай). Такім чынам, там адбываецца размарозка поўнай ізаляцыі, поўнай адсутнасьці кантактаў, што яшчэ зусім нядаўна было паміж Вашынгтонам і Гаванай».
На мяжы 1950–60-х барацьба Масквы і Вашынгтона за кубінскі фарпост ледзь не спрычынілася да разьвязваньня Трэцяй усясьветнай вайны, але ўрэшце прывяла толькі да таго, што на «Востраве Свабоды» ўсталяваўся прасавецкі рэжым. Паводле некаторых зьвестак, на Кубе за ўсю карыбскую кампанію пабывала больш за 100 тысяч вайскоўцаў і цывільных спэцыялістаў з СССР, хоць для афіцыйнага карыстаньня называлася лічба ўтрая меншая.
Адзін з тых, хто ў якасьці «вайсковага дарадцы» — «ваеннага саветніка» — тры гады адслужыў на Кубе, — Мікалай Трухан. У 1965-м, незадоўга да дэмабілізацыі, атрымаў з рук Рауля Кастра ганаровы дыплём за ягоным подпісам. Да 50-гадовага юбілею антыамэрыканскай апэрацыі быў уганараваны граматай ад тагачаснага міністра абароны Беларусі Жадобіна. Адзначыла інтэрнацыяналіста і афіцыйная Гавана — да падзеі паўвекавой даўнасьці быў падрыхтаваны адмысловы мэдаль. Летась на 70-м годзе Мікалай Сьцяпанавіч памёр ад цяжкога захворваньня, а незадоўга да гэтага апавядаў Свабодзе пра першыя ўражаньні ад высадкі на Кубе.
Your browser doesn’t support HTML5
Увосень 1962-га 21-гадовы сяржант Трухан завяршыў курс навучаньня на пазыцыю каардынатнага разьліку ракетнага комплексу «С-75» клясу «зямля-паветра» ў вучэбным цэнтры ў Калінкавічах. Але замест атэстацыйных стрэльбаў на палігоне Ашулук камандаваньне прапануе альтэрнатыву — выкананьне інтэрнацыянальнага абавязку ў адной зь сяброўскіх краінаў. Неўзабаве каманда маладых спэцыялістаў прыбыла ў горад Пушкін пад Ленінградам. З салдатаў зьнялі вайсковую форму і, нягледзячы на кастрычнік, убралі іх у летнія строі — кашулі, баваўняныя штаны, плашчы. Так пачалося трохтыднёвае акіянскае падарожжа:
«Неяк у сярэдзіне дня прыходзім у порт Марыэль. Лістапад, гарачыня невыносная. Пячэ страшна, насы паабгаралі, кашулі з кароткімі рукавамі паразлазіліся ад поту. А паглядзець усё роўна цікава. Бачым, на прычале стаяць ваенныя КрАЗы, «Уралы». Я такіх страшных машын ня бачыў, столькі жалеза, танкі сапраўдныя! Нават кузаў жалезны, брызэнтам накрыты — душагубка. Іх былі дзясяткі. Побач кіроўцы і суправаджэньне ў цывільным — у бэрэтах, некаторыя адпусьцілі бародкі. Значыць, кіроўцы яшчэ да нас там апынуліся, трэба ж падвозіць-развозіць. Спускаемся, шыхтуемся, а машыны пад’яжджаюць, пад’яжджаюць. Усё ж 800 чалавек на караблі, па 20 на кожную — вось і лічыце. Паўтара тыдня развозілі ад Марыэля, «раскідвалі» па дарозе: ад раніцы да вечара, ад усходу да заходу.
Прычым усюды арганізаваныя ўрачыстыя сустрэчы: дзяўчаты белыя, чорныя, мэтыскі; паліцэйскія на кожным кроку, каб парадак не парушалі. Столькі радасьці, што мы прыехалі. А мы дурні дурнямі, ня ведалі, што ўвогуле адбываецца — ніхто ж толкам не тлумачыў. Толькі адна ўстаноўка: маўчаць, усьміхацца, не прасіць ніякай ежы і курыва. Дарэчы, з правіянту ў нас была выключна тушонка — ялавічная, рыбная. Дзесьці ўціхушку спынімся, перакусім, рэшткі зьбіраем — і ў кантэйнэры. Зь ежай яшчэ сяк-так, а вось курыць хацелася. А ў іх няма такой звычкі, каб стрэльнуць папяроску, адразу ўвесь пачак працягваюць, нават паліцэйскія. Мы ж не разумелі, што можа быць бясплатна, узьнікалі няёмкія сытуацыі... Ну вось, ехалі, калёна рабілася ўсё карацейшая, па дарозе людзей «адчаплялі».
Як расказваў Мікалай Трухан, уся савецкая місія на Кубе была абстаўлена нязграбнай спробай схаваць відавочнае. Найперш, поўная адсутнасьць вайсковай формы, а зварот паводле воінскага званьня цягнуў за сабой суровае пакараньне — нельга было выдаць, што за цывільным абліччам хаваецца нехта іншы. Бальшыня «камандзіраваных» былі прыпісаныя да аграрных гаспадарак, садовых таварыстваў і нават да сьвінакомплексаў. Усе лічыліся пры іх спэцыялістамі-кансультантамі, бо афіцыйна місія гучала як «аказаньне мэтадычнай і тэхнічнай дапамогі братняму кубінскаму народу».
Савецкая прышчэпка аказалася настолькі магутнай, што і больш як праз паўстагодзьдзя кубінскае грамадзтва фактычна закансэрваванае ў сваім разьвіцьці — пры тым, што ад сярэдзіны 1990-х Масква страціла да колішняга стратэгічнага саюзьніка ўсялякі інтарэс. Зрэшты, цяпер ёсьць спадзеў, што скасаваньне рэжыму ізаляцыі і ўзмацненьне амэрыканскай экспансіі ў пэрспэктыве ўсё ж дазволяць вярнуцца да паўнавартаснага жыцьця.