Акторка Сьвятлана Цімохіна — вядучы майстар сцэны Беларускага дзяржаўнага тэатру лялек. Працуе ў ім з 1988 году пасьля заканчэньня Беларускай акадэміі мастацтва. Сыграла дзясяткі роляў у дзіцячым і дарослым рэпэртуары. Сярод найбольш яркіх роляў апошніх гадоў — Паліна Андрэеўна і Маша ў спэктаклях паводле камэдыяў Антона Чэхава («Чайка. Вопыт прачытаньня» і «Драй швэстэрн»), Марта («Шлях на нябёсы» паводле Герхарта Гаўптмана), маці Генрыха («Шлюб» Вітольда Гамбровіча), Вядзьмарка («Інтэрвію зь вядзьмаркамі» Яўгена Карняга) і іншыя.
— Дзякую, Сьвятлана, што адгукнуліся на маю прапанову, і мы пагаворым у студыі Свабоды пра прафэсію актора, сучасны тэатар, натуральна, перадусім лялечны. Калі я запрашаў вас, вы запыталіся: чаму менавіта мяне? Паўтару зараз для слухачоў і чытачоў Свабоды, што я адказаў вам. Таму што вы прынцыпова трымаецеся за беларушчыну ў жыцьці й творчасьці, таму што, як мне падаецца, вы найбольш свабодная, незалежная з сваіх калегаў, а таксама таму, што вы зусім нядаўна адзначылі свой юбілей. Дарэчы, як справілі яго, як віншавалі вас у тэатры?
— Ніяк... Атрымала кветкі, пачула некалькі прыемных словаў і пайшла граць спэктакль.
— Чаму так? Вы шмат гадоў працуеце, столькі роляў сыгралі. Маглі б і бэнэфіс зладзіць, капусьнік нейкі, ці нават адмыслова на вас спэктакль паставіць...
— Ведаеце, у нашым тэатры гэта не прынята. Я ня памятаю, каб камусьці нешта такое рабілі. Дый ня памятаю, каб і ў іншых тэатрах Менску нешта падобнае рабілі. Мо час такі? Месца актора ў грамадзтве сёньня не такое значнае, як было раней.
— А хоць ляльку падарылі?
— Не, дзякуй Богу, бязь лялек абышлося (сьмяецца).
— Але ўсё ж вы падарунак атрымалі. Напярэдадні юбілею вам далі цікавую ролю, якой, як я ведаю, вы ганарыцеся — ролю Вядзьмаркі ў спэктаклі Яўгена Карняга «Інтэрвію зь вядзьмаркамі». Якімі словамі, якімі пераканаўчымі аргумэнтамі вы, выканаўца ролі адной з трох вядзьмарак, запросіце зараз на гэты спэктакль мяне, крытыка, і гледача?
Сьвятлана Цімохіна ў ролі Вядзьмаркі ў спэктаклі «Інтэрвію зь вядзьмаркамі»
— Па-першае, на пытаньне адкажу пытаньнем: навошта мы ўсе прыходзім у тэатар? У кожнага свая матывацыя. Хтосьці прыходзіць, каб адпачыць. Адразу скажу: гэты спэктакль не для адпачынку. Калі ж вам хочацца паразважаць на розныя сур’ёзныя тэмы, прыкладам, пра адказнасьць бацькоў за сваіх дзяцей, калі хочацца задаць сабе пытаньне і, магчыма, знайсьці адказ, чаму мы не заўсёды робім людзкія ўчынкі, у чым карані жорсткасьці, нянавісьці, тады спэктакль трэба глядзець. Ведаеце, інтэрвію зь вядзьмаркамі — гэта найперш форма дзеля размовы пра зло, нянавісьць, няспраўджанасьць жыцьцёвых спадзеваў. Пра гэта наш спэктакль.
— І, напэўна ж, усё гэта выяўляецца, як звычайна, у вашым тэатры празь яркую тэатральнасьць?
— Вельмі відовішчны спэктакль. Выдатная праца і рэжысэра Яўгена Карняга, і мастачкі Тацяны Нэрсісян. Такое відовішча магчымае толькі ў тэатры лялек. Мне, ва ўсялякім разе, так падаецца.
— І вось тут падаецца цікавым такое пытаньне. Беларускі дзяржаўны тэатар лялек — сярод найбольш папулярных у Менску. Тое, што граеце вы, што гралі, перадусім для дарослых, — мара для артыстаў любой драматычнай сцэны. Чэхаў, Шэксьпір, Мальер, Булгакаў, Гаўптман, Гашэк, Мэтэрлінк, Гамбровіч, нарэшце, Адам Міцкевіч, Уладзімір Караткевіч. Ці толькі ў высокай драматургіі і магчымасьцях сучаснага лялечнага тэатру прычына папулярнасьці вашага тэатру?
— Я мяркую, што гэта залежыць ад асобы рэжысэра. Ёсьць шмат рэжысэраў, але рэжысэраў-асобаў — адзінкі. Мне пашчасьціла працаваць з такім рэжысэрам, як Аляксей Ляляўскі. На мой погляд, у нашай краіне — гэта рэжысэр нумар адзін, і ня толькі сярод рэжысэраў лялечных тэатраў, а і драматычных таксама.
— Я з вамі пагаджаюся амаль цалкам, толькі б паставіў яго ў адзін шэраг зь яшчэ некалькімі моцнымі рэжысэрскімі індывідуальнасьцямі — Мікалаем Пінігіным, Алегам Жугждам, Валянцінай Ераньковай. Але ў чым адметнасьць Ляляўскага, які зрабіў тэатар такім, што і акторам у ім хочацца працаваць, і гледачам — туды хадзіць?
— Пачнем з таго, што гэты тэатар, такі тэатар пачаў ствараць ягоны бацька — Анатоль Ляляўскі. І Аляксей у новым часе, у згодзе са сваім талентам разьвівае закладзеныя бацькам традыцыі. Гэта чалавек зь бездакорным густам. Ён вельмі адукаваны, з добрай інтуіцыяй. Ляляўскі адчувае час, адчувае, што патрэбна сёньня. І яшчэ, на мой погляд, на дзень сёньняшні рэдкую якасьць мае — сьмеласьць, рэжысэрскую і чалавечую. Ён не баіцца сказаць са сцэны і ўвогуле ўголас тое, за што можна атрымаць па галаве. Ён сьмелы і свабодны.
— Ня сумна працаваць усё жыцьцё з адным галоўным рэжысэрам, хай і вельмі таленавітым, крэатыўным?
— Па-першае, у тэатры ставяць спэктаклі і іншыя рэжысэры. А па-другое, зь Ляляўскім не засумуеш, бо ён увесь час адкрыты і скіраваны на экспэрымэнты. Дае экспэрымэнтаваць і іншым. Дарэчы, аўтар спэктакля «Інтэрвію зь вядзьмаркамі» Яўген Карняг — гэта вучань Ляляўскага.
— Увогуле ў Беларусі сёньня лялечныя тэатры — сярод лідэраў. Акрамя вашага тэатру, можна казаць пра лялечныя тэатры ў Горадні, Берасьці, Магілёве, Віцебску. Яны заваёўваюць нацыянальныя прэміі, у іх больш замежных гастроляў, пра лялечныя тэатры больш пішуць крытыкі. Пра што гэта сьведчыць? Пра крызіс драматычнага тэатру з усімі яго складнікамі, ці пра тое, што сучасны глядач аддае перавагу сынтэтычным мастацтвам? Чаму тэатры лялек у творчых пошуках апярэджваюць тэатры драматычныя? Як вы лічыце?
— Мы насамрэч не баімся зьмешваць на сцэне розныя жанры, карыстацца магчымасьцямі суседніх відаў мастацтва. Выкарыстоўваем прыёмы плястычнага тэатру, тэатру драматычнага, кіно, мультыплікацыі. Менавіта з сынтэзу цікавае і атрымліваецца.
— Сёньня вы ўжо больш на сцэне, выйшлі з-за шырмы. А быў жа час, калі вы і на тэлебачаньні дзесьці пад сталом сядзелі зь лялькай на знакамітых «Калыханках»...
— Было такое.
— Цяжка адбываўся гэты пераход? І ці паўнавартасна артыст-лялечнік існуе ў сур’ёзнай драматычнай ролі, калі ён і целам, і голасам, і мімікай адкрыты гледачу? І пры гэтым усё ж не пакідае цалкам ляльку або гуляе зь ёй?
— Да гэтага нас рыхтавалі яшчэ ў тэатральным інстытуце. Я вельмі ўдзячная за гэта сьветлай памяці рэжысэру Андрэю Андросіку, які выкладаў у нас, як тады казалі, жывое майстэрства. Магчыма, дзякуючы яму і навучаньню гэтаму «жывому майстэрству» я і засталася ў прафэсіі, бо ў інстытуце былі думкі пакінуць гэта ўсё. А ў тым, што мы ня толькі працуем на сцэне як драматычныя акторы, а і гуляем зь лялькай, у гэтым сынтэтызьме і ёсьць наша, актораў лялечнага тэатру, шчасьце.
— А калі праходзіце каля тэатру імя Купалы, які ад вашай сцэны па дыяганалі праз дарогу, ніколі сэрца не шчымела, што хочаце, хацелі працаваць там?
— Што вы?.. Я ж такая шчасьлівая, што ў ляльках працую. Ніколі. Мне здаецца, што актор у драме вельмі абмежаваны праз амплюа, узрост, чалавечыя якасьці, а ў артыста тэатру лялек магчымасьцяў болей. Сёньня раніцай можаш птушачкай на сцэне быць, а ўвечары — гераіняй Чэхава.
— Вы кажаце, што артыст драмы абмежаваны ўзростам. Але ж лічыцца, што творчае жыцьцё артыста лялечнага тэатру карацейшае, можа толькі крыху даўжэйшае, чым у артыстаў балету. Дарэчы, у колькі гадоў пачынаюць выпраўляць на пэнсію?
— Дваццаць гадоў прастаяў на сцэне — і на пэнсію. Я ўжо два гады як магу не працаваць. Але я зьбіраюся вельмі доўга быць яшчэ на сцэне, хоць і ня ведаю, як там атрымаецца. Бо мне цікавы і сучасны тэатар, і сучаснае жыцьцё ўвогуле. І ў мяне такое прадчуваньне, што далей будзе яшчэ цікавей.
— Зараз давайце пагаворым пра беларускую мову і тэатар. Ведаю, што і вас, як і мяне, гэтая праблема трывожыць. Сёньня ў беларускім акторскім асяродзьдзі толькі некалькі чалавек, і яны вашы сябры, штодня размаўляюць на роднай мове. Бальшыня ж не гавораць па-беларуску і нават цураюцца гэтай мовы. У чым справа?
— Мне падаецца, што найперш гэта залежыць ад узроўню нашай адукаванасьці, на жаль. У школах не прышчапляюць любоў і цікавасьць да роднай мовы і літаратуры. Мяне не задавальняе наша школа, там адбываецца нешта ня тое. Можа, людзі і хацелі б ведаць беларускую мову, але...
— У вашым тэатры, дзіцячым тэатры, паводле свайго першапачатковага прызначэньня, спэктаклі ішлі і па-расейску, і па-беларуску. Цяпер, выглядае, на роднай мове меней. Вы аднолькава гралі і ў тых, і ў другіх. Беларуская мова — бар’ер для разуменьня сэнсу спэктакля дзецьмі? Горш успрымаюць? Не разумеюць? Ці праблема надуманая? Чаму ў вашым тэатры сёньня пераважае расейская мова над беларускай? Сто мэтраў ад вас — тэатар юнага гледача, дарэчы, у якім спэктаклі ідуць па-беларуску. І няма праблемаў.
Спэктакль ідзе па-беларуску. Дзеці глядзелі вельмі ўважліва, выдатна рэагавалі. Бацькі не разумелі
— Мне здаецца, што праблема надуманая бацькамі. Я назірала за публікай у залі на прэм’еры дзіцячага спэктакля «Пясочны замак». Спэктакль ідзе па-беларуску. Дзеці глядзелі вельмі ўважліва, выдатна рэагавалі. Бацькі не разумелі. Мне здаецца, дзеці крыху інакш успрымаюць мастацтва — не заўсёды праз слова, больш праз тое, што яны бачаць на сцэне, што адчуваюць. Таму тэатар мог бы больш адукоўваць дзяцей...
— Дык чаму ваш тэатар адыходзіць ад моўнай адукацыі?
— Цікавае пытаньне. Мы ж залежым ад касы, вы ведаеце. Гэта значыць, залежым ад колькасьці гледачоў, якія прыйдуць да нас у тэатар. А гэта залежыць ад тых людзей, якія займаюцца распаўсюджваньнем квіткоў. І гэтыя людзі не заўсёды прыязна ставяцца да беларускай мовы. Яны не разумеюць і ня хочуць зразумець, чаму спэктакль ідзе на беларускай мове. Для іх мова — гэта паказьнік якасьці.
— Сёньня ж сярод моладзі столькі патрыётаў, якія жадалі б пашыраць беларускую мову. Можа, павыганяць усіх гэтых распаўсюджвальніц, набраць маладых, нават у якасьці валянтэраў, калі няма чым плаціць? Была б добрая воля кіраўніцтва і трупы, і справа пайшла б.
— Гэта воля кіраўніцтва, натуральна. Але ж існуе і праблема драматургіі. Ня так шмат у нас добрай нацыянальнай дзіцячай драматургіі. Ідзе ў нас на беларускай мове добры спэктакль «Марынка-крапіўніца» Артура Вольскага і Петруся Макаля. І дзеці яго выдатна ўспрымаюць. Спэктакль карыстаецца посьпехам. Ёсьць у нас яшчэ адзін беларускамоўны дзіцячы спэктакль, гэта адзін з самых маіх любімых спэктакляў, — «Чаму старэюць людзі?» Анатоля Вярцінскага. Самае цікавае, што ён аднолькава карыстаецца посьпехам і сярод дзяцей, і сярод бацькоў.
— Але ж можна перакладаць на беларускую мову і замежную драматургію. «Піпі доўгаяпанчоха» ёсьць у выдатным беларускім перакладзе, а ў вас спэктакль на расейскай мове. Хіба Ліндгрэн пісала па-расейску? Але гэта ўжо пытаньне не да вас асабіста... Вы ўжо сказалі, што прафэсія артыста — вельмі залежная. І ад рэжысэра, і ад дырэкцыі, і нават самога месца працы, асабліва ў Беларусі. Тут вельмі вузкі рынак працы для актора. Усяго толькі некалькі перапоўненых акторамі трупаў, кіно практычна няма. Бяда з радыё і тэлебачаньнем. Яны спрэс дзяржаўныя, несвабодныя. Там ужо зусім не акторскі фармат. Так што дзьвярыма свайго тэатру ня грукнеш. Хіба што кідаць прафэсію. Ці адчуваеце вы сябе свабоднай у такой сытуацыі? Як быць свабодным у прафэсіі і ўвогуле ў тэатры ў сучаснай Беларусі?
— Акурат учора ў размове з калегай мы прыйшлі да высновы, што ў нашым тэатры мы жывем не ў найгоршых умовах. У нашым тэатры мы — свабодныя людзі. Сапраўды. Я кажу шчыра. І тлумачэньне — у асобе галоўнага рэжысэра. Аляксей Ляляўскі — вельмі свабодны чалавек. Дух свабоды ён падтрымлівае ў кожным з нас. Яму цікава працаваць, размаўляць са свабоднымі людзьмі. Ён гэта цэніць.
— А можа быць свабодным актор, творца пры такіх заробках, якія сёньня існуюць? Вас не зьневажае, што ваша праца так нізка ацэньваецца ў грашовым вымярэньні заробкаў? Як выжывае актор у Беларусі?
На жаль, і статус прафэсіі часьцей за ўсё некаторыя вымяраюць заробкамі. Гэта калі, прыкладам, вахцёр у тэатры лічыць сябе больш важным за актора
— Зьнявага ў гэтым ёсьць, шчыра кажучы. На жаль, і статус прафэсіі часьцей за ўсё некаторыя вымяраюць заробкамі. Гэта калі, прыкладам, вахцёр у тэатры лічыць сябе больш важным за актора. Як выжываць? Неяк жа выжываем. Шукаем нейкія заробкі на нейкіх здымках. У рэклямах. Але зь цягам часу такіх заробкаў становіцца ўсё меней і меней.
— А вось іншае вымярэньне ацэнкі працы актора сталічнага тэатру, дзяржаўнага. Працы цяжкай, бо гэта праца для дзяцей. Кошт квіткоў на вашы спэктаклі, падкрэсьліваю, складаныя, высокага ўзроўню, такі, што я нават саромеюся назваць лічбы: ад 30 да 50 тысяч рублёў. Столькі хіба што ў шапку кідаюць вулічным музыкам. Вас не зьневажае гэта?
— А я хачу паглядзець на гэтае пытаньне зь іншага боку. Мы ж адказваем за тых дзяцей, якія прыходзяць да нас. У Беларусі сёньня ня кожная сям’я можа дазволіць сабе пайсьці ўсім разам у тэатар. З аднаго боку, так: трэба падвышаць кошты, каб існаваць у гэтых умовах і рабіць годныя спэктаклі. Але хто да нас тады прыйдзе, якія людзі? Ня самыя забясьпечаныя людзі застануцца па-за тэатрам. Таму мы павінны падумаць і пра тых, у каго заробкі маленькія. Ведаеце, калі б былі высокія кошты на квіткі ў тэатар, то і мая дачка ніколі б туды не хадзіла. Я б не змагла дазволіць сабе купляць ёй квіткі. Напэўна, трэба падвышаць кошты, каб ствараць высокамастацкія спэктаклі, але я не лічу гэта выйсьцем. Гэта ня вырашыць усіх праблемаў тэатру.
— Праца актора, асабліва ў тэатры пераважна дзіцячым, нялёгкая, хоць і цікавая. Дзе знаходзіце сілы? Дзе, у кім, у чым знаходзіце аддушыну? Мо найперш са сваёй таленавітай дачкой, ужо добра вядомай сьпявачкай Паўлінай?
— Дзякуй за добрыя словы. Гэта сапраўды маё шчасьце, мая радасьць, мой гонар. Маё жыцьцё. Сама нават часам дзіўлюся: як у мяне атрымалася такая дзяўчына? І ўпартая, і ўпёртая, і ў той жа час сьціплая. Я ёй нават кажу: мо ня трэба быць такой сьціплай, сьмялей пра сябе трэба заяўляць. Яна ж адказвае: нешта спачатку трэба зрабіць, а пасьля хай людзі скажуць. Мне гэта вельмі прыемна. Ёсьць у яе засяроджанасьць на справе, і толькі потым пачынае раіцца з мамай. Але толькі тады, калі штосьці зроблена.
— Натуральна, калі яна была малая, вы чыталі ёй казкі, гулялі зь ёй у лялькі. А яна сьпявае вам калыханкі ці свае песьні?
— Я першая яе слухачка. Нават яшчэ на ўзроўні тэкстаў, якія сама ж і піша. Пасьля запіша песьню і кажа: «Мама, паслухай, ну што ты скажаш? Як артыстка — ці добра спрацавала я? Парай што-небудзь».
— Хвалюецеся за яе цяпер? Паўліна ж намінуецца на музычную прэмію «Адкрыцьцё году».
— Не, ужо не хвалююся. Я хвалявалася толькі на самым першым канцэрце, калі слухала яе. Цяпер я ведаю, што яна можа, у якім кірунку рухаецца. І сэрца спакойнае. І ня важна, ці атрымае яна гэтую ўзнагароду. Важна, што яе намінавалі. Гэта ўжо перамога. А далей будзе тое, што лёсам наканавана.
— Дзякуй за размову, Сьвятлана. Жадаю і натхненьня, і посьпехаў як вам, гэтак і Паўліне. Натуральна, і добрых заробкаў, ня толькі роляў і песень. А што б вы самі хацелі сабе пажадаць?
— Я хачу, каб было цікава жыць. Я хачу, каб кожны дзень штосьці цікавае адбывалася. І, ведаеце, апошнім часам такое здараецца. Вельмі хочацца, каб побач былі людзі, цікавыя, шчырыя. У мяне ёсьць некалькі такіх сяброў. І за тое, што такія людзі побач са мной, я ўдзячная лёсу.