Сваякі Пцічкіна чатыры месяцы дамагаюцца кампэнсацыі ад МУС. Міліцыя ігнаруе рашэньне суду

Ігар Пцічкін

Судовыя выканаўцы будуць прымушаць Міністэрства ўнутраных справаў выканаць рашэньне суду пра выплату кампэнсацыі сваякам загінулага ў СІЗА-1 Ігара Пцічкіна.

Маці і сястра ўжо чатыры месяцы намагаюцца атрымаць кампэнсацыю маральнай і матэрыяльнай шкоды, паведаміла праваабарончая ўстанова «Платформа».

23 сакавіка суд Заводзкага раёну Менску задаволіў пазоў сям’і Пцічкіна да Міністэрства ўнутраных справаў Рэспублікі Беларусі і абавязаў міністэрства выплаціць маральную і матэрыяльную шкоду ў памеры 30 000 беларускіх рублёў.

«Аднак у МУС Рэспублікі Беларусі вырашылі праігнараваць рашэньне суду Заводскага раёну і параілі пацярпелым зьвярнуцца ў дэпартамэнт выкананьня пакараньняў МУС Рэспублікі Беларусь, дзеяньнямі якога, на думку супрацоўнікаў сілавога ведамства, і была нанесеная шкода Жане і Ірыне Пцічкіным», — паведамляюць праваабаронцы.

У сваю чаргу дэпартамэнт адмовіўся выплочваць кампэнсацыю, спаслаўшыся на тое, што належным адказьнікам у справе прызнанае якраз міністэрства, якое і павінна выплаціць грошы.

Паўторны зварот сваякоў Пцічкіна ў МУС быў гэтаксама безвыніковым. Чыноўнікі перанакіравалі дакумэнты ў дэпартамэнт фінансаў і тылу, а той зноў адаслаў іх у дэпартамэнт выкананьня пакараньняў. А апошні зноў параіў зьвяртацца да міністэрства.

Прваабаронцы параілі сваякам Пцічкіна наўпрост зьвярнуцца да судовых выканаўцаў Цэнтральнага раёну Менску.

«На наш погляд, міністру ўнутраных справаў Рэспублікі Беларусі для захаваньня гонару мундзіра і росту даверу да свайго ведамства неабходна было б прынесьці прабачэньні пацярпелым і спрыяць хутчэйшай кампэнсацыі нанесенай яго супрацоўнікамі шкоды, а ня ўцягвацца ў дробязнае зьвядзеньне рахункаў зь сям’ёй загінулага зьняволенага. Гэта ўсяляла б у грамадзян куды больш даверу да міліцыі, чым форма НКВД», — лічаць праваабаронцы «Платформы».

Ігар Пцічкін памёр 4 жніўня 2013 году, калі адбываў 3 месяцы арышту за тое, што кіраваў аўтамабілем, ня маючы правоў. Там да яго былі ўжытыя «меры фізычнага стрымліваньня ў выглядзе фіксацыі рамянямі», у такім стане малады чалавек знаходзіўся больш за 20 гадзін да моманту сьмерці.

Адміністрацыя ізалятару заявіла, што Пцічкін памёр ад сардэчнай хваробы, але сваякі выявілі на целе сінякі і сьляды пашкоджаньняў.