Кажуць: колькі вякоў існуюць турмы на Зямлі, столькі ж вякоў зь іх і ўцякаюць. За тысячагодзьдзі зьмяніліся ўмовы ўтрыманьня ў вязьніцах, само іх аблічча. Што тычыцца ўцёкаў, то самымі традыцыйнымі іх спосабамі спрадвек застаюцца падкопы ды подкупы.
«Закон суровы, але гэта закон»
Аўтарам і выканаўцам найбольш дзёрзкіх уцёкаў прысьвечана шмат кніг ды фільмаў. Але толькі вось помнік яшчэ да нашай эры паставілі таму, хто адмовіўся ад шанцу на вызваленьне і, сказаўшы «Закон суровы, але гэта закон», абраў сьмерць. Афінскаму філёзафу Сакрату.
У 399 годзе да нашай эры яго абвінавацілі ў тым, што «ён не шануе багоў, якіх шануе горад, а таксама ў тым, што разбэшчвае моладзь». Справу разьбіраў афінскі суд прысяжных і вынес 70-гадоваму Сакрату сьмяротны прысуд. Яго зьмясьцілі ў турму — гэта была пячора ў скале. Там Сакрата наведвалі сябры і вучні. Яны прапаноўвалі вызваліць яго, падкупіўшы вартаўнікоў ці іншым якім чынам. Алнак у адказ пачулі словы пра закон. У прызначаны час Сакрат прыняў кубак з атрутай. Пакараньне адбылося, бо так пастанавіў суд. Але неўзабаве афіняне пакаяліся ва ўчыненым. Галоўнага абвінаваўцу, які падаваў пазоў супраць Сакрата, пакаралі сьмерцю, а самому філёзафу паставілі бронзавую статую.
Вязьні бліжэйшых да нас часоў маюць іншыя прыярытэты. Яны выбіраюць свабоду. Нярэдка любой цаной, ахвяруючы законам, рызыкуючы ўсім сваім жыцьцём, праяўляючы пры гэтым высокі ўзровень авантурызму ды інтэлекту...
Зьміцер Дрозд: «Я заўсёды думаў пра ўцёкі»
Былы палітвязень, гісторык-архівіст Зьміцер Дрозд рыхтуе да выданьня першую кнігу пра Менскі турэмны замак, сёньня вядомы як «Валадарка». Ён узгадвае, што яго самога арыштавалі першага лютага 2011 году. Пятага траўня быў прысуд — тры гады «за ўдзел у масавых беспарадках». І да пятнаццатага чэрвеня ён праседзеў у менскім турэмным замку, а потым два месяцы — у бабруйскай калёніі. Выйшаў на волю ў жніўні праз памілаваньне.
Зьміцер кажа, што, седзячы на «Валадарцы», а потым у Бабруйску, ён шмат думаў пра ўцёкі. Высьветлілася, што калісьці вязьні даволі рэгулярна ўцякалі з гэтага турэмнага замку. Пазьней ў бабруйскай калёніі ён непасрэдна сутыкнуўся з тым, што адзін зь вязьняў спрабаваў уцячы на волю. Гэтыя думкі ды веды і сталі «стартам для дасьледаваньня», кажа Зьміцер:
Я даў сабе слова, што калі выйду на свабоду, то займуся дасьледаваньнем гэтага замка
«Атрымалася, што мая камэра выходзіла на гэты замак, і ўвесь вольны час я глядзеў у вакно на яго. Мне было цікава што-небудзь пра яго пачытаць, таму што дасьледаваньняў не было ніколі сур’ёзных, а будынак — адзін з самых старых, што захаваліся ў Менску. Яму будзе хутка дзьвесьце гадоў, і ўвесь час там была турма. І я даў сабе слова, што калі выйду на свабоду, то займуся дасьледаваньнем гэтага замка, і вось ужо каля году я гэта раблю. Буду бліжэйшым часам выдаваць кнігу. Першая якраз будзе прысьвечаная ўцёкам з турэмнага замка, якіх за ўсю яго гісторыю было даволі многа».
Your browser doesn’t support HTML5
Але, — адзначае Зьміцер, — усе дакумэнты пасьля 1917 году або дагэтуль засакрэчаныя, або знаходзяцца ў КДБ ці ў МУС і недаступныя для дасьледаваньня. Таму праца тычыцца дарэвалюцыйнага пэрыяду. Усе дакумэнты ён знайшоў у Менску ў Нацыянальным гістарычным архіве. Захаваліся яны вельмі добра, хоць і раскіданыя па розных фондах.
«Гаворка можа ісьці пра дваццаць, трыццаць, сорак уцёкаў за ўвесь гэты час. Былі ўцёкі разнастайныя: падкопы, узломы і спроба прарвацца штурмам. Вілі вяроўкі, пераапраналіся, многа ўдалых уцёкаў. Паводле законаў, якія існавалі на той час, арыштанты, якія сядзелі малыя тэрміны — год-два-тры, — яны хадзілі на работы за межамі замка. Іх маглі паслаць чысьціць вуліцу, складаць дровы. І багата ўцёкаў было менавіта з такіх работ».
Калі ж казаць пра ўцёкі з самой турмы, то дасьледчык Зьміцер Дрозд знайшоў у архіве наступныя прыклады:
«Напрыклад, ёсьць гісторыя такая: пасьля паўстаньня 1831 году палонныя спрабавалі ўзьняць бунт, душылі наглядчыкаў, спрабавалі прарвацца, але не ўдалося адчыніць браму. А ёсьць такі выпадак, калі ўдалося вылезьці на дах замка, зьвіць вяроўку — на паддашку сушылася бялізна. Вяроўка атрымалася 25 мэтраў, па ёй спусьціліся з даху два арыштанты і ўцяклі.
Пасьля паўстаньня 1831 году палонныя спрабавалі ўзьняць бунт, душылі наглядчыкаў, спрабавалі прарвацца, але не ўдалося адчыніць браму
Была спроба іншая. Сама цагляная сьцяна мае шырыню семдзесят сантымэтраў, і ў ёй з камэры прабілі дзірку, але ня вонкі, а спрабавалі дабрацца да зямлі, каб зрабіць падкоп. Але адміністрацыя гэта выкрыла. Была створаная камісія, зрабілі малюнак дзіркі ў сьцяне — як яна ў разрэзе выглядала, яе памеры — каб чалавек мог вылезьці».
«У дакумэнтах усё пра вязьняў падрабязна запісана, — зазначае Зьміцер Дрозд. — Мы ведаем, чым гэтыя людзі займаліся. Мы нават ведаем, хто зь іх беларус, бо ўжо ў 1905 годзе пазначалася нацыянальнасьць, а ня толькі веравызнаньне. З дакумэнтаў ведаем, што адзін з арыштаваных скраў самавар. Ён пасядзеў год і ўцёк, а яму заставалася тры месяцы сядзець. І чаму ён уцёк — прычына засталася невядомай.
Многа было ўцёкаў вясной. Аднаго наглядчыка судзілі за тое, што 9 траўня ў яго два арыштанты ўцяклі, а літаральна праз два тыдні яшчэ адзін уцёк. Ну, вясна, людзям хацелася на свабоду. Кагосьці лавілі ў Гомелі ці ў Пінску. А некага ўдалося ў Менску схапіць. Але можна таксама прачытаць у справе, што арыштант ня быў схоплены. На той час за ўцёкі было ня вельмі моцнае пакараньне, таму такіх выпадкаў было даволі многа. Паводле шмат якіх дакумэнтаў, дасьледаваных мною, уцекачы так і не былі схопленыя».
Пра крымінальную справу Дуніна-Марцінкевіча стала вядома дзякуючы ўцёкам ягонага падзельніка
Вывучаючы гісторыю Менскага турэмнага замка, Зьміцер Дрозд натрапіў на невядомыя дакумэнты, якія тычацца асобы вядомага беларускага пісьменьніка ХІХ стагодзьдзя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Гісторык так расказвае пра гэта:
«Пакуль што мая знаходка, пра што, па-мойму, ніхто ня ведаў: у 1835 годзе ў турме знаходзіўся Дунін-Марцінкевіч, і зьвесткі пра яго — у зьвязку з уцёкамі арыштанта Чапкоўскага. Незразумела нават, як той уцёк. Былі розныя вэрсіі: што ён пераапрануўся ў наглядчыка і выйшаў праз вароты. Ці вяроўкі нейкія былі знойдзеныя. У турме адбываўся вобшук, і ў Дуніна-Марцінкевіча знайшлі вялікую суму грошай. Ён там быў толькі тыдзень, і захаваліся тры дакумэнты. А Чапкоўскі сядзеў за падробленыя дакумэнты, сядзеў разам з Марцінкевічам па адной справе.
Рэч у тым, што Чапкоўскі, — удакладняе Зьміцер, — у менскім дваранскім дэпутацкім сходзе займаўся радаводамі, доказам дваранскіх правоў. Ён даў паказаньні, што разам з Марцінкевічам яны выраблялі пячаткі старыя, разам пісалі гэтыя дакумэнты. Карацей, Марцінкевіч быў арыштаваны па справе аб падлогу гэтых дакумэнтаў. Дагэтуль факт быў невядомы. Паводле іншых дакумэнтаў, ён знаходзіўся пад хатнім арыштам.
Гэта была тады вядомая справа: у іх былі вялізныя магчымасьці, яны маглі падрабіць любы радавод, упісвалі ў актавыя кнігі, у мэтрычныя кнігі, цалкам рабілі людзям радаводы. А радавод даваў тады чалавеку вялікія магчымасьці, асабістую свабоду ў тым ліку. Было многа ўдзельнікаў, яны займалі пасады ў розных установах. Падраблялі купчыя паперы, пячаткі».
Падобна, што Марцінкевіч не адно дзесяцігодзьдзе гэтым займаўся, зазначае гісторык. Бо ў 1844 годзе яго яшчэ раз арыштавалі за гэта. На той час гэта быў добры бізнэс. Колькі мог каштаваць прыдуманы радавод? Сказаць дакладна цяжка, але выглядала, што зарабляў Дунін-Марцінкевіч нядрэнна, мяркуе Зьміцер Дрозд:
«У Марцінкевіча быў зроблены вобшук пасьля ўцёкаў Чапкоўскага, Была знойдзена ў кішэні вялікая сума — сорак паўімпэрыялаў і сорак галяндзкіх залатых, прыблізна тысяча рублёў срэбрам. Гэта цана добрага маёнтку на той момант, разам з прыгоннымі. Значыць, ён нядрэнна зарабляў. У гэтай справе быў замяшаны сам начальнік турмы. Яму Чапкоўскі, знаходзячыся ў турме, таксама пісаў нейкія дакумэнты, дапамагаў начальніку турмы ў доказе ягонага дваранства. Словам, усе адзін аднаго ведалі. Справу замялі, хутчэй за ўсё».
Пасьля 1917 году з «Валадаркі» яшчэ нікому не ўдалося пасьпяхова ўцячы
Наколькі рэальна ўцячы з «Валадаркі» сёньня, якія шанцы вязьні маюць на тое, каб іх не схапілі? Былы начальнік менскага СІЗА № 1 Алег Алкаеў кажа, што паспрабаваць уцячы можна. А вось каб не схапілі — наўрад ці. Паводле ягоных словаў, уцякаюць збольшага з так званай «хіміі».
Што тычыцца «Валадаркі», то, паводле Алега Алкаева, зь яе пасьля 1917 году ўцячы не ўдалося яшчэ нікому. «Зьмешчаныя ў інтэрнэце зьвесткі пра тое, што адзіным выключэньнем быў Дзяржынскі, ніякага дакумэнтальнага пацьверджаньня ня маюць».
Your browser doesn’t support HTML5
Самому Алкаеву даводзілася сутыкацца са спробамі ўцёкаў і спыняць іх. Таксама ён выкрываў спробы падкопаў. Гэта было падчас службы ў Казахстане. Каб хтосьці праз падковы ўцякаў у Беларусі, такога на ягонай памяці не здаралася. Тут крымінальнікі ня строяць такіх дзёрзкіх плянаў, як, напрыклад, у Расеі ці ў Амэрыцы, дзе, бывае, задзейнічаюць гелікоптэры або пераапранаюцца ў турэмнікаў.
(Відэа — уцёкі, якія зафіксавала відэакамэра. Пераапранутыя ў паліцэйскую форму байцы наркасындыкату ўварваліся ў турму ў мэксыканскім штаце Сакатэкас і вызвалілі больш за 50 зьняволеных. На ўсю апэрацыю бандытам спатрэбілася толькі 5 хвілін.)
І Алег Алкаеў, і іншыя ўдзельнікі праграмы лічаць, што ўцякаць з турмы вязьні перастануць вельмі і вельмі няхутка. Нават пры самым жорсткім турэмным рэжыме ў Беларусі знойдуцца тыя, хто пойдзе на гэта, цалкам усьведамляючы рызыку, што могуць застрэліць.
Былы асуджаны Ігар Міхнавец: «На мой погляд, матывацыя ў такіх людзей толькі адна: у цяперашніх умовах беларускай пэнітэнцыярнай сыстэмы дзесяць гадоў — гэта ніколі. Лепш ня жыць увогуле, чым тыя 10 гадоў за кратамі. Лепш рашыць усё адным разам».
Умоўна свабодным прабыў тры гадзіны
Ігар Міхнавец можа прывесьці нямала выпадкаў, пра якія ведае не па чутках, а зь першых вуснаў. Адну гісторыю, якую апавёў яму сам колішні ўцякач, Ігар нават спэцыяльна для нашай праграмы запісаў на дыктафон. Пра тыя ўцёкі, якія здарыліся напрыканцы мінулага стагодзьдзя падчас вывазу падсьледнага з «Валадаркі» на сьледчы экспэрымэнт, у свой час нават пісаў «Вячэрні Мінск». Сёньня герой аповеду — пасьпяховы прадпрымальнік, а таму прасіў не агучваць ягонага імя.
«Так, — кажа ён, — быў такі нарыс у „Вячорцы“. Павезьлі мяне ў Заводзкі раён на сьледчы экспэрымэнт.
Я плянаваў тыя ўцёкі на „Валадарцы“. Спрацоўваў інстынкт свабоды. Ісьці на суд з-за артыкулаў, якія на мяне навесілі, не хацелася. Таму адмыслова ішоў на яўкі з павіннай і настойваў на сьледчым экспэрымэнце.
І вось мяне прывезьлі пад канвоем на адну кватэру, нібыта на месца злачынства, для экспэрымэнту
Сьледчы быў са сваёй пішучай машынкай. У тыя часы такімі карысталіся, і яны былі па адной на кабінэт. Падчас допыту я ўзяў машынку ў рукі, працягнуў яе сьледчаму, кажу: „Трымай!“
Ён, вядома, узяў, ухапіўся за яе дзьвюма рукамі і трымаў. Я за гэты час выскачыў у вакно. Забег у суседні пусты стары дом, які быў на рэканструкцыі. Залез на самы верх, на бэльку нейкай кватэры. Сядзеў на той бэльцы гадзіны тры і адчуваў сябе ўмоўна свабодным.
Усё быццам бы абышлося, каб адзін мент, які быў без сабакі, сыходзячы, не падняў галаву
Потым зьявіліся мянты з сабакамі. Абышлі дом, але нічога не знайшлі. Усё быццам бы абышлося, каб адзін мент, які быў без сабакі, сыходзячы, не падняў галаву. Мяне раскрылі.
Залезьці наверх ніхто не рызыкнуў. Хутка на месцы апынулася міліцэйскае начальства на чале з намміністра. Намесьнік міністра кажа: злазь. Адказваю — не. Чаму? Таму што, мякка кажучы, біць будзеце. Не, абяцае ён, ня будзем. Усё роўна злавілі. Але ж увайдзі ў становішча сьледчага, яму тры гады да пэнсіі.
Зьлез. Тады за спробу ўцёкаў падсьледным тэрмін ня вешалі. Толькі асуджаным. Цяпер і падсьледным такое сьвеціць.
У выніку ў мяне была „хімія“. Тэрмін адседзеў невялікі. Вызваліўся па ўмоўна-датэрміновым за добрыя паводзіны. Калі на судзе чыталі маю характарыстыку, судзьдзя сказаў: з такой за краты не прымаюць.
Пасьля адседкі жыцьцё паволі ўвайшло ў каляіну. Вось бізнэс легальны маю. Нібыта нядрэнна атрымліваецца. А што застаецца рабіць?»
Былі і больш складаныя спробы ўцёкаў, — узгадвае Ігар. Напрыклад, у Івацэвічах, дзе яму самому даводзілася сядзець неаднойчы. Кемлівыя хлопцы вырашылі ўцячы проста з бараку. Яны прарылі падкоп пад усёй так званай забароннай зонай. І ўцяклі б — каб не пытаньне ўтылізацыі пяску. Так адміністрацыя і выкрыла той падкоп. Геніяльнасьць задумы была ў тым, што хлопцам удавалася выносіць пясок непрыкметна. У кішэнях, торбачках. І гэтаксама непрыкметна пазбаўляцца ад яго. Прарылі тады каля 20 мэтраў.
Пасьля 1991 году «пасьпяховыя ўцёкі»здараліся рэдка
«Ва ўсякім разе, на маёй памяці толькі адзін выпадак, — кажа Ігар Міхнавец, сядзелец з немалым стажам. — Гэта было ў Воршы, у ПК-12, у 1992 ці 1993 годзе. Цяпер там турэмная лякарня для хворых на сухоты. А тады ўтрымліваліся і хворыя, і здаровыя разам. Побач з турэмным баракам быў плот, на які паклалі дошку, прайшлі па ёй ды скочылі. У тых людзей была нейкая падтрымка. Іх хтосьці чакаў на волі. Да таго ж і хлопцы тыя вельмі разумныя былі. Аднаго, зь Пінску, звалі Кот. Яго ды іншых не знайшлі і дагэтуль.
Адзін з ахоўнікаў павесіўся на вышцы. І ў галасах зэкаў — столькі крыўды ды мацюкоў: ай, каб мы ведалі, што ён уначы павесіўся!
Яшчэ некаторыя прыклады складаных уцёкаў. Два браты-блізьнюкі, адзін асуджаны калёніі строгага рэжыму, другі — вольны чалавек. Вырашылі на некаторы час памяняцца месцамі. Гэта ўдалося. Аднак хутка „вольны“ выдаў сябе тым, што ня ведаў, як паводзіць сябе сярод ЗК.
Таксама выпадак у Берасьцейскім СІЗА, калі шасьцёра разабралі мур. Ім пагражала па 20–25 гадоў, але цягам некалькіх тыдняў іх злавілі».
Your browser doesn’t support HTML5
Уцякаюць нават «пакрыўджаныя»
Сьведкам такога выпадку быў і былы палітзьняволены Зьміцер Дрозд. Ён лічыць, што інстынкты самазахаваньня ды імкненьня да свабоды – у прыродзе бадай кожнага чалавека.
Дрозд: «У бабруйскай калёніі, калі я знаходзіўся ў карантыне, у нейкі момант усе заўважылі, што вакол пачалі бегаць туды-сюды ахоўнікі, потым нават прывялі сабаку. Хутка зьявілася начальства. Пазьней стала вядома, што адзін з арыштантаў паспрабаваў уцячы. Гэта быў зэк з так званым «нізкім статусам». У карантыне было два такія зэкі. Яны займаліся самай бруднай працай, у тым ліку мыцьцём прыбіральні. У такіх сядзельцаў усё асобнае, нават кабінка ў прыбіральні. Туды не заходзіць ніхто акрамя «пакрыўджаных».
І вось высьветлілася, што той зьняволены прабіў дзірку ў падлозе прыбіральні, прабраўся ў склеп, напэўна, спадзеючыся, што адтуль можна будзе выбрацца на волю. Аднак там у склепе яго і злавілі. Пра яго далейшы лёс нічога невядома.
На зоне распавядалі, што да гэтага, аднак, была адна ўдалая спроба. Ня ведаю, калі менавіта, але тады адзін арыштант таксама зь нізкім статусам уцёк, схаваўшыся ў паддоны — прадукцыю, якая вывозілася з промкі.
Яшчэ, я ведаю, недзе 10 гадоў таму, была спроба ўцёкаў з колішняй менскай калёніі на вуліцы Апанскага (цяпер Кальварыйская). Тады зэку ўдалося выбрацца на гарышча, але там яго і злавілі»
Паводле былога асуджанага Ігара Міхнаўца, уцёкі здараюцца яшчэ і таму, што ў папраўчых установах — пэўныя праблемы з вартаўнікамі:
«У іх там ня ўсё добра з кадрамі. Памятаю выпадак у Навасадах. Раніца. Хуткая заяжджае ў калёнію. Уся адміністрацыя на нагах. Зэкам цікава. Глядзім з вокнаў. Аказваецца, адзін з ахоўнікаў павесіўся на вышцы. І ў галасах зэкаў, якія часам бываюць на дзіва сэнтымэнтальнымі, замест сантымэнтаў — столькі крыўды ды мацюкоў: ай, каб мы ведалі, што ён уначы павесіўся! Ня ўсё добра і сярод тых, хто выконвае пакараньні».