Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Паразыты ў вязьніцах Беларусі і Літвы"


Сярод асноўных тэмаў перадачы:

"Сёньня яшчэ горш чым у 1990-я". Зь ліста асуджанага

"Ці не зашмат беларусаў сядзіць за кратамі і якая карысьць грамадзтву ад гэтага". Апытаньне гарадзенцаў

"Валадарка" паміж рэвалюцыямі: Гарун, Дзяржынскі, Нястроеў". Беларускія турмы: гісторыя і сучаснасьць

"Паразыты ў вязьніцах Беларусі і Літвы".


Зваротная сувязь


Нам можна напісаць на адрас: 220005, Менск-5, паштовая скрынка 111, або патэлефанаваць на аўтаадказьнік: +375 17 2 663952.

Свабода ў турмах, 21.08.2011, частка 1
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:12:55 0:00
Наўпроставы лінк

Свабода ў турмах, 21.08.2011, частка 2
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:12:41 0:00
Наўпроставы лінк


"Яшчэ горш, чым у 1990-я". Зь ліста вязьня

Асуджаны адной зь беларускіх калёній Сяргей М. напісаў ліст, у якім расказаў пра побытавыя ўмовы ва ўстановах пэнітэнцыярнай сыстэмы. Аўтар ліста параўноўвае сытуацыю з 90-мі гадамі і робіць выснову, што цяпер стала яшчэ горш. Асуджанаму Сяргею 40 гадоў. Тое пакаленьне, якім, паводле іншага нашага карэспандэнта зь месцаў пазбаўленьня волі, перапоўненыя беларускія турмы".

Упершыню Сяргей сеў за наркотыкі. Потым быў ізноў асуджаны, як сам лічыць — незаконна. Паводле аўтара, такіх, як ён, несправядліва асуджаных, хто ня мае звонку ніякай падтрымкі, марна траціць сваё жыцьцё і здароўе за кратамі, сёньня зашмат.

Сяргей піша:

"Ацэньваючы сытуацыю, я міжволі вяртаюся да мінуўшчыны, калі ўсё, паводле шмат чыйго азначэньня, было значна горш, і імкнуся зразумець, да чаго ж мы прыйшлі насамрэч. Бяру пэрыяд канца 1990-х.

Тады, прыбыўшы ў калёнію, кожны асуджаны меў пэўнае рэчавае забесьпячэньне. Гэты былі, сярод іншага, майкі, трусы, шкарпэткі. Сёньня нічога гэтага не выдаецца. Акрамя нацельнай бялізны, не выдаюць асуджаным неабходных сродкаў сангігіены — мыла, зубной пасты, туалетнай паперы, аднаразовых брытвы, хоць гэта і прадугледжана адмысловым дапаўненьнем да дзейнага палажэньня Савету міністраў. Усё гэта пры тым, што адсотак немаёмных у параўнаньні з канцом 1990-х стаў істотна вышэйшы.

Некаторыя іншыя параўнаньні зь нядаўнім мінулым. Ад пачатку 1990-х у папраўчай калёніі строгага рэжыму ў Івацэвічах утрымлівалася крыху болей за паўтары тысячы зьняволеных. Фактычна ўсе былі забясьпечаныя працай і мелі магчымасьць набываць неабходныя прадукты ў краме.

Сёньня ў калёніі 2,8 тысячы чалавек. 2/3 зь іх не працаўладкаваныя.

Раней у кожным атрадзе быў вольны пакой, дзе кожны зьняволены меў магчымасьць глядзець тэлевізар. Сёньня, у сувязі зь перанасяленьнем, усе памяшканьні жыльлёвыя. У нашым жа атрадзе канфіскаваныя ўсе, за выключэньнем аднаго, тэлевізары, набытыя за грошы асуджаных. Гэты тэлевізар разьлічаны на 140 чалавек. Як вы разумееце, пры ўсім самым вялікім жаданьні ўсе ў атрадзе паглядзець тэлебачаньне ня могуць.

Акрамя таго, у жыльлёвых сэкцыях не пакінулі аніводнай разэткі.

10 разэтак на 140 чалавек засталіся толькі ў невялічкім калідоры бараку шырынёй 1,5 м. У гэтым жа калідоры дзьверы, якія вядуць у 5 жыльлёвых сэкцый, а таксама капцёрку, кабінэт начальніка атраду, прыбіральню. У прыбіральні ўсяго 4 кабінкі, а ва ўмывальні ўсяго 5 кранаў.

Цяпер пра харчаваньне.

Маю на руках пастанову Савету міністраў.

Згодна зь ёй на кожнага чалавека ў суткі прыпадае: мяса (ялавічына, сьвініна, бараніна 1-й катэгорыі) 150 г.

Рэальна мяса маем у выглядзе нейкага перакручанага фаршу (незразумела з чаго), які кідаюць у кашу. Той, хто каштаваў гэта, ніколі не назаве гэта мясам і ня скажа, што паводле вагі гэта болей за 50 г.

Таксама нам павінны выдаваць рыбу па 100 г на чалавека. Наўрад ці падобная норма захоўваецца, бо рыба заўсёды падаецца на талерцы з галавой.

Цукар — 50 г. Выдаецца 200 г салодкай гарбаты, у якой максымум 20 г цукру.

Гародніна — 350 г. Усе забыліся, што значыць гэтае слова. За выключэньнем рэдкіх дзён, калі выдаюць або суп з буракоў, або суп з капусты.

Бульба — 500 г. Яе апошнім часам ня бачылі ўвогуле.

Шмат хто з асуджаных не атрымлівае ані грашовай дапамогі з дому, ані харчовых пасылак. Атаварыцца ў турэмнай краме няма за што. У выніку свайго нізкага матэрыяльнага стану гэтыя людзі нават ня могуць у адпаведнасьці з законам абскардзіць уласны прысуд. Няма элемэнтарна грошай аплаціць дзяржмыта.

Я катэгарычна супраць таго, каб абвінавачваць у сытуацыі выключна адміністрацыю калёніі, бо бачу праблему значна глыбей. Дзесьці пры канцы 1990-х — на пачатку 2000-х была абвешчаная ўзмоцненая барацьба са злачынствамі. На гэтым тле да неверагодных памераў былі разьдзьмутыя штаты праваахоўных органаў ды іншых сілавых структураў. Такім чынам, закон з абавязковага для ўсіх ператварыўся ў выбарковы. Апошнія дзесяць гадоў усяляк заахвочваецца дыскрымінацыя паводле прынцыпу: раней асуджаны павінен быць асуджаны зноў.

Тых, хто сядзіць за кратамі, мала зьдзіўляе тое, як абышліся з удзельнікамі падзеяў 19 сьнежня. Да гэтага ўсё ішло апошнія 10 гадоў. Аднак раней стогнаў з турмаў у грамадзтве ня чуў ніхто. Усім было пляваць на крымінальнікаў".


Так напісаў да нас у рэдакцыю асуджаны Сяргей.

Згодна з дадзенымі Міжнароднага цэнтру турэмных дасьледаваньняў (International Centre for Prison Studies), на 100 тысяч жыхароў у Беларусі прыпадае 468 асуджаных. Паводле гэтага паказьніку краіна займае ў Эўропе другое месца пасьля Расеі, а ў сьвеце — трэцяе-чацьвёртае. Сярэдні тэрмін пазбаўленьня волі ў Беларусі таксама адзін з самых высокіх у Эўропе — 6,3 года.

Ці не зашмат беларусаў сядзіць за кратамі і якая карысьць грамадзтву ад гэтага? З такім пытаньнем наш карэспандэнт зьвярнуўся да мінакоў на вуліцах Горадні. Як паказала апытаньне, большасьць рэспандэнтаў ня лічаць існуючае жорсткае пакараньне ў краіне мэтазгодным.

Беларускія турмы. Гісторыя і сучаснасьць


"Валадарка" паміж рэвалюцыямі: Гарун, Дзяржынскі, Нястроеў

Ты, мой брат, каго зваць беларусам,
Роднай мовы сваёй не цурайся;
Як ня зрокся яе пад прымусам,
Так і вольны цяпер не зракайся.

Ад дзядоў і ад прадзедаў, браце,
Гэты скарб нам адзін захаваўся,
У сялянскай аграбленай хаце
Толькі ён незабраны астаўся.

Ў старыну беларус, не падданы,
Гаспадарыў, быў сам над сабою
І далёка у сьвеце быў знаны
За літоўскай і ляскай зямлёю.

Але час прамінуў, і нядоля
На народ, як бы камень, звалілась,
Беларуская слава і воля
Адышла, адцьвіла, закацілась.

Не зьмяняючы шэрай апраткі,
Працаваў ты, як вол, гаратліва,
А у хаце тваёй недастаткі,
А на ніве тваёй неўрадліва.



Гэтыя радкі напісаныя ў 1910 і належаць Алесю Гаруну. Тады ён ганяў платы і здабываў золата ў Сыбіры. За тры гады да гэтага, у лютым 1907-га, 19-гадовага сябра менскай арганізацыі эсэраў-"максымалістаў" і карэспандэнта "Нашай Нівы" Аляксандра Прушынскага (такім было сапраўднае імя паэта) арыштавалі ў нелегальнай эсэраўскай друкарні ў Менску. У якасьці падсьледнага яго па абвінавачваньні ў антыдзяржаўнай дзейнасьці кінулі ў Пішчалаўскі замак, які пазьней стаў звацца "Валадаркай". Цікавая акалічнасьць: гадоў за сорак да гэтага ў гэтым жа астрогу, таксама ў якасьці палітвязьня, сядзеў Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. Менавіта гэтага пісьменьніка Алесь лічыў сваім першым літаратурным настаўнікам. Аповесьць Дуніна-Марцінкевіча "Гапон", выпадкова трапіўшы ў рукі, адкрыла яму прыгажосьць роднага слова і сфармавала яго як беларускага паэта.

Як утрымлівалі палітвязьняў у Пішчалаўскім замку

Падчас гадавога ўтрыманьня ў "Пішчалаўцы", а потым у віленскіх Лукішках Гарун сядзеў у камэрах побач з прадстаўнікамі самых розных палітычных рухаў, якія існавалі на той час у Беларусі — эсэрамі, сацыял-дэмакратамі, анархістамі, бундаўцамі ды іншымі. Да кастрычніцкага перавароту 1917 году ўсе гэтыя палітычныя ўтрымліваліся асобна ад крымінальных вязьняў і нават мелі шэраг прывілеяў.

Так, турэмная адміністрацыя мусіла зьвяртацца да палітычных няйнакш як на "вы". Правіла дзейнічала і ў дачыненьні да непаўналетніх вязьняў. Менавіта да такіх належаў Гарун (паводле тагачасных законаў Расейскай імпэрыі паўналецьце наступала ў 21 год). Таксама палітвязьняў было забаронена прымушаць да турэмнай працы. Вельмі істотны момант: палітычных кармілі лепш, чым агульнакрымінальных. Так, калі на харчаваньне агульнакрымінальнага вязьня Расейскай імпэрыі ў 1907 годзе выдзялялася 22 капейкі ў суткі, то на "кармавыя" палітычнага — 37 капеек. Гэта быў ня самы благі, як на той час, паёк. Практычна не абмяжоўваліся прадуктовыя перадачы з волі.

З архіўных дакумэнтаў

"Пачынаючы ад 1906-га да лютаўскай рэвалюцыі 1917-га палітвязьні "Пішчалаўкі" атрымлівалі грашовую дапамогу ад расейскага і міжнароднага пралетарыяту. Гэтага права палітычныя дамагліся, стварыўшы ў турме арганізацыю Чырвонага Крыжа. Па пошце ў кантору турмы паступалі грошы, якія запісваліся на рахунак пэўнага арыштанта і паводле ягонай просьбы патроху выдаваліся на харчаваньне. Фінансавую падтрымку праз Чырвоны Крыж арганізавала жонка Максіма Горкага Кацярына Пешкава. Адрасавалася яна пераважна сацыял-дэмакратам ды левым эсэрам. Што да прадстаўнікоў іншых палітычных рухаў — анархістаў, бундаўцаў, — то для іх падтрымкі ў тым жа 1906 быў створаны анархісцкі Чорны Крыж, які забясьпечваў вязьняў ежай ды зімовай вопраткай.

Акрамя таго, усе вязьні, як палітычныя, так і крымінальныя ў адпаведнасьці са Статутам расейскага крымінальнага судаводзтва ад 1864 году мелі права на мэдычную дапамогу за кошт казны, права на выкананьне рэлігійных абрадаў, права зьвяртацца з прапановамі, заявамі і скаргамі. Выкананьне ці невыкананьне гэтых правоў адсочвалася старастам, якога абіралі арыштанты той ці іншай камэры".

З нататак дасьледчыка крымінальнага сьвету царскай Расеі Рыгора Брэйтмана:

"Старасты выбіраюцца агульным галасаваньнем зь ліку дасьведчаных, разумных зьняволеных, якія маюць моцны характар, могуць уплываць на астатніх арыштантаў, размаўляць зь імі, разумець іх патрэбы. Менавіта старасты ўжо ўваходзяць у непасрэдныя дачыненьні з турэмным начальствам і нясуць адказнасьць перад ім за парадак у камэрах".

Дарэчы, вядома, што такімі старастамі ў розных астрогах абіралі і такіх рэвалюцыянэраў, як будучы заснавальнік савецкага ГУЛАГу Фэлікс Дзяржынскі і эсэр-максымаліст, будучы вязень гэтага ГУЛАГу Рыгор Нястроеў (Герш Цыпін). Дарэчы, абодва яны ў пэрыяд паміж рэвалюцыямі 1905 і 1917 гадоў былі і вязьнямі "Валадаркі".

Легенды пра Дзяржынскага і настальгія эсэраў па царскай турме

У наступныя дзесяцігодзьдзі некаторыя колішнія палітвязьні менскага астрогу, сярод іх, Фэлікс Дзяржынскі, увойдуць у савецкую гісторыю як сапраўдныя народныя героі, іншыя ж, як напрыклад, Алесь Гарун ды Рыгор Нястроеў — як так званыя "ворагі народу". Пра Дзяржынскага на "Валадарцы" складзецца нічым не пацьверджаная легенда, што менавіта яму, "жалезнаму Фэліксу", які сама меней чатыры разы праходзіў з этапам празь Менскі астрог, удалося перайграць царскіх турэмных вартаўнікоў і ўцячы зь Пішчалаўкі. Падобныя легенды пра Фэлікса, дарэчы, расказвалі і ў маскоўскай Бутырцы ды ў піцерскіх "Крестах". Лічылася, што савецкім людзям такія легенды патрэбныя.

Вязень Фэлікс Дзяржынскі



Што да эсэра-максымаліста Рыгора Нястроева, партыйнага паплечніка паэта Алеся Гаруна і бамбіста Івана Пуліхава, блізкага сябра менскіх тэрарыстак Аляксандры і Кацярыны Ізмайловіч, то ён лічыў, што дамагчыся справядлівага жыцьця праз парлямэнтарызм ды легальныя формы барацьбы немагчыма. Пры бальшавіках Нястроеў прыйдзе да сумнай высновы: царская турма, пры ўсёй ягонай нянавісьці да яе, — вяршыня лібэралізму ў параўнаньні з савецкім ГУЛАГам.

З нататак эсэра-максымаліста, савецкага палітвязьня Рыгора Нястроева

"Калісьці, у царскія часы, турма рабілася для многіх з нас сапраўднай школай. Пасьля цяжкага, напружанага падпольнага і нелегальнага жыцьця на волі, калі не хапала часу на сур'ёзную разумовую працу, калі не было сталага ўласнага кута і ты быў пазбаўлены ўсялякай магчымасьці займацца сыстэматычна, турма служыла месцам адпачынку, дзе можна пачытаць, падумаць, разабрацца ў сваіх думках, паспрабаваць выкласьці іх на паперы, яна рабіліся для рэвалюцыянэра месцам узмоцненай разумовай працы. Нам дазвалялі там чытаць нават "Капітал" Карла Маркса. Даставаць у Савецкай Расеі кнігі вельмі цяжка, амаль немагчыма. Нават у паперы і пісьмовых прыладах адчуваецца велізарная нястача. Пры такіх умовах сыстэматычная разумовая праца вельмі абцяжарваецца, і ў турме пануе вымушаная бязьдзейнасьць".

Так пісаў Нястроеў. У 1937 ён будзе арыштаваны як заходні шпіён, а ў верасьні 1941 году будзе расстраляны НКВД пад Арлом. Прыкладна тады ж і тамсама расстраляюць і ягоную сяброўку Аляксандру Ізмайловіч, дарэчы, у мінулым таксама палітзьняволеную "Валадаркі".

З Гаруном царскае правасудзьдзе не было лібэральным

Тым ня менш адносна лібэральнае, з гледзішча рэвалюцыянэраў — вязьняў ГУЛАГу, царскае правасудзьдзе абышлося з тым жа Алесем Гаруном вельмі жорстка. Як непаўналетні грамадзянін ён, паводле тагачасных законаў, мог разьлічваць на параўнальна мяккі вырак. Віленская судовая палата, улічваючы тое, што Прушынскаму няма яшчэ 21, асудзіла яго на 2 гады і 8 месяцаў турмы. Аднак сэнат Расейскай імпэрыі расцаніў прысуд як абуральна мяккі і вярнуў справу на паўторны разгляд… Распавядае пісьменьнік-гісторык Уладзімер Арлоў.

Арлоў: "У выніку небясьпечны беларус — рэвалюцыянэр ды яшчэ й паэт — быў асуджаны на высылку з пазбаўленьнем усіх правоў і пажыцьцёвым пасяленьнем у Сыбіры. Там Алесь ганяў плыты, здабываў золата, граў на змайстраванай сваімі рукамі скрыпцы і пісаў вершы — бунтоўныя, напоўненыя біблійнымі й філязафічнымі матывамі. Рукапіс першага зборніка "Матчын дар" прыйшоў у Вільню поштаю зь берагоў Лены.

У Беларусь Алесь вярнуўся ў 1917-м, ужо хворы на невылечныя тады сухоты. Аднак зацішнага жыцьця не шукаў. Браў удзел у стварэньні БНР, а ў дзень абвяшчэньня яе незалежнасьці, 25 сакавіка 1918-га, быў прызначаны рэдактарам газэты "Беларускі шлях". У ліпені 1920-га сябры занесьлі Гаруна ў санітарны цягнік. Не даехаўшы да курортнага польскага Закапанэ, Алесь памёр у Кракаве, дзе й быў пахаваны на Ракавіцкіх вайсковых могілках".

У 1947 годзе Алеся Гаруна сярод іншых беларускіх літаратараў абвясьцілі "здраднікам беларускага народу", да 1980-х гадоў яго творы не выдаваліся.

"Валадарка" пасьля 1917-га: як пачынаўся ГУЛАГ

Пасьля лютаўскай рэвалюцыі 1917 году, якая зрынула царскае самадзяржаўе, аўтаматычна вызвалілі большасьць палітзьняволеных. Дайшло да таго, што зь менскай губэрнскай турмы нават прыбралі ахову, таму што яна — "царская".

Тагачаснае выданьне "Минская газета" пісала:

"Варту нясуць самі арыштанты. Цяпер у турме — поўны парадак. Хваляваньні крымінальнікаў пад уплывам чутак пра магчымае зьмякчэньне ўмоваў утрыманьня ўлегліся. Парадак у турме захоўваецца ўзорны: днямі а гадзіне ночы памочніку начальніка турмы ўсе дзьверы адчыняў арыштант, асуджаны на 10-гадовую катаргу.

У сувязі з уцёкамі 8 сакавіка 1917 году некаторай колькасьці крымінальнікаў у многіх менчукоў зьявіліся апасеньні, што ў горадзе пачасьцяцца крадзяжы ды іншыя злачынствы. Аднак апасеньні ня спраўдзіліся — бальшыня тых, хто ўцёк, добраахвотна вярнулася ў турму альбо былі затрыманыя міліцыянтамі пры садзеяньні жаўнераў і мясцовых жыхароў".

Пасьля кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 году ў камэрах "Валадаркі" ізноў зьявіліся палітвязьні. Прычым у вялікай колькасьці. Іх садзілі ў адны камэры з крымінальнымі. Працаваць мусілі ўсе.

Кравецкая майстэрня, 1923 год. Фота: http://where-minsk.livejournal.com/94736.html

Па матэрыялах менскіх газэт 1917 году:

"У Менскім астрогу, чыя асноўная функцыя — "працоўны дом з пазбаўленьнем волі", дзейнічаюць пякарня, майстэрня па склейваньні папяровых капэртаў, а таксама швейная і кавальская майстэрні. У некаторых зь іх выконваюцца тэрміновыя заказы цэнтральнага карнага аддзелу Народнага камісарыяту юстыцыі, войскаў унутранай аховы і ўнутранай службы. "Пастаяльцы" турмы займаюцца віцьцём вяровак. Жанчыны-арыштанткі мыюць бялізну, прыбіраюць, мыюць падлогу ўнутры турмы".

У 1921 годзе губэрнскую турму пераймяноўваюць у Менскі губэрнскі папраўча-працоўны дом. У гэтым жа годзе старшыня ВЧК Фэлікс Дзяржынскі абвяшчае ў якасьці асновы асноў савецкай карнай палітыкі так званы "клясавы падыход".

З загаду старшыні ВЧК Фэлікса Дзяржынскага ад 8 студзеня 1921 году:

"Турма — для буржуазіі, таварыскае ўзьдзеяньне — для рабочых і сялян. Рабочых і сялян, якія правініліся, ня трэба разглядаць як клясавых нашых ворагаў. У дачыненьні да іх ды іх сваякоў, якія наведваюць іх у астрогу, трэба захоўваць як мага большую даступнасьць ды ветлівасьць. Каб жа падкрэсьліць адрозьненьні рабочага і селяніна ад варожай нам па клясе буржуазіі, рэпрэсіі ў дачыненьні да апошніх узмацніць. Датэрміновае вызваленьне буржуазіі недапушчальнае. У месцах зьняволеньня мэтазгодна ізаляваць буржуазію ад рабочых і сялян, а таксама стварыць для буржуазіі асобныя канцэнтрацыйныя лягеры".

Турма і здароўе


Адміністрацыя турмаў рэгулярна дае справаздачу аб скарыстаных сродках на дызэнфэкцыю і праведзеных працах па змаганьні з паразітамі. Чынавенства зьняпраўджвае заявы зьняволеных аб тым, што ў камэрах ёсьць вошы і блохі. Як насамрэч, распавядаюць самі вязьні:

"Паразыты ў турмах — заўсёдныя, а не адзінкавыя выпадкі"

Распавядае Тацяна Поклад

Адзін з нашых слухачоў, удзельнік ранейшых перадач, адбываў тэрміны пакараньня ў Беларусі і Літве, а цяпер жыве ў Вільні. Ён перадаў сваю заўвагу для "Свабоды ў турмах". Валеры Савянкоў:


"Слухаў пра ўмовы ўтрыманьня ў менскай вязьніцы на "Валадарцы", дзе сядзяць падсьледныя, інтэрвію былога начальніка СІЗА, які цяпер жыве ў Нямеччыне і да сёньняшняга дня стаіць на сваіх савецкіх пазыцыях чыноўніка-бюракрата: маўляў, пры ім усё было добра. Брэша ўсё".

Валеры Савянкоў скрытыкаваў камэнтар былога начальніка "Валадаркі" Алега Алкаева, дзе размова, у прыватнасьці, ішла пра скаргі вязьняў на паразытаў у СІЗА № 1 ды іншых беларускіх турмах.

Алкаеў: "Тараканы былі — не спрачаюся. Што да вошай, то ў сваім жыцьці я бачыў усяго два выпадкі. Тое, што цяпер пра гэта кажуць, гэта нешта новае для мяне".

Алег Алкаеў кіраваў "Валадаркай" пры канцы 1990-х. Валеры Савянкоў, які пасьля беларускіх турмаў адбываў тэрміны зьняволеньня ў Літве, цьвердзіць, што сам сядзеў у менскім СІЗА ў тыя часы:


"Людзі і тут, у нас, кажуць пра пацукоў у камэрах і пра тараканаў. І ўсё гэта ёсьць насамрэч. Хоць мы і належым да ЭЗ. Аднак нашы турмы гэтак жа перапоўненыя. І падобныя ўмовы ўтрыманьня Эўрапейскі суд нават прызнаў катаваньнямі. Гэта было і ёсьць. Аднак я ўяўляю сабе тое ж у беларускіх турмах, якія не падкантрольныя Эўрапейскай камісіі. Беларусь настолькі адбілася ад міжнароднага кантролю па турмах, што там магчыма ўсё".

"Вошы — сталая прыкмета СІЗА. Як у Беларусі, так і ў Літве"

У ранейшых перадачах Радыё Свабода ўжо гучалі сьведчаньні былых вязьняў на гэтую тэму. Паводле колішняга палітвязьня, віцебскага прадпрымальніка і вэтэрана міліцыі Сяргея Парсюкевіча, менскі СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага літаральна кішыць паразытамі. У перапоўненых, сырых, неправетраных і сьмярдзючых камэрах гэтага ізалятара яны жывуць у падушках. Самому Парсюкевічу змагацца з вошамі даводзілася двойчы, прычым, як ён кажа, "выключна пры дапамозе рук і добрага зроку — іншыя сродкі барацьбы з пэдыкулёзам на Валадарцы не прынятыя".

Гэта ўвогуле асаблівасьць сьледчых ізалятараў, якія звычайна перапоўненыя і дзе людзі ў камэрах зьмяняюцца часта.

Паводле былога палітвязьня Валера Леванеўскага, які па абвінавачаньні ў абразе прэзыдэнта шэсьць месяцаў чакаў прысуду ў сьледчым ізалятары, у гэтых установах створаны сапраўдны рай для блох і вошай. Так, за ўсе паўгода, што ён сядзеў у гарадзенскім СІЗА, ні ў яго, ні ў іншых падсьледных ані разу не ўзялі памыць тую адзіную зьмену адзеньня і нацельнай бялізны, у якіх яны трапілі ў камэру. Сам Леванеўскі мыў іх пад кранам з халоднай вадой.


Леванеўскі: "Неаднойчы пры мне здаралася, што прыводзяць чалавека ў камэру новенькага, ад якога гэтыя "вашывыя блохі" проста скачуць у розныя бакі. Дык я заўсёды выклікаў міліцэйскае начальства і казаў: пакуль не адмыеце, у камэру не пушчу. У СІЗА прадугледжаная санітарная апрацоўка такіх людзей, але ж ніхто яе ня робіць. Самая галоўная праблема, што няма незалежнага вонкавага мэдычнага кантролю. Толькі ўласны турэмны мэдычны пэрсанал. Аднак ён цалкам залежны ад турэмнага кіраўніцтва".

Пэдыкулёз, кароста ды іншыя падобнага кшталту захворваньні — норма для беларускіх сьледчых ізалятараў, перакананы колішні палітзьняволены, гарадзенскі прадпрымальнік і кіраўнік прававога інтэрнэт-праекту Валер Леванеўскі.

Існуе гэтая праблема і ў сьледчых ізалятарах суседняй Літвы. Былы зьняволены Валеры Савянкоў, які сядзеў у некалькіх літоўскіх турмах, у ліку якіх і віленскія Лукішкі, патлумачыў, што хоць паводле правілаў і павінна праводзіцца дэзынфэкцыя, вошы непазьбежныя:

"Усё гэты ідзе ад так званых асацыяльных асобаў. Згодна з правіламі ўтрыманьня, кожны, хто трапляе за краты, павінен прайсьці так званую санапрацоўку або "пражарку". Зразумела, адміністрацыя гэтага не выконвае. Такога вашывага адразу кідаюць у камэру. Зразумела, мы не адразу ўсё гэта заўважаем. Толькі калі ўся "хата" ў вошах. Пачынаем пісаць просьбы да адміністрацыі, каб усю нашу камэру вывелі ў пражарку. Аднак у "хаце" — аўтарытэты злачыннага сьвету. Ім "у падлу" ісьці ў санітарны блёк, каб з усіх вокнаў бачылі, што ён ідзе пражарвацца, а гэта значыць, што ён сядзіць у камэры зь нейкімі левымі бамжамі. Дык яго аўтарытэт тады рухне. Ён пачынае патрабаваць ад усёй камэры, каб маўчалі. І ніхто ня можа сказаць штосьці супраць. Таму цярпяць. Бялізну здаюць памыць раз на 10 дзён. Раней было раз на тыдзень. А цяпер крызіс — эканомяць ваду, сёе-тое. У літоўскіх турмах цяпер стала яшчэ горш", кажа Валеры Савянкоў.

"Такое ўтрыманьне можна параўнаць з катаваньнем"

Літоўскія вязьні скардзяцца ў эўрапейскія суды на тое, што ў сьледчых ізалятарах бываюць паразыты, пацукі. А скаргі вязьняў зь Беларусі зьбіраюць беларускія праваабаронцы. Праўда, у адказ ад турэмнага кіраўніцтва атрымліваюць адпіскі і тлумачэньні, што няма сродкаў. Намесьнік старшыні праваабарончай арганізацыі "Вясна" Валянцін Стэфановіч:


"Там далёка ня толькі вошы, але і сухоты жывуць на Валадарцы, у тых вільготных сьценах. Улетку тэмпэратура ў некаторых камэрах даходзіць да 40 градусаў. Плюс вільготнасьць высокая. Ідэальнае месца для рознай заразы. Нядаўна адзін вязень распавядаў пра парэшткі голуба, якія там ляжалі на вокнах. Такая там дэзактывацыя, калі трупы галубоў там ляжаць. Мы неаднойчы скардзіліся ў адпаведныя інстанцыі. Аднак адказ уладаў вельмі просты: у нас няма грошай. Тое ж зь СІЗА на "Валадарцы". Яго даўно ўжо прызналі небясьпечным для эксплюатацыі — якія там могуць быць умовы? Таму я не зьдзіўлюся, што там розныя паразыты жывуць. Гэта тычыцца ня толькі палітвязьняў. Гэта тычыцца ўсіх нашых беларускіх грамадзянаў, бо там сядзяць людзі, віна якіх яшчэ не даказаная судом. Яны пад сьледзтвам, але ўжо ў такіх умовах. Да іх ня можа ўжывацца такое абыходжаньне, якое можна параўнаць з катаваньнем", сказаў Валянцін Стэфановіч.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG