З 1 лютага ў Беларусі пачне дзейнічаць новая рэдакцыя закону «Аб ваенным становішчы». Якія новыя выклікі спрычыніліся да прыняцьця зьменаў у гэты заканадаўчы акт? Хто галоўны праціўнік Беларусі? З чым зьвязаны прызыў у войска рэзэрвістаў?
Удзельнікі: кіраўнік праекту Belarus Security Blog Андрэй Паротнікаў і аглядальнік газэты «Белорусы и рынок» Аляксандар Алесін.
Якія новыя выклікі спрычыніліся да прыняцьця закону «Аб ваенным становішчы»?
Валер Карбалевіч: «У Беларусі апублікаваная новая рэдакцыя закону „Аб ваенным становішчы“, якая пачне дзейнічаць з 1 лютага. Кажуць пра новыя выклікі, якія спрычыніліся да зьменаў у законе. Якія гэта выклікі: вонкавыя ці ўнутраныя? Можа, гэта зьвязана з прэзыдэнцкімі выбарамі?»
Андрэй Паротнікаў: «Пачатак працы быў зьвязаны з шэрагам рэвалюцыяў, якія адбыліся ў арабскіх краінах. А ўжо потым наклаўся ўкраінскі фактар».
Карбалевіч: «Але рэвалюцыі — гэта, хутчэй, унутраны выклік, чым вонкавы».
Паротнікаў: «Не зусім. Нашы ўрадавыя аналітыкі лічаць, што гэтыя рэвалюцыі выкліканыя вонкавымі сіламі, ЗША, ЦРУ».
Аляксандар Алесін: «Першапачаткова гэта была рэакцыя на ўнутраныя рызыкі, якія зьявіліся ў выніку крызісу беларускай эканамічнай мадэлі, сацыяльнай напружанасьці. Таму ўзьнікла патрэба ўзмацніць сілавы рэсурс улады. А ўкраінскі крызіс стаў вонкавым фактарам, які таксама паўплываў на зьмены ў гэты закон».
Хто галоўны праціўнік Беларусі?
Карбалевіч: «Калі зыходзіць з таго, што менавіта ўкраінскі фактар сёньня ўплывае на ўсю беларускую палітыку, то ўзьнікае пытаньне: хто галоўны праціўнік? Кіраўнік прэсавай службы Мінабароны Ўладзімер Макараў кажа, што міністэрства найперш хвалюе актывізацыя вайсковай дзейнасьці ў прымежных да Беларусі краінах НАТО».
Паротнікаў: «Галоўны праціўнік беларускага войска — гэта фінансавая няздатнасьць нашай дзяржавы ўтрымліваць яго належным чынам. У афіцыйных дактрынальных дакумэнтах Беларусі нідзе не напісана, хто ў нас галоўны праціўнік. Увогуле гэтае пытаньне вырашае палітычнае кіраўніцтва».
Алесін: «Я б перафразаваў пытаньне і паставіў бы яго так: хто ў нас галоўны саюзьнік? З прычыны вялікай эканамічнай залежнасьці Беларусі ад Расеі Масква, націснуўшы на энэргетычныя рычагі, мае магчымасьць спыніць існаваньне беларускай дзяржавы. Таму Беларусь будзе ісьці ўсьлед за Расеяй, і праціўнікам будзе той, з кім будзе змагацца РФ».
З чым зьвязаны прызыў у войска рэзэрвістаў?
Карбалевіч: «У беларускім войску пачаліся інтэнсіўныя комплексныя заняткі з удзелам рэзэрвістаў. З чым гэта зьвязана?»
Паротнікаў: «Гэта руцінная справа. Такія заняткі з прыцягненьнем рэзэрвістаў адбываюцца кожны год».
Алесін: «У беларускага войска зьмяшаны прынцып камплектаваньня. Ваеннаабавязаных з рэзэрву з пэўнай частатой трэба выклікаць, аднаўляць баявыя навыкі, вучыць новым відам узбраеньня».
Your browser doesn’t support HTML5