Тэмы, якія найчасьцей гучаць у пошце Свабоды ў гэтыя сьнежаньскія дні, так ці інакш зьвязаныя з падзеямі ў Расеі і вакол яе. Дэкляраваны прэзыдэнтам Пуціным працэс «уставаньня з кален» суправаджаецца такімі рэзкімі рухамі, што многія ў Беларусі не без падстаў апасаюцца: як бы ня трапіць выпадкова пад колы гэтай разагнанай расейскай тачанкі.
Пачну сёньняшнюю размову з аднаго зь лістоў на гэтую тэму. Наш слухач Уладзімер Касатонаў зь Берасьця піша:
«А ці варта лічыць Лукашэнку найбліжэйшым і найадданейшым саюзьнікам Пуціна? Нешта я сумняюся. У Маскве аж захлынаюцца ад антытурэцкай вакханаліі, уводзяць для туркаў візавы рэжым, адмаўляюцца ад турэцкіх пляжаў і памідораў. А што ж Лукашэнка? Маўчыць, як вады ў рот набраўшы. Дзе ягонае абурэньне з нагоды зьбітага турэцкімі вайскоўцамі расейскага самалёта? Дзе салідарнасьць з братэрскай Масквой?
Зноў жа: Расея вядзе вайну ў Сырыі, павялічвае там сваю вайсковую прысутнасьць. А што ж Менск, зьвязаны з Масквой самым цесным ваенным саюзам? Чаму не стварае вайсковую кааліцыю дзеля барацьбы з „ісламскай дзяржавай“? Чаму не падстаўляе брату плячо ў такі складаны час?
Ох, адчуваю, нездарма разрэклямаваны ўладай першы пасьля чарговага пераабраньня візыт Лукашэнкі ў Маскву быў адменены, а замест Пуціна Лукашэнка абдымаўся з Аліевым — найбліжэйшым сябрам і братам турэцкага лідэра Эрдагана ...».
Калі б Беларусь паслухмяна падтрымлівала ўсе авантуры Крамля, дык ёй давялося б абвясьціць ворагамі ледзь не палову сваіх найважнейшых эканамічных партнэраў.
Відавочна, Расея была б зусім ня супраць выбудаваць па пэрымэтры сваіх межаў кардон з паслухмяных васалаў — кшталту таго, якім былі для колішняга Савецкага Саюзу дзяржавы так званага «сацыялістычнага лягеру». І спробы ператварыць суседзяў у такіх васалаў Масква неаднаразова рабіла: згадайма хоць бы прыклады Грузіі і Ўкраіны. Назваць гэтыя спробы пасьпяховымі ніяк не выпадае. Гвалтам змусіць да любові і адданасьці немагчыма. А цяпер нават і купіць бачнасьць такой любові (як у выпадку зь Беларусьсю) складана: на гэта ў Масквы папросту не хапае грошай.
✉ ✉ ✉На гэтую ж тэму (але зусім зь іншымі высновамі) разважае ў сваім лісьце на Свабоду Андрэй Дзятлаў з Полацку. Слухач піша:
«З тых заяваў, якія прагучалі падчас чарговай інаўгурацыі Лукашэнкі і пасьля яе, вынікае, што ніякіх рэальных рэформаў ён праводзіць не зьбіраецца. Па вялікім рахунку, гэта азначае здачу Беларусі Маскве.
Таксама выразна бачна, што ў атачэньні Лукашэнкі няма адзінства, унутры элітаў насьпявае канфлікт.
Наступны крок Лукашэнкі прадказальны: яму неабходна выгнаць з сілавых структураў усіх патэнцыйных Піначэтаў. Таму чакаем скарачэньня сілавікоў. Тым больш што гэта дазволіць ашчадзіць немалыя грошы. А вострай патрэбы ў разьдзьмутым сілавым блёку цяпер няма. Гэтыя, так бы мовіць, „байцовыя псы“ „русского мира“ сваю задачу ў Беларусі ўжо выканалі: нацыя па сутнасьці расьціснута, а ледзь ня ўсе лідэры апазыцыі па сумяшчальніцтве — агенты КДБ. Так што „байцовых псоў“ можна і скараціць.
...Сумна, але мы сталі краінай лузэраў.
У 1992 годзе беларусы маглі дамагчыся свабодных выбараў.
У 1994 — мелі шанец абраць уцямнага прэзыдэнта, які б ажыцьцявіў мірныя дэмакратычныя перамены.
У 1996 была магчымасьць наладзіць свой эўрамайдан...
А з 2011-га мы цьвёрда крочым у бездань, сырыйскім шляхам...».
Сырыйскі шлях для беларусаў усё ж наўрад ці пасуе, спадар Андрэй: тут вы яўна згушчаеце фарбы. І сьцьвярджэньне пра пошукі так званых «Піначэтаў» у асяродзьдзі беларускіх сілавікоў гучыць ня надта пераканаўча. Армія і міліцыя ў сучаснай Беларусі ніколі не спрабавалі выконваць нейкую самастойную палітычную ролю. Асобы з адпаведнымі амбіцыямі генэральскіх пагонаў тут не атрымлівалі і не атрымліваюць. Было адно выключэньне — генэрал Захаранка. Але на ягоным прыкладзе ўсім сілавікам было даходліва паказана, што здарыцца з тымі генэраламі, хто раптам захоча выйсьці за межы казармы і армейскага пляцу.
✉ ✉ ✉І на заканчэньне — кароткі ліст пра сёньняшнія беларускія рэаліі. Аксана Нячай зь Менску піша:
«Пяты тэрмін прэзыдэнцтва Лукашэнкі пачынаецца з таго, што ў людзей масава скарачаюцца заробкі, а ў многіх увогуле ня стала працы. Гэта за такую стабільнасьць галасавалі ў кастрычніку тыя 83 працэнты выбаршчыкаў, якія, як сьцьвярджае ўлада, падтрымалі цяперашнюю палітыку? У людзей і так нэрвы напятыя, а Лукашэнка на гэтым тле яшчэ пачаў гаварыць пра падвышэньне пэнсійнага ўзросту. Думаю, што калі рэальна дойдзе да гэтага, скончыцца цярпеньне нават у самых цярплівых».
Запас цярпеньня ў беларусаў вялікі: за дваццаць два гады ўлада ў гэтым пераканалася — і цяпер карыстаецца, пакрысе зьнішчаючы рэшткі сацыяльнай дзяржавы. На працягу прэзыдэнцтва Лукашэнкі можна прыгадаць хіба толькі адзін прыклад масавага і згуртаванага адстойваньня працоўнымі сваіх сацыяльных правоў — гэта страйк машыністаў мэтро летам 1995 году. Лукашэнка тады выразна паказаў, як будзе вырашаць падобныя канфлікты. Ініцыятараў і ўдзельнікаў страйку пазвальнялі, а працу мэтрапалітэну аднавілі з дапамогай расейскіх штрэйкбрэхераў.
Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду.
Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.
Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную суботу.
Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.