21 кастрычніка ў Фрунзенскім раённым судзе Менска пачаўся працэс над уладальнікам заводу «Мотавела» Аляксандрам Мураўёвым.
Бізнэсмэна абвінавачваюць ў крадзяжы праз службовыя злоўжываньні, махлярстве і арганізацыі ўхіленьня ад выплаты падаткаў.
Паводле сьледзтва, дзеяньнямі Мураўёва нанесеныя страты ў асабліва буйным памеры. Аднак бізнэсмэн віны не прызнае і нават заявіў у судзе, што прыехаў у Беларусь ў 2015 годзе, калі на «Мотавела» ўжо ішлі праверкі, каб дапамагчы высьветліць праўду.
Падтрымаць Аляксандра Мураўёва ў суд прыйшлі некалькі дзясяткаў чалавек, якім ён усяляк дэманстраваў, што не зьмірыўся з абвінавачаньнем і будзе абараняцца. У тым ліку падсудны пагаджаўся на фота- і відэаздымку, аднак на просьбу прадстаўнікоў пракуратуры здымкі ў судзе былі забароненыя.
Разам з Мураўёвым судзяць былых топ-мэнэджэраў «Мотавела»: экс-дырэктара Казімера Мароза і бухгальтарку Тацяну Лукавец, якія знаходзяцца не пад вартай. Іх абвінавачваюць у крадзяжы праз службовыя злоўжываньні ў складзе групы.
Аляксандар Мураўёў быў затрыманы ў ліпені 2015 году. Паведамлялася, што пазьней у гэтай жа справе затрымалі і ягонага брата Сяргея, а таксама групу адказных супрацоўнікаў «Мотавела» з 6 чалавек. Назіральнікі за справай мяркуюць, што некаторых з гэтых людзей можна будзе пачуць на працэсе ў якасьці сьведак.
Зарэгістраваная ў Аўстрыі кампанія ATEC Holding, якая знаходзіцца пад кантролем Аляксандра Мураўёва, набыла менскі завод «Мотавела» ў 2007 годзе. Умовай зьдзелкі было захаваньне спэцыялізацыі прадпрыемства і пагашэньне былой запазычанасьці перад бюджэтам. Аднак з таго часу эканамічнае становішча «Мотавела» не палепшала. Сьледчыя органы лічаць, што замест выпраўленьня сытуацыі кіраўніцтва прадпрыемства займалася продажам маёмасьці заводу і вывадам грошай за мяжу.
Спачатку праверкай спраў на «Мотавела» займаўся Камітэт дзяржаўнага кантролю. Затрыманьні Аляксандра Мураўёва і іншых топ-мэнэджэраў заводу праводзіў КДБ.
Пакуль Аляксандар Мураўёў знаходзіўся пад вартай, вытворчасьцю матацыклаў і ровараў на плошчах «Мотавела» занялося акцыянэрнае таварыства «Мотавелазавод», якое ўзначаліў былы «мэр» Менску Мікалай Ладуцька.
Судзіць Аляксандра Мураўёва, Казімера Мароза і Тацяну Лукавец будзе судзьдзя Фрунзенскага суду Юлія Блізьнюк. Абараняе вядомага бізнесоўцу адвакатка Дар’я Ліпкіна. Абвінавачваньне падтрымлівае супрацоўніца пракуратуры Крысьціна Асран.