Суд часткова задаволіў пазоў сваякоў Ігара Пцічкіна да Міністэрства ўнутраных спраў

Партрэт Ігара Пцічкіна

Маскоўскі суд Менску часткова задаволіў пазовы маці і сястры Ігара Пцічкіна да Міністэрства ўнутраных спраў, СІЗА № 1 і Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС.

23 сакавіка гэтае рашэньне прыняла судзьдзя Марына Саўчук. Яна пастанавіла спагнаць зь Міністэрства ўнутраных спраў на карысьць сваякоў нябожчыка больш за 6 тысяч рублёў у якасьці кампэнсацыі матэрыяльнай шкоды, а таксама на карысьць Жанны Пцічкінай спагнаць 20 тысяч рублёў і на карысьць Ірыны Пцічкінай — 10 тысяч рублёў як кампэнсацыю маральнай шкоды. Маці і сястра Ігара Пцічкіна прасілі ад суду прызначыць ім кампэнсацыю за маральную шкоду ў памеры 100 тысяч рублёў.

Мянчук Ігар Пцічкін памёр 4 жніўня 2013 году ў СІЗА на Валадарскага, дзе пачаў адбываць 3 месяцы арышту за тое, што кіраваў аўтамабілем без правоў. На «Валадарцы» да арыштанта, які нібыта паводзіў сябе неадэкватна, ужылі «меры фізычнага стрымліваньня ў выглядзе фіксацыі рамянямі». Суд устанавіў, што прывязаным да ложка Ігар Пцічкін праляжаў больш за 20 гадзін да моманту сьмерці і яму не было аказана належнай дапамогі.

У кастрычніку 2016 году суд Маскоўскага раёну Менску прызнаў фэльчара СІЗА № 1 Аляксандра Крылова вінаватым у неналежным выкананьні службовых абавязкаў, што спрычынілася да сьмерці Ігара Пцічкіна. У выніку былы фэльчар атрымаў 2 гады і 10 месяцаў калёніі-пасяленьня. Яму таксама забаранілі пяць гадоў займаць пасады ў мэдычных установах.

Маці нябожчыка Жанна Пцічкіна працягвае дамагацца завядзеньня новай крымінальнай справы па факце сьмерці яе сына на «Валадарцы», бо мяркуе, што яго маглі забіць ахоўнікі.