Суд адхіліў скаргу актывіста: Жаляпаў па-ранейшаму «на сутках»

Хрыстафор Жаляпаў

Паразай скончылася спроба аспрэчыць пакараньне, вынесенае за сьвяткаваньне Дня Волі.

27 сакавіка судзьдзя Кастрычніцкага райсуду Сяргей Будрэвіч пастанавіў пакараць сябра руху «За свабоду» Хрыстафора Жаляпава 13 суткамі арышту. Абскардзіць пастанову не ўдалося.

Судзьдзя Ірына Смалякова не дазволіла заяўніку прысутнічаць на разглядзе скаргі і даваць тлумачэньні асабіста. Інтарэсы спадара Жаляпава прадстаўляла адвакатка Марына Гарбачова.

Яна зьвярнула ўвагу суду на тое, што відэазапісы ад 25 сакавіка не праглядаліся супрацоўнікам міліцыі, які складаў пратакол аб адміністрацыйным правапарушэньні. А сам ён ня быў відавочцам падзеяў.

25 сакавіка. Хрыстафор Жаляпаў размаўляе з намесьнікам старшыні гарвыканкаму Пятром Падгурскім

Адвакатка акцэнтавала ўвагу на тым, што відэазапісы былі прадстаўленыя суду ў выглядзе «нарэзкі». Эпізоды, дзе спадар Жаляпаў кажа, што ён не арганізатар акцыі, а ягоная мэта — наведаць знакавыя месцы Віцебску і ўскласьці кветкі да помнікаў дзеячам культуры, у відэашэраг ня трапілі.

Паводле Марыны Гарбачовай, наяўнасьць атрыбутыкі — бел-чырвона-белых сьцягоў, стужак, кветак пэўных колераў — нельга расцэньваць як адзнаку арганізатара мітынгу або шэсьця. А што да права быць удзельнікам масавых акцый, то яно грамадзянам гарантавана самым галоўным дакумэнтам краіны — Канстытуцыяй.

Выступ адвакаткі доўжыўся 45 хвілін, пасьля чаго судзьдзя Ірына Смалякова, не задаўшы ніводнага пытаньня, абвясьціла рашэньне: пакінуць скаргу без задавальненьня, а рашэньне суду Кастрычніцкага раёну — бязь зьменаў.

25 сакавіка. Хрыстафор Жаляпаў (зьлева) і асуджаны на 15 сутак Леанід Аўтухоў

68-гадовы актывіст, які мае сурʼёзныя праблемы са здароўем, да 6 красавіка застаецца пад арыштам у віцебскім ізалятары часовага ўтрыманьня. Там жа адбываюць арышт журналісты Арцём Сізінцаў (да 4 красавіка) і Канстанцін Мардзьвінцаў (да 10 красавіка), праваабаронца Леанід Сьвецік (да 10 красавіка), сябра партыі БНФ Леанід Аўтухоў (да 9 красавіка) і не заўважаны раней ні ў якіх палітычных структурах Улад Камароўскі (да 7 красавіка).