На Гомельшчыне ў дэмакратаў мінімальныя страты сярод кандыдатаў

Пікет Віктара Хоміча ў Навабеліцкім раёне Гомеля

У абласным цэнтры камісія Гомельскай-Прамысловай выбарчай акругі № 35 адмовіла ў рэгістрацыі кіраўніку гарадзкой арганізацыі Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет» Валеру Клімаву — з-за недакладных зьвестак у дэклярацыі пра даходы і маёмасьць.

Паводле інфармацыі падатковай інспэкцыі, Клімаў не ўказаў у дэклярацыі заробак з працы па сумяшчальніцтву. І паколькі сума заробку перавышала 20 адсоткаў ад агульнага гадавога даходу, то камісія і адмовіла Клімаву ў рэгістрацыі.

У Рагачове акруговая камісія № 45 не зарэгістравала вылучэнца Аб’яднанай грамадзянскай партыі Дзяніса Дашкевіча — таксама з прычыны неадпаведнасьці даходаў і дэклярацыі. Гранд на разьвіцьцё інтэрнэт-сайту, на думку камісіі, таксама мусіў пазначацца як даход.

У выніку на Гомельшчыне за дэпутацкія мандаты будуць змагацца дзесяць прадстаўнікоў АГП і столькі ж ад партыі «Справядлівы сьвет».

Зарэгістраваныя таксама кандыдатамі ў дэпутаты па два вылучэнцы Партыі БНФ, «Зялёных», Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасьці , тры — Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада). Паўтара дзесяткаў прэтэндэнтаў на дэпутацкі мандат уключыліся ў перадвыбарчую гонку ад Лібэральна-дэмакратычнай партыі.

Рэгістрацыя выявіла і яшчэ адну акалічнасьць. Паколькі кіраўнікі партыйных структураў не дамовіліся наконт адзінства дзеяньняў на сёлетніх выбарах, то ў рэгіёне ёсьць акругі, у якіх дэпутацкі мандат аспрэчваюць адразу некалькі дэмакратычных вылучэнцаў. Да прыкладу, у Гомельскай-Сельмашаўскай акрузе № 32 «сышліся» вылучэнцы АГП, БНФ, БСДП (Грамада).

У рэгіёне сёлета, відаць, не без падказкі, у дэпутаты падаліся й некаторыя чыноўнікі. Кандыдатамі ў дэпутаты зарэгістраваны намесьнік старшыні Гомельскага аблвыканкаму Баляслаў Пірштук, старшыні Мазырскага і Ельскага райвыканкамаў, начальнік Інстытуту нацыянальнай бясьпекі, начальнік абласной управы аховы здароўя.
Паўторна мяркуюць абрацца у Палату прадстаўнікоў сем дзейных дэпутатаў.

Падчас паседжаньня Гомельскай-Навабеліцкай акруговай камісіі № 36 кандыдат у дэпутаты ад партыі левых «Справядлівы сьвет» Віктар Хоміч папярэдзіў камісію. Ён сказаў, што ў выпадку карэктыроўкі зьвестак у агітацыйных плякатах і пазбаўленьня права сустрэцца з працоўнымі калектывамі, ён зьвернецца ў суд і зьніме сваю кандыдатуру на знак пратэсту супраць несумленных выбараў.

На мінулых выбарах акурат акруговая камісія, дзе балятаваўся Хоміч, прыбрала зь ягонай біяграфіі зьвесткі аб тым, што ён абіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня і ачольваў камісію па праблемах наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.