Калі работнікі вымушаныя спыніць працу, бо інакш ня могуць адстаяць свае законныя правы, — як гэта называецца па-беларуску?
Сьцісла:
- „Стачка“ — слова расейскае, ад стакнуться ‘таемна змовіцца’. „Стачачны“ па-беларуску немілагучна.
- Італьянскі выклічнік basta! ўжываўся ў картах. Ад яго ў расейскай мове пайшло слова забастовка.
- Да савецкай русыфікацыі 1930-х гадоў у беларускай мове бытавала слова штрайк/страйк. Штрайк — на ўзор нямецкай або мовы ідыш.
- Але гэтае слова з ангельскай. Strike ‘удар’ з XVIII стагодзьдзя азначае і спыненую працу: маракі апускалі ветразі (білі ў іх) або рабочыя з грукатам кідалі інструмэнты.
- У Заходняй Беларусі пераважыла слова страйк. А ў БССР лічылі, што страйкаў там быць ня можа, таму адпаведныя словы не ўжывалі або бралі русізмы.
- У канцы 1980-х на беларускіх заводах паўсталі страйкамы. Менскі гарадзкі страйкавы камітэт каардынаваў у красавіку 1991 году мітынг ста тысяч рабочых на галоўным сталічным пляцы. Эканамічныя патрабаваньні хутка перарасьлі ў палітычныя, праз 4 месяцы паўстала незалежная Рэспубліка Беларусь.
- Страйкуюць страйкоўцы. Гук [ш-] захаваўся ў антанімічным слове штрайкбрэхер — пра несалідарнага чалавека. Сваё слова — страйкалом.
- Працоўны кодэкс Беларусі толькі па-расейску і толькі пра „забастовку“. Таму часам падкрэсьліваюць: „У нас стачка, а не забастовка!“: удзельнікаў палітычнай „стачки“ нельга перасьледаваць паводле гэтага заканадаўства.
- Але ж і беларускі страйк не рэглямэнтуецца, а значыць і не забараняецца заканадаўствам :-)
Basta! (І тут вам не прэфэранс)
Італьянскі выклічнік „basta!“ прыйшоў у наш рэгіён як выраз гульні ў карты, ад яго і польскае bastować, і расейскае бастовать — зноў жа пра карты. Але менавіта ў расейскай мове слова перанесьлі на працоўныя канфлікты, там ад яго ўтварылася забастовка — тыповай расейскай мадэлі аддзеяслоўных назоўнікаў дзеяньня (переделка, покраска).
Значыць, корань basta раманскі, а забастоўка — словаўтваральны русізм у беларускай мове, як і вытворныя (асабліва забастоўшчык).
Зрэшты, у камуністычны час усе словы з гэтым значэньнем з савецкай рэчаіснасьці выкрасьлілі. Паводле Тлумачальнага слоўніка (том 2, 1978), забастоўка — ‘арганізаванае масавае спыненне работы на прадпрыемстве, каб прымусіць капіталіста задаволіць патрабаванні рабочых; стачка’.
„Перешепнулись и стакнулись“
„Стачка“ — слова чыста расейскае, ад архаічнага дзеяслова стакнуться ‘таемна змовіцца’, зь сярэдзіны XIX стагодзьдзя пачало азначаць і змову працаўнікоў, каб дамагчыся лепшай платы ці ўмоваў. Слова забастовка з такім значэньнем замацавалася ў расейскай мове крыху пазьней. Цікава, што расейскія рэвалюцыянэры звалі так іншаземныя страйкі, а расейскія — „стачка“.
У 1937 годзе „Расейска-беларускі слоўнік“ Андрэя Александровіча, поўны русізмаў, упершыню зафіксаваў і слова „стачка“, і вытворныя: „стачачны“, „стачачнік“. Не магу назваць апошнія мілагучнымі для беларускай мовы, суб’ектыўна яны мне сугучныя з „прачачнай“ з анэкдоту.
Страйк
Але да пачатку савецкай русыфікацыі ў беларускай мове шырока бытавала іншае слова ў двух гукавых варыянтах — штрайк і страйк. Прычым паабапал „зялёнай мяжы“, якая падзяляла краіну. Два творцы ў Заходняй і Ўсходняй Беларусі, пазьней абодва — Народныя паэты, адначасова ўжылі слова штрайк:
Падняўся з крэсла стары качагар:
— Ты нам не прароч рай,
Веры ня будзе табе, сабакар!
Мы пачынаем штрайк!
(Аркадзь Куляшоў. „Крызіс“. 1932 г.)
А першы апублікаваны верш Максіма Танка (у тым самым 1932-м) называўся „Заштрайкавалі гіганты-коміны“.
Паступова да канца 1930-х гадоў запанаваў варыянт страйк. Пераважна ў Заходняй Беларусі, бо ўва Ўсходняй (Савецкай) і самыя страйкі былі жорстка забароненыя (ня могуць жа рабочыя дамагацца нейкіх сваіх правоў ад „пралетарскай“ улады), і мова імкліва русыфікавалася.
Адкуль два гукавыя варыянты — штрайк і страйк? Мо слова штрайк нямецкае, падобна як заведамыя германізмы штандар, штанга, штрыфэль, штука, і пазычана зь нямецкай або зь ідышу?
Сапраўды, у абедзьвюх гэтых мовах слова ёсьць, пачынаецца на гук [ш]. Але папраўдзе туды яно прыйшло з ангельскай.
Слова страйк — good old anglicism: яно трапіла ў многія мовы задоўга да апошняй хвалі ангельскіх пазычаньняў (з канца ХХ стагодзьдзя і дагэтуль). Ангельскі strike ‘удар’ набыў значэньне спыненай дзеля абароны сваіх правоў працы ў XVIII стагодзьдзі; перанос значэньня зьвязваюць або з апусканьнем ветразяў (у іх б’юць), або з груканьнем працоўнымі інструмэнтамі — калі кідаюць працу.
Як і некаторыя іншыя словы, зьвязаныя з эканомікай, слова strike пазычылі ў новым значэньні многія эўрапейскія мовы. У тым ліку польская: strajk.
Відаць, і непасрэдна ангельская, і польская мова паўплывалі на тое, што яшчэ да вайны ў беларускай мове замацавалася форма на с-. А ў найноўшую пару, калі англіцызмы зрабіліся звычайнымі, слова страйк (поруч і з старымі байкотам, чэкам, імпартам ды хуліганам, і новымі ўсемагчымымі лідэрамі, босамі, лайнэрамі і джынсамі) набыло новае дыханьне ў беларускай мове.
Яно паўторна прыйшло да нас і ў складзе розных брэндаў. Тут і Lucky Strike (ці то „шчасьлівы ўдар“ кіркай узбагаціў золаташукальніка, ці то пагарэлы пасьля страйку тытунь дадаў новы смак цыгарэтам), і гульня Counter Strike, дзе добрыя хлопцы наносяць сьмяротны ўдар кепскім, і шмат што яшчэ. Так што слова ўжо зусім сваё.
Страйкамы. Беларускі рух да свабоды
Калі беларускае грамадзтва ў канцы 1980-х прачнулася ад камуністычнага сну да свабоднага жыцьця, то адрадзілася і самаарганізацыя працоўных. На заводах паўсталі страйкавыя камітэты, страйкамы — менавіта так па-беларуску назвалі групы сваіх выбранцаў рабочыя.
Тыя страйкамы ўвайшлі ў гісторыю краіны. Менскі гарадзкі страйкавы камітэт каардынаваў у пачатку красавіка 1991 году няспынны масавы мітынг рабочых — да ста тысяч чалавек — на галоўным сталічным пляцы, тады яшчэ плошчы Леніна. Эканамічныя патрабаваньні хутка перарасьлі ў палітычныя, над плошчай узьняліся бел-чырвона-белыя сьцягі. А праз 4 месяцы паўстала незалежная Рэспубліка Беларусь.
Штрайкбрэхер — той, хто ламае
Страйкуюць страйкоўцы. А пачатны гук [ш] (зь нямецкай або ідышу) захаваўся ў антанімічным слове штрайкбрэхер — пра несалідарнага чалавека, які пагаджаецца працаваць замест страйкоўцаў і тым зьменшыць іхныя шанцы на перамогу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Страйкам «Гродна Азоту» паведаміў пра чаканы прыезд штрайкбрэхераўЁсьць і сваё слова — страйкалом:
Не знайшоўся ні адзін страйкалом, і пасьля 3 дней забастоўкі фабрыкант адмовіўся ад дамаганьня акордавай працы... (Газэта „Беларуская справа“. Вільня, 28 красавіка 1926 г.)
Беларускае слова як інструмэнт барацьбы
Працоўны кодэкс Беларусі, які рэгулюе барацьбу за правы працоўных, — толькі на расейскай мове. І там толькі тэрмін забастовка. Таму часам, выкарыстоўваючы лексычныя асаблівасьці расейскай мовы, кажуць: „Это стачка, а не забастовка!“: перасьлед удзельнікаў палітычнай „стачки“ заканадаўствам не прадугледжаны.
Думаю, той самы вынік мела б ужываньне беларускага слова страйк. Страйкі ж дакладна не рэглямэнтуюцца, а значыць і не забараняюцца заканадаўствам. Хоць якая карысьць з адсутнасьці законаў па-беларуску ;-)
На іншыя мовы сьвету перакласьці па-рознаму расейскія „забастовку“ і „стачку“ немагчыма. Але ў праўнай дзяржаве і не было б патрэбы гуляць тэрмінамі.
Агульнае права на страйк гарантуе Канстытуцыя Беларусі. Права на страйк і з эканамічнымі, і з грамадзкімі патрабаваньнямі прызнае Міжнародная арганізацыя працы (ILO), у якую ўваходзіць Беларусь. Камітэт свабоды аб’яднаньняў ILO лічыць, што забарона нацыянальных страйкаў пратэсту супраць наступстваў эканамічнай палітыкі ўраду — парушэньне свабоды аб’яднаньня (§ 493).
І ўсеагульны страйк пратэсту супраць перасьледу рабочых актывістаў цалкам абгрунтаваны (§ 495).