Праваабаронцы канстатуюць, што ЦВК ня хоча дапусьціць адкрытага падліку галасоў, пры якім галасы лічыць адзін сябра ўчастковай камісіі, а астатнія — назіраюць за працэсам.
27 красавіка адбылася нарада старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай з прэзыдэнтам краіны, на якой абралі дату правядзеньня парлямэнцкіх выбараў — 11 верасьня 2016 году. Акрамя таго, Лідзія Ярмошына ўзгадніла з прэзыдэнтам прапановы ЦВК па зьмяненьнях выбарчага працэсу ў адпаведнасьці з рэкамэндацыямі АБСЭ.
Паводле вынікаў сустрэчы, на бліжэйшых выбарах плянуецца павысіць празрыстасьць пры фармаваньні выбарчых камісіяў, разглядзе выбарчых спрэчак і падліку галасоў.
Аднак праваабаронцы сумняваюцца, што выбары стануць больш празрыстымі.
Справа ў тым, што Цэнтравыбаркам таксама разглядаў рэкамэндацыі, прапанаваныя праваабаронцамі. І ўжо вядома, што адзін з самых прынцыповых момантаў — той, які тычыцца практыкі падліку галасоў — адхілены.
«Цэнтравыбаркам ня згодны, што працэдура падліку галасоў павінна быць публічнай, каб усе чальцы выбарчай камісіі маглі кантраляваць працэс падліку. Гэтая працэдура не прапісаная ў Выбарчым кодэксе і можа быць урэгуляваная Цэнтравыбаркамам. Але яны пакідаюць права вырашаць, як лічыць галасы, за ўчастковымі камісіямі», — кажа старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту, праваабаронца Алег Гулак.
Праваабаронца ПЦ «Вясна» Валянцін Стэфановіч адзначае, што празрыстасьць выбарчага працэсу азначае празрыстасьць усіх працэдур:
«БДІПЧ АБСЭ і кампанія „Праваабаронцы за свабодныя выбары“ прапаноўвалі такі варыянт, каб выбарчыя бюлетэні лічыліся толькі адным сябрам камісіі, кожны бюлетэнь дэманстраваўся ўсім прысутным і агучваўся вынік галасаваньня, адлюстраваны ў ім. Але, на жаль, як мы бачым, гэтыя прапановы ня будуць прымяняцца. Таксама шкада, што большасьць рэкамэндацыяў БДІПЧ АБСЭ не былі ўлічаныя наагул».