Статкевіч пацьвердзіў: «Марш абураных беларусаў» адбудзецца, нягледзячы на затрыманьні

Мікола Статкевіч на акцыі пратэсту, архіўнае фота

21 кастрычніка а 14 гадзіне на Кастрычніцкай плошчы сталіцы мае адбыцца «Марш абураных беларусаў 2.0». Гэтую інфармацыя Свабодзе пацьвердзіў напярэдадні Мікола Статкевіч.

Тыдзень таму Мікола Статкевіч праінфармаваў Менгарвыканкам аб правядзеньні акцыі пратэсту — накіраваў паведамленьне па электроннай пошце і зарэгістраваў на сайце Менгарвыканкаму.

Ініцыятар «Маршу» — Беларускі нацыянальны кангрэс. Асноўныя патрабаваньні ўдзельнікаў акцыі — адмена дэкрэту № 3, павышэньне заробкаў і пэнсій. Таксама будзе ўзьнята праблема дзедаўшчыны, беззаконьня і бясчынства ў беларускім войску.

У пятніцу, 20 кастрычніка пры перадачы мэгафона затрымалі арганізатараў акцыі, пратрымалі паўтары гадзіны ў пастарунку, мэгафон забралі, паведаміў Свабодзе Статкевіч.

Напярэдадні акцыі ўлады прэвэнтыўна затрымліваюць актывістаў.

11 кастрычніка ўвечары каля крамы быў затрыманы і зьмешчаны ў ізалятар часовага ўтрыманьня адзін з арганізатараў Маршу, сустаршыня БХД Павал Севярынец. 2 кастрычніка яго асудзілі на 15 сутак, але з суду на Акрэсьціна не забралі, бо тады вызваліцца ён павінен быў бы 17 кастрычніка. Забралі толькі праз 9 дзён, так што на свабоду Севярынец выйдзе толькі 26 кастрычніка.

Таксама 11 кастрычніка на 15 сутак пасадзілі яшчэ аднаго з арганізатараў другога Маршу абураных беларусаў, актывіста «Эўрапейскай Беларусі» Яўгена Афнагеля.

13 кастрычніка пасадзілі на 10 сутак Максіма Вінярскага — за перапост у інтэрнэце артыкула, які суд палічыў заклікам да несанкцыянаванай акцыі пратэсту.

На першы «Марш абураных беларусаў» 17 лютага Беларускі нацыянальны кангрэс вывеў на вуліцы сталіцы каля 3000 чалавек.

«Марш абураных беларусаў». Выніковы фотарэпартаж

***

Самыя галоўныя і цікавыя навіны можна атрымліваць адразу ж, падпісаўшыся на Тэлеграм-канал Радыё Свабода.