Ці сапраўды ў Беларусі пасьля дваццаці трох гадоў так званай «стабільнасьці» насьпяваюць зьмены? Тое, што ў другой палове лютага на вуліцы многіх беларускіх гарадоў пачалі выходзіць абураныя людзі, пратэстуючы супраць палітыкі ўладаў, схіляе да высновы, што зьмены сапраўды насьпяваюць. Гэтае адчуваньне яшчэ больш узмацнілася пасьля гісторыі з чарговай абаронай Курапатаў. Пра гэта ж сьведчыць і пошта Свабоды.
Пачну сёньняшнюю размову з аднаго з допісаў на гэтую тэму. Наш слухач Мікалай Дабрынскі зь Менску піша:
«Жыцьцё становіцца ўсё цяжэйшым, але агульная атмасфэра ў краіне, мне здаецца, паляпшаецца. Зьявілася адчуваньне, што добрыя зьмены ўжо недалёка. Асабліва гэта стала заўважна ў сувязі з падзеямі вакол Курапатаў.
Я ўжо немалады чалавек, многае пабачыў на сваім вяку. Не спадзяюся, што заможнае і свабоднае жыцьцё настане ў Беларусі хутка. А ўсё ж даўгая шэрая паласа, што цягнулася чвэрць стагодзьдзя, мінае — для мяне гэта пэўна.
Новую Беларусь павінна будаваць моладзь. Яны збудуюць яе лепш за нас. У іх і кругагляд шырэйшы, і сілаў шмат, і магчымасьцяў. А старыя палітыкі савецкага гарту павінны адысьці ўбок. Усё, што маглі, яны ўжо стварылі. Марна спадзявацца, што ад іх можна чакаць нейкіх прарываў.
Лукашэнку цяпер варта было б мірна і спакойна перадаць уладу ды адысьці на пэнсію. Народнай падтрымкі ён на сёньня ўжо ня мае — гэта відавочна для ўсіх, акрамя, можа, толькі ягонага атачэньня. Ці будзе так? Паглядзім. Людзі на ўладу злыя. Цярпеньне скончылася нават у самых ціхіх і цярплівых. Калі ў такіх умовах рэжым замест таго, каб падтрымліваць людзей, наважыцца яшчэ больш абдзіраць іх ды закручваць гайкі — чакай бяды...
Дзіўна. Раней Лукашэнка вельмі тонка адчуваў народныя настроі і ўмела падладжваўся пад іх. А цяпер такое ўражаньне, што ён ня ведае, чым жывуць простыя людзі, што думаюць пра яго і як ставяцца да ягоных рашэньняў. Калі б ён гэта ведаў, дык свой дэкрэт пра дармаедаў адмяніў бы неадкладна, а аўтараў гэтага „шэдэўра“ паслаў кіраваць адсталым калгасам».
Сапраўды, пра тое, што славутая Лукашэнкава інтуіцыя дае збой, кажуць цяпер многія. Цяжка ўявіць, што кіраўнік краіны пры цяперашнім узроўні інфармацыйных тэхналёгіяў быў бы ізаляваны ад праўдзівых зьвестак пра тое, што адбываецца ў краіне. А ўсё ж доўгія гады жыцьця за глухой агароджай, без жывых зносін з простымі, а не адмыслова падабранымі суграмадзянамі, без наведваньня крамаў і размоваў у чэргах і грамадзкім транспарце — відавочна, адбіваюцца на сьветаўспрыманьні.
Апроч таго, пры аўтарытарнай сыстэме ўлады вакол першай асобы традыцыйна таўкуцца галоўным чынам тыя, хто ўмее дагаджаць і хваліць. А вось тых, хто ўмее пярэчыць і казаць праўду, там чамусьці ўбачыш рэдка.
Аўтар наступнага ліста наш даўні слухач Алесь Гагін са Смаргоні якраз іранізуе над цяперашняй сыстэмай улады ў Беларусі. Ён піша:
«Я вось думаю: чаму б не пераўтварыць Рэспубліку Беларусь у спадчынную манархію? Існуюць жа ў Эўропе Вялікае Княства Ліхтэнштэйн ці Вялікае Герцагства Люксэмбург.Чаму б ня быць Вялікаму Княству Беларускаму? Ну, а вялікім князем, зразумела, стаў бы Аляксандар Рыгоравіч. Што адметна, адразу б адпала мноства праблемаў. Ня трэба было б кожныя пяць гадоў марнаваць вялізныя сродкі на нікому не патрэбныя перавыбары: усё роўна ж ведаем, каго на іх абвесьцяць пераможцам. Зноў жа — вырашылася б пытаньне перадачы ўлады: кронпрынцаў хапае. А якую прыгожую цырымонію каранацыі можна было б прыдумаць...
Хацеў накіраваць гэтую прапанову ў Адміністрацыю прэзыдэнта, але пабаяўся. Раптам не зразумеюць? Тады могуць у мяне быць непрыемнасьці».
Манархіяў у Эўропе значна больш, чым вы, спадар Алесь, пералічылі. Каралеўствамі застаюцца і Вялікая Брытанія, і Гішпанія, і Швэцыя, і Нідэрлянды, і Бэльгія... Але ніводзін з манархаў у гэтых краінах і блізка ня мае тых паўнамоцтваў ды ўладных рычагоў, якія мае ў Беларусі Аляксандар Лукашэнка. Росквіт абсалютных манархіяў на эўрапейскім кантынэнце мінуў гадоў дзьвесьце таму... І кола гісторыі назад не павернеш. Каранацыю Аляксандра Лукашэнкі не зразумелі б, напэўна, нават у Беларусі. Асабліва ў цяперашніх умовах, калі беларусы ня тое што вялікага князя — плойму шараговых чыноўнікаў на сваім карку ўжо ня могуць утрымліваць.
Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду.
Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.
Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную суботу.
Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.