14 ліпеня StartupsMOrning на міжнароднай канфэрэнцыі мабільных распрацоўшчыкаў MobileOptimized сабраў 15 новых ідэяў для IT-бізнэсу.
Стартап (startup company, startup) — бізнэс-кампанія, якая толькі пачынае працаваць і ня мае сталай бізнэс-мадэлі. Калі вам падаецца, што вы прыдумалі нешта крутое, але яшчэ ня ведаеце, ці ўдасца на гэтым зарабіць і як — то віншуем: у вас startup.
«У дзясятым клясе я напісаў першае ў сьвеце мабільнае прыкладаньне, якое ўмее рашаць задачы замест школьніка», — Павал Бацылеў быў адзіным удзельнікам, чый выступ перарываўся аплядысмэнтамі.
«Дадаў туды 200 шпор» — ізноў аплядысмэнты. — «Школьнік можа ня проста ўсё сьпісаць. Ён можа патлумачыць настаўніку, што і чаму ён нібыта рабіў», — заля нават заўлюлюкала. Вясёлыя ўдзельнікі сваёй рэакцыяй пацьвярджалі: старадароскі хлапец трапіў у самае сэрца жаданьняў тыповага школьніка.
Мабільная прылада «Химия Х10» працуе проста: школьнік уводзіць умовы задачы і атрымлівае рашэньне з падрабязным тлумачэньнем. У прыкладаньні яшчэ табліца Мендзялеева з усёй інфармацыяй пра элемэнты, хімічны канвэртэр і «абарона ад настаўніка». Калі проста правесьці пальцам, шпаргалкі на экране тэлефона замяняюцца лічбамі гадзіньніка.
Без усялякай рэклямы і толькі праз GooglePlay недасканалае, як прызнае сам аўтар, прыкладаньне спампавалі 130 000 разоў.
«У маім родным горадзе Старыя Дарогі — 12 тысяч чалавек», — кажа цяперашні студэнт Бацылеў. Сёлета ён ужо праславіўся як аўтар сацыяльнай сеткі для БРСМ «У саюз з сябрамі».
«Мы шукаем сто тысяч (даляраў. — РС) пад 10 працэнтаў», — уласна, дзеля пошуку інвэстыцый Бацылеў і выступае на StartupsMOrning. Цяпер ён хоча распрацаваць новую вэрсію прыкладаньня, перакласьці яго на іншыя мовы і зрабіць рэклямную кампанію.
За два гады можна выйсьці на 10 мільёнаў спамповак і зарабіць 2 мільёны 800 тысяч даляраў, — падлічыў хлапец.
«На вас цяпер усе будуць паляваць», — падсумоўвае выступ Бацылева сябар журы Аляксандар Бародзіч, заснавальнік інвэстыцыйнай кампаніі FutureLabs.
Інвэстар мусіць сам захацець з вамі пагаварыць
«Чамусьці часта просяць па паўмільёна даляраў. Дык мы з такімі працаваць ня будзем. Скажыце дакладна, колькі вам трэба і на што», — перад пачаткам прэзэнтацыяў Бародзіч падказваў удзельнікам, як адняць у журы менш часу.
У Паўла Бацылева ўсе падставы спадзявацца на посьпех. Яшчэ ўвесну віцэ-прэм’ер Васіль Мацюшэўскі на адкрыцьці Ўсерасейскага стартап-туру фонду «Сколкава» ў Менску заявіў, што дзяржаўная падтрымка стартапаў павялічылася ў тры з паловай разы.
Праўда, лічбаў не назваў. Але праект Бацылева на згаданым конкурсе ўжо быў, і ў поле зроку ПВТ Бацылеў трапіў яшчэ школьнікам. Дый кіраўнік бізнэс-інкубатара ПВТ Юры Судараў сядзіць у журы StartupsMOrning.
Ідэі беларускіх стартапэраў, якія сабраліся ў сядзібе Ваньковічаў у Менску, самыя разнастайныя: ад сацыяльнай сеткі для ўладальнікаў жывёлаў PetToYou, праз тур-сэрвіс для арганізатараў гастроляў Ontourcloud — да прылады, у якой лянівы монстрык разам з вамі займаецца фітнэсам.
Хлопцы і дзяўчаты хвалююцца, у некага не спрацоўвае пульт, яшчэ ў кагосьці не загружаецца прэзэнтацыя. Распрацоўшчыкам PetToYou экспэрты з ходу раяць адмовіцца ад службы знаёмстваў на сайце, а заняцца распрацоўкай «самага лепшага ў сьвеце» gps-трэкера для хатніх гадаванцаў, па якім можна адсочваць іх перамяшчэньні.
Камусьці з удзельнікаў напорыстасьць замяняе зьмест. «Зразумела, што ўсё вельмі крута, але не зразумела, пра што гэта», — кажа ў такіх выпадках яшчэ адзін сябар журы Канстанцін Сінюшын, заснавальнік расейскай вэнчурнай кампаніі Untitled. І такіх выпадкаў нямала.
«Складана было выбраць топ-15 праектаў — новых, маладых, пэрспэктыўных, каб паказаць іх журы, — распавядае арганізатарка канфэрэнцыі Яна Лашкевіч. — «Амаль ва ўсіх вельмі добрыя ідэі, з кожнай можна нешта зьляпіць, зрабіць. Але амаль усім не хапае клясычных „софт-скілз“ — уменьня выступіць, данесьці сваю думку ляканічна, проста, зразумела. Гэтаму трэба навучаць у нашай індустрыі. Але яны малайцы», — падтрымлівае сваіх Яна Лашкевіч.
«У Лёндане ўсё тое самае», — камэнтуе прэзэнтацыі сябар журы і суаўтар беларускага стартапу «Кіно-Мо», які перамог у Лёндане, Кірыл Чыкеюк. Стваральнікі «Кіно-Мо» — прылады для стварэньня трохмерных выяваў — самі нядаўна выйгралі 150 тысяч фунтаў у знакамітым стартап-конкурсе Pitch to Rich 2015.
«Я не журы, — адхрышчваецца Кірыл. — Мая мэта — дапамагчы ўсім, але судзіць нікога не зьбіраюся». Сам ён кажа, што мэта прэзэнтацыі — зацікавіць інвэстара настолькі, каб ён захацеў з вамі пагаварыць. «І для гэтага ня трэба распавядаць усю гісторыю сваёй кампаніі», — пераконвае Кірыл.
Сярод усіх ідэяў Чыкеюк вылучае прыладу Scanam. Распрацоўшчыкі абяцаюць: адсканаваўшы тэлефонам штрых-код прадукту, можна адразу пабачыць, якія дадаткі ўтрымлівае ежа, і даведацца, наколькі яна карысная ці небясьпечная для здароўя.
«Гэтая кампанія крутая, — шчыра кажа Кірыл. — Але, ізноў жа, калі яна пачне зараз разьвівацца, то хутка зьявіцца яшчэ 10–20 такіх кампаніяў. Тут спатрэбяцца вялікія бюджэты, і трэба будзе ўсё вельмі хутка рэалізаваць. Таму, калі гэты стартап правільна зрабіць, правільна ўвайсьці на рынак, ён стане вялікім і крутым».
Аналягаў такой прылады ўжо хапае па ўсім сьвеце, але беларускія распрацоўшчыкі мяркуюць адхапіць сабе долю на ўсходнеэўрапейскім рынку. Пакуль што ў Scanam 7 тысяч зарэгістраваных карыстальнікаў, якія зрабілі 180 тысяч сканаў — каля тысячы ў дзень.
Аляксей, які прэзэнтуе Scanam, на пытаньне наўпрост, колькі трэба грошай на бліжэйшы час, называе сьціплыя «ня больш за сто тысяч». Колькі грошай трэба, каб разьвіваць прыладу далей, распрацоўшчыкі яшчэ не ўяўляюць.
«Проста тут на працягу дня многія зь іх правялі грунтоўныя ўдумлівыя бізнэс-размовы наконт гэтых праектаў, — кажа Яна Лашкевіч. — У іх вялікая будучыня. Тут галоўнае — не баяцца і ня бегчы за вялікімі грашыма. Важна інвэставаць свой асабісты час, свае ідэі, і так ці інакш гэта будзе інвэстыцыяй у разьвіцьцё індустрыі і разьвіцьцё краіны».
«Мы пакуль не гатовыя для вялікага бізнэсу. Але краіне ёсьць чым ганарыцца»
Каб зразумець, як пасьпяхова рэалізаваць ці адказна адмовіцца ад гэтых ідэяў, у другі дзень канфэрэнцыі MobileOptimized у сядзібе Ваньковічаў прачыталі больш за два дзясяткі лекцыяў. Тыя, хто даўно ці нядаўна сам быў стартапэрам, тлумачылі свае і чужыя памылкі.
Канфэрэнцыю для мабільных распрацоўшчыкаў MobileOptimized партал dev.by праводзіць ужо пяты раз.
«Пяць гадоў таму, калі мы пачыналі, мабільная распрацоўка ў Беларусі — гэта было нешта новае. Усім было цікава, усім хацелася, і мы сабралі мерапрыемства вельмі хутка і без праблемаў, — апавядае арганізатарка Яна Лашкевіч.
Сёлетняе мерапрыемства самае вялікае. У першы дзень, 13 ліпеня — гэта быў Дзень тэхналёгіяў — сабралі распрацоўшчыкаў мабільных прыладаў. У Дзень бізнэсу гаварылі пра разьвіцьцё, мэнэджмэнт і маркетынг. 15 ліпеня — GameDev Day — для тых, каго цікавіць індустрыя гульняў.
«Такія тэмы, як стартап, маркетынг, манэтызацыя, бізнэс мы паспрабавалі летась у рамках блёкаў і пабачылі, што гэта самае цікавае для людзей, — апісвае Яна структуру канфэрэнцыі. — Больш за тое, мы пабачылі, як зьмянілася індустрыя за апошні год і якія тэндэнцыі наперадзе».
Яна перакананая, што наперадзе якраз беларускія стартапы і беларускія праекты.
«Як аўтсорсінг мы неканкурэнтаздольныя, — кажа яна. — Мы занадта разумныя для аўтсорсінгу, занадта дарагія. Мы хочам рабіць больш, лепш. Мы хочам прымаць рашэньні.
Можа, мы пакуль не гатовыя для вялікага бізнэсу, бо ў Беларусі яго ня так шмат. Але краіне ёсьць чым ганарыцца. У нас ёсьць кампаніі, якія вядомыя ва ўсім сьвеце, якія прыцягваюць сюды інвэстараў, яшчэ больш зьнешніх грошай. Гэта тое, чаго не хапае, каб гэты бізнэс узьняўся».