Цяпер ужо мала хто памятае, што 10 сьнежня 2013 году Лукашэнка правёў вялікую нараду па пытаньнях будаўнічай галіны, якая праходзіла ў Палацы Незалежнасьці і працягвалася амаль 6 гадзін. На яе былі запрошана больш за 250 удзельнікаў, у тым ліку вышэйшыя службовыя асобы краіны, чальцы ўраду, кіраўнікі мясцовай вэртыкалі ўлады.
Тады кіраўнік Беларусі назваў гэта мерапрыемства знакавай падзеяй і паабяцаў, што падобныя нарады стануць рэгулярнымі, на іх будуць абмяркоўвацца найбольш надзённыя і значныя для людзей пытаньні разьвіцьця эканомікі і грамадзтва на сярэднетэрміновую пэрспэктыву. Лукашэнка адзначыў, што гэты форум бачыцца яму свайго роду аналягам пленума Цэнтральнага Камітэту Кампартыі ў савецкія часы, калі з усіх рэгіёнаў зьбіраліся кіраўнічыя кадры і адкрыта абмяркоўвалі, сумесна вырашалі найважнейшыя пытаньні жыцьця грамадзтва.
Ён заявіў: «Такога фармату і шырокага складу ўдзельнікаў патрабуюць як актуальнасьць тэматыкі, так і неабходнасьць усебаковага абмеркаваньня рэальнай сытуацыі ў вельмі важных сфэрах дзейнасьці, каб дайсьці да кожнага рэгіёну, кожнай арганізацыі... Неабходна часьцей, як мінімум раз на паўгода, зьбірацца ў такім складзе, каб на сыстэмнай аснове даваць сыгналы ўсяму грамадзтву пра праблемы, якія ўзьнікаюць, і шляхі іх вырашэньня... Таму мы дамовіліся, што ў пэрспэктыве такія нарады стануць нормай».
Лукашэнка анансаваў, што дзьве наступныя нарады будуць прысьвечаныя праблемам ЖКГ і разьвіцьцю аграпрамысловага комплексу.
Хутка будзе чатыры гады, як былі абнародаваныя тыя пляны. Але ніякіх падобных нарадаў у выглядзе пленумаў ЦК больш не адбылося.
Пра гэта можна было б забыцца, калі б ня новыя факты нязьдзейсьненых плянаў і абяцаньняў.
Пасьля ня вельмі ўдалага выступу зборнай Беларусі на Алімпійскіх гульнях у Бразыліі ў 2016 годзе Лукашэнка паабяцаў правесьці вялікую нараду і ўчыніць жорсткі «разбор палётаў». Усе чакаюць дасюль.
Таксама было абяцаньне правесьці вялікую нараду па пытаньні адукацыі ў краіне.
На сакавік была заплянаваная нарада па пытаньнях рэфармаваньня дзяржаўнай уласнасьці. Гэтага патрабуе МВФ.
Старшыня Цэнтравыбаркаму Ярмошына некалькі разоў паведамляла, што ў сакавіку павінна была прайсьці нарада па рэфармаваньні выбарчага заканадаўства. На гэтым настойваюць АБСЭ і Эўразьвяз.
Але ўсе гэтыя пляны і намеры падвісьлі.
9 сакавіка Лукашэнка даручыў да 1 красавіка дапрацаваць дэкрэт № 3 аб дармаедах і прадставіць яму на подпіс. Але лёс дэкрэту невядомы.
14 сакавіка Лукашэнка заявіў, што трэба заслухаць справаздачу ўраду пра тэндэнцыі і сытуацыю ў эканоміцы па выніках першага кварталу. Мерапрыемства плянавалася правесьці ў пашыраным складзе, зьбіраліся запрасіць больш за 300 чалавек. Прайшло больш за месяц, першы квартал скончыўся, і 21 красавіка, выступаючы з пасланьнем да беларускага народу і Нацыянальнага сходу, Лукашэнка чарговым разам паабяцаў:
«Больш дэталёва сытуацыю ў эканоміцы краіны мы бліжэйшым часам разгледзім на пасяджэньні ўраду, а дакладней, пры справаздачы ўраду перад прэзыдэнтам. Гэта будзе бліжэйшым часам з удзелам нашых дэпутатаў і сэнатараў, Нацыянальнага банку, усёй вэртыкалі ўлады і кіраўнікоў найважнейшых арганізацый».
Ужо канец траўня, хутка скончыцца другі квартал, а нарады ўсё няма.
Такім чынам, мы маем цікавую і вельмі адметную сытуацыю. Да таго, што палітычнае кіраўніцтва ня ў стане вырашыць ніводнае эканамічнае пытаньне, мы ўжо неяк прызвычаіліся. Ніводзін праект па мадэрнізацыі не завяршыўся посьпехам, то бок ня стаў акупным.
Але цяпер мы бачым, што нават правядзеньне чыста бюракратычнага мерапрыемства становіцца вялікай праблемай. Бо ў кіраўніцтва няма адзінства і ідэй, яно проста ня здольнае да ўцямных рашэньняў. Гэта прыкмета паралічу дзяржапарату. Адзінае, што ён можа, — гэта прыдушыць апазыцыю і вулічныя пратэсты.
Гэта прыкмета паралічу дзяржапарату
Напрошваецца адна гістарычная аналёгія. У апошнія гады свайго жыцьця хворы і стары Ёсіф Сталін рэдка прыяжджаў у Крэмль. Ён сядзеў на дачы ў Кунцаве і час ад часу прымаў сваё бліжэйшае атачэньне, прычым позна вечарам у форме застольляў. Паколькі ўся сыстэма дзяржаўнага кіраваньня была завязаная на адным чалавеку, то насьпелыя рашэньні па пытаньнях палітычнага, эканамічнага і грамадзкага жыцьця не прымаліся. 13 гадоў не праходзілі зьезды Кампартыі, гадамі не праводзіліся пленумы ЦК. Сталін стаміўся ад працы і цешыўся сваім статусам паўбога.
І брэжнеўскі застой надышоў тады, калі першая асоба апынулася ў стане фізычнай і псыхалягічнай неадэкватнасьці.
У палітычнай сыстэме, дзе ўсе больш-менш важныя рашэньні прымаюцца на вяршыні адміністрацыйнай піраміды, вельмі шмат залежыць ад першай асобы. Любая замінка гэтай асобы паралізуе працу ўсяго дзяржаўнага апарату. І справа тут ня толькі ў пэўнай разгубленасьці і адсутнасьці новых ідэй, няздольнасьці рэагаваць на новыя выклікі. Чалавек за 23 гады ва ўладзе можа проста стаміцца. Хочацца адпачыць. Дый хакейную трэніроўку нельга ж прапускаць.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.