У дзяржаўным гандлёвым цэнтры «Сталіца», што пад зямлёй на плошчы Незалежнасьці ў Менску, застаюцца не занятыя арандатарамі 4 тысячы квадратных мэтраў. Чаму «Сталіца», якая знаходзіцца ў самым цэнтры гораду, мае пустыя плошчы?
На пачатку году інтэрнэт-тролі ўнесьлі праўкі на карты Google і назвалі гэты гандлёвы цэнтар «Сталіцай Лукашэнкі».
Магчыма, гэты жарт зьвязаны з тым, што кіраўнік краіны Аляксандар Лукашэнка браў удзел ва ўрачыстым адкрыцьці «Сталіцы» ў 2006 годзе.Тады прэзыдэнцкая прэс-служба паведамляла, што «ў сьвеце аналягічныя цэнтры — гэта найбольш пэрспэктыўныя і акупныя аб’екты, прывабныя для інвэстараў і арандатараў». Тады Лукашэнка наведаў фірмовыя крамы вядомых беларускіх вытворцаў — «Беліты», «Галантэі», «Элемы», шклозаводу «Нёман», кампаніі «Серж».
Чаму «Элема» зачынілася?
Цяпер асобнай крамы «Элема» ў гандлёвым цэнтры няма. На прадпрыемстве карэспандэнту Свабоды сказалі, што ад пачатку гэтага году «Элема» мае агульны гандлёвы пункт з «ELIZ». Чаму ж няма асобнай крамы?
«Мы зьехалі адтуль яшчэ 4 гады таму. Арэнда была дарагая. Адчыняць асобную краму ў „Сталіцы“ не зьбіраемся. Там мала людзей, слабая праходнасьць. Мы адчыняемся там, дзе ёсьць трафік», — сказалі на ААТ «Элема».
Крама «Нёмана» пераехала
Зачынілася і вялікая крама шклозаводу «Нёман». Замест яе прадпрыемства адчыніла невялікую, удвая меншай плошчы. Прычына зноў жа ў дарагой арэндзе. На шклозаводзе карэспандэнту Свабоды сказалі, што яны цяпер арандуюць памяшканьне ў дзяржаўнага абʼяднаньня «Гаражы, аўтастаянкі і паркоўкі», якому належыць паркінг у «Сталіцы».
«У гэтай краме рэнтабэльнасьць продажаў у нас плюсавая. Мы б хацелі большыя плошчы, але трэба правільна разумець эканамічную сытуацыю, лічыць усе „за“ і „супраць“», — сказала начальнік аддзелу продажаў «Нёмана» Жанна Кучынская.
Напаўняльнасьць — 81%
Змрочныя, пустыя, зь цёмным шклом памяшканьні, якія застаюцца без арандатараў на сярэднім і ніжнім узроўнях гандлёвага цэнтру, зьдзіўляюць наведнікаў.
У Галоўным упраўленьні спажывецкага рынку Менгарвыканкаму сказалі, што ўся прыдатная для арэнды плошча ў «Сталіцы» — 22 тысячы квадратных мэтраў. На сёньня вольныя 4 тысячы. У выніку напаўняльнасьць — 81% ( па дадзеных за першае паўгодзьдзе 81,7%).
Памер стаўкі залежыць ад таго, ці гэта гандлёвы аб’ект, ці там аказваюцца паслугі. Самая нізкая арэнда — у гандлёвага памяшканьня плошчай больш за тысячу квадратных мэтраў, яна складае 13 рублёў. Самая высокая — на верхнім узроўні, гэта памяшканьне плошчай да 60 квадратных мэтраў, 130 рублёў.
У сьнежні мінулага году ў «Сталіцы» зьнізілі арэндныя стаўкі, аднак поўнасьцю «ажывіць» гандлёвы цэнтар пакуль не ўдалося.
«Тут яшчэ ёсьць пытаньне эканомікі. І яшчэ ня столькі арэнда, а колькасьць гандлёвых цэнтраў, якія ёсьць у Менску. Іх усё больш і яны ў прыватнай уласнасьці, — сказалі ва ўпраўленьні. — „Сталіца“ — дзяржаўная маёмасьць, і арэнда тут рэгулюецца прэзыдэнцкім указам № 150 і там ёсьць нормы. А гаспадар, які мае нейкі ГЦ у цэнтры горада, мае магчымасьць ня браць арэнду цягам нейкага рамонту альбо ўстанаўліваць стаўку па дамове. Мы такіх магчымасьцяў ня маем. Усе арандатары да нас прыходзяць праз аўкцыён па проджы права на арэнду, які праводзіць Менскі гарадзкі цэнтар нерухомасьці», — сказалі ва ўпраўленьні.
Хаця, напрыклад, Аршанскі льнокамбінат, які раней арандаваў у гандлёвым цэнтры на сярэднім узроўні 130 квадратных мэтраў, пераехаў у большае памяшканьне на 360 кв.м і адкрыў там краму «Беларускі лён». Аднак наведнікаў у гэтай краме, як і ў іншых, пакуль што няшмат.
«Не хапае хуткага прыняцьця рашэньняў»
Наведнікі скардзяцца, што ў «Сталіцы» цяжка дыхаецца і бракуе фірмовых крамаў. Ці памянялася што з вэнтыляцыяй?
«Калі мы адкрыліся, вэнтыляцыя была яшчэ горшая, — кажа прадавачка кіёску „Падарункі са Сталіцы“ Алена. — Як тут можна паставіць кандыцыянэры, калі мы пад зямлёй? І гэта ж каштуе грошай. Калі будавалі, на гэтым зэканомілі».
Кіёск «Падарункі са Сталіцы» працуе ад самага адкрыцьця гандлёвага цэнтру, прапануе беларускія вырабы.
«Многае залежыць таксама ад брэндавых крамаў, якімі цікавіцца моладзь. А ў нас, калі адкрываўся гандлёвы цэнтар, акцэнт быў на беларускі тавар, і гэтага трэба было трымацца. У нас, на жаль, няма тут беларускай кухні, хоць турысты хочуць менавіта беларускую», — кажа Аксана.
Паводле жанчыны, не хапае хуткага прыняцьця рашэньняў.
«Калі камэрцыйныя цэнтры дазваляюць сабе скінуць тую ж арэнду, хутка гэта вырашыць і ісьці ў нагу з часам, то ў нас, на дзяржаўным прадпрыемстве, гэта немагчыма вырашыць хутка. Для нас гэта высокая арэнда», — кажа Аксана.
Зьявіліся ігуана і дзікабраз
Гандляры «Сталіцы» мяркуюць, што «Сталіцу» трэба «прымарафэціць», памяняць дызайн, фармат. У цэнтры ўжо зрабілі бясплатнымі прыбіральні.
Каб завабіць наведнікаў, на ніжнім узроўні 15 ліпеня адкрылі міні-заапарк. Яго дырэктарка Аксана Гусачэнка з Мазыра кажа, што заапарк дае гандлёваму цэнтру ад 60 да 100 наведнікаў штодня. Тут можна пабачыць ігуану, удава, ліса, які па камандзе садзіцца, дзікабраза, фазана і іншых жывёл. Уваходны квіток — 13 рублёў.
«Ідзе здаровая ратацыя арандатараў»
Намесьнік начальніка Галоўнага ўпраўленьня спажывецкага рынку Менгарвыканкаму Юры Натычка кажа, што ў «Сталіцы» «ідзе здаровая ратацыя арандатараў».
«Цяпер 81% памяшканьняў гандлёвага цэнтру занятыя. Сярэдні паказальнік па Менску па гандлёвых цэнтрах вагаецца ад 80 да 82%. Таму мы ня можам сказаць, што ён пусты стаіць. Але лічым, што шэраг захадаў павінен быць зроблены».
Паводле Юрыя Натычкі, плянуецца прыцягнуць дадатковых арандатараў, у тым ліку і «якарных».
«Перамовы праведзеныя, пакуль не магу агучыць вынікі, — сказаў ён. — Хутчэй за ўсё, будзем разглядаць пытаньне пра зьніжэньне ставак арэнднай платы».
Паводле Юрыя Натычкі, наведвальнасьць у «Сталіцы» ёсьць.
«Пытаньне ў тым, што ня так многа, як хацелася б гандлярам, бо кожны хоча, каб у яго краму стаяла чарга. Я не сказаў бы, што там няма наведвальнасьці і цэнтар памірае. Я думаю, што цэнтар будзе жыць. Я згодны, што сытуацыя на рынку зьмянілася, таму спрабуем знайсьці больш-менш прымальныя варыянты, каб у гандлёвым цэнтры быў рух, пакупнікі і былі прыстойныя крамы», — кажа Юры Натычка.
На пытаньне, ці варта перадаць гандлёвы цэнтар у прыватную ўласнасьць, Юры Натычка адказаў, што «перадаць прыватніку аб’екут камунальнай уласнасьці на бязвыплатнай аснове адназначна нельга».
Спадзяваньні на паркінг
Ва ўпраўленьні спадзяюцца, што гандлёваму цэнтру «Сталіца» ўжо гэтай восеньню Менгарвыканкам перадасьць паркінг, які цяпер належыць дзяржаўнаму абʼяднаньню «Гаражы, аўтастаянкі і паркоўкі». Плянуецца, што пасьля гэтага ўдасца зьменшыць плату за стаянку — магчыма, нават да нуля на першыя дзьве гадзіны.
«Можа, гэта дапаможа нам здаць гэтыя плошчы ў арэнду. Але пакуль што гэта толькі на паперы», — сказалі ва ўпраўленьні.
«Гэты гандлёвы цэнтар састарэў»
Кіраўнік праеку BelRetail.by Сяргей Скараход сказаў карэспандэнту Свабоды, што ўся праблема «Сталіцы» палягае ў тым, што гандлёвы цэнтар знаходзіцца ў дзяржаўным кіраваньні. А спэцыялісты, якія займаюцца фармаваньнем пула арандатараў, «працуюць у жорсткіх дзяржаўных рамках».
«Стандарты, прынятыя ў прыватным бізнэсе, вельмі далёка пайшлі наперад параўнальна з тым, што прымяняецца ў „Сталіцы“.
Гандлёвыя цэнтры сёньня паступова адыходзяць ад фармату толькі гандлёвай галерэі, і ўвесь час павялічваецца забаўляльная частка — фуд-корты, дзіцячыя цэнтры, кінатэатры і гэтак далей. У „Сталіцы“ гэтай часткі вельмі мала, і гэта выглядае несучасна.
І там заўсёды былі праблемы з вэнтыляцыяй, таму людзям было фізычна некамфортна ў гэтым ГЦ. І калі адчыніліся Galleria Minsk, Замак, Dana Mall, уся аўдыторыя ўцягнулася ў новыя ГЦ, дзе ёсьць якасныя крамы, добрыя, вядомыя брэнды, якія прыцягваюць аўдыторыю», — сказаў Сяргей Скараход.
Паводле экспэрта, для гучных модных брэндаў, такіх як ZARA ці H&M, якія апошнім часам прыйшлі на беларускі рынак, стандарты «Сталіцы» непрымальныя ці па мэтражы, ці па тэхнічных характарыстыках.
«Канструктыўна гэты гандлёвы цэнтар састарэў, яго трэба кардынальна перабудоўваць. І самае лепшае для яго выйсьце — гэта проста прадаць яго прыватнаму інвэстару, каб той заняўся кіраваньнем і канцэпцыяй гэтага ГЦ. Бо наўрад ці дзяржава гэта зможа ўсё зрабіць».
«Калі нічога не рабіць, то яна проста памрэ»
Цягам апошніх гадоў пра «Сталіцу» пішуць як пра гандлёвы цэнтар, які памірае. Ці так гэта насамрэч?
«Так. Дык я ж кажу, калі нічога не рабіць і пакінуць так, як ёсьць, то яна проста памрэ, — кажа Сяргей Скараход. — Альбо яна будзе проста смактаць бюджэтныя грошы. Як дзяржаўнае прадпрыемства яна датуецца, бо там мала арандатараў і наведнікаў. Людзі, якія кіруюць цэнтрам, не прыцягваюць аўдыторыю, трафік. Усё паступова прыходзіць да нуля.
І рана ці позна прыйдзе той момант, калі дзяржава стоміцца ўкладаць грошы ў падтрымку функцыянаваньня цэнтру, бо я думаю, што ён цяпер дакладна стратны. І рана ці позна яна вырашыць выставіць яго на аўкцыён».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што стала з імпэрыяй Юрыя Чыжа ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 8 з 10 заказаў робяць мужчыны. Што беларусы замаўляюць у сэкс-шопе