Тэма, якая на працягу больш як года нязьменна гучыць у пошце Свабоды, — драматычныя падзеі на паўднёвым усходзе Ўкраіны, вострае супрацьстаяньне паміж Масквой і Кіевам, у арбіту якога міжволі аказалася ўцягнутай і Беларусь.
Наш слухач Васіль Тур зь Берасьця, зь ліста якога пачну сёньняшнюю размову, спрабуе адшукаць карані гэтага канфлікту ў нядаўняй гісторыі:
«Адной з прычынаў вайны ва Ўкраіне стала моўная праблема — дакладней, спроба ўкраінскай дзяржавы паступова ўмацаваць пазыцыі ўкраінскай мовы. Зразумела, што Расеі гэта не спадабалася.
Падобная задача стаіць і перад Рэспублікай Беларусь. Але ў нас гэты працэс моцна затарможаны. Хоць спыніць яго, мяркую, немагчыма: любая незалежная дзяржава вымушана дбаць пра ўмацаваньне ідэнтычнасьці тытульнай нацыі. Бяз гэтага, маючы такіх агрэсіўных суседзяў, немагчыма захаваць незалежнасьць.
Савецкі Саюз хоць і дэкляраваў роўнасьць і росквіт усіх нацыяў, насамрэч дбаў найперш аб русыфікацыі. Успамінаю сваю маладосьць. У 1965 годзе давялося пераехаць зь вёскі ў Берасьце. Я пайшоў у 9 кляс беларускамоўнай школы. Са мной на кватэры жылі дзьве дзяўчынкі. Яны заканчвалі вучылішча і вельмі перажывалі. Па разьмеркаваньні іх у абавязковым парадку накіроўвалі на працу ў Азэрбайджан. Ехаць туды яны дужа не хацелі і баяліся. Адна хуценька выйшла замуж і засталася ў Берасьці. А другая вымушаная была паехаць...
Якая была патрэба гнаць гэтых дзяцей за трыдзевяць зямель, у чужы край? Я так думаю, уся справа ў тым, што КПСС імкнулася такім чынам перамяшаць нацыі, штучна стварыць адзін расейскамоўны савецкі народ. Аднак супраць прыроды далёка не папрэш. Савецкі народ так і не стварылі, надарваліся...».
Сапраўды, хоць савецкія ўлады асабліва не афішавалі гэтую палітыку, але русыфікацыя нацыянальных ускраін пасьлядоўна ажыцьцяўлялася на працягу ўсяго існаваньня СССР. Асабліва масавым было перасяленьне расейскамоўных у паваенныя гады на новадалучаныя тэрыторыі (у прыбалтыйскія рэспублікі, Заходнюю Беларусь і Заходнюю Ўкраіну, Малдову). Адбывалася гэта фармальна дзеля так званага «кадравага ўмацаваньня». Але фактычна вяло да істотнай зьмены ў нацыянальным складзе насельніцтва саюзных рэспублік — рэзка павялічваючы долю расейцаў і расейскамоўных. Постсавецкія краіны дагэтуль сутыкаюцца зь вялікімі праблемамі, выкліканымі наступствамі той палітыкі. Асабліва выразна гэта бачна на прыкладзе краінаў Балтыі. Межы так званага «рускага сьвету», за ідэалы якога распачаў змаганьне Пуцін, усталёўвалі якраз тыя крамлёўскія стратэгі праз мэтанакіраваныя этнічныя міграцыі насельніцтва.
✉ ✉ ✉Аўтар наступнага ліста, Ігар Сімашковіч з пасёлку Ула Бешанковіцкага раёну, разважае пра небясьпеку таго, што на зьмену Лукашэнку-старэйшаму ў Беларусі можа прыйсьці Лукашэнка-малодшы. Слухач піша:
«Жыцьцё ў нашай краіне, сапраўды, нібы ў страшнай казцы: чым далей — тым жахлівей. Улада выкручваецца, нібы гадзюка ў канвульсіях. Думаю, што гэта — агонія.
Закон у нашай дзяржаве — гэта воля аднаго ўсім вядомага чалавека. І стабільнасьць у ягоным разуменьні — гэта найперш недатыкальнасьць ягонай асабістай улады. Вось тут ён стараецца ад душы. І ўся наша стабільнасьць больш нагадвае застойнае брыдкае балота. Апошнім часам усё больш задаю сабе пытаньне: а ці ня хоча ён запачаткаваць дынастыю Лукашэнкаў ля руля дзяржавы?
Але ўсё мае свой пачатак і свой канец. І для беларускай дыктатуры гэты канец будзе надта сумны. Усё ж Беларусь — гэта ня Азія і ня Блізкі Ўсход. І дынастычная дыктатура большасьць нашага насельніцтва зусім ня вабіць».
Беларусь паводле формы дзяржаўнага ўладкаваньня, як вядома, пакуль што — ня спадчынная манархія, а якая-ніякая рэспубліка. Зрэшты, для некаторых аўтарытарных валадароў гэта ня ёсьць неадольнай перашкодай. Напрыклад, у Сырыі фармальна рэспубліканская форма ўлады не перашкодзіла Асаду-бацьку перадаць прэзыдэнцкі трон Асаду-сыну. На постсавецкай прасторы такую ж дынастычную перадачу ўлады ажыцьцявіў у Азэрбайджане аўтарытарны валадар Гейдар Аліеў.
✉ ✉ ✉І яшчэ адзін кароткі ліст — на тэму становішча беларускай мовы. Галіна Бачыла зь Менску піша:
«Так прыемна чуць добрую беларускую мову. Стараюся пісаць вам па-беларуску, але даруйце за памылкі. Мы ўсё жыцьцё пражылі ў Менску ў спрэс расейскамоўным асяродзьдзі. І калі брат майго бацькі (а ён быў паэтам) размаўляў з намі на мове — гэта была нейкая нерэальная зьява».
Спадарыня Галіна мела на ўвазе, відавочна, Алеся Бачылу — добрага беларускага паэта, якога ўжо больш як трыццаць гадоў няма сярод нас. Але амаль усе ў Беларусі ведаюць напісаную на ягоныя словы кампазытарам Уладзімерам Алоўнікавым песьню «Радзіма мая дарагая», якая часта гучыць і сёньня.
Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду.
Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.
Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную нядзелю.
Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.