Сьледзтва па крымінальнай справе супраць жыхара Рудзенску Ўладзімера Кондруся, якога праваабаронцы Беларусі прызналі палітвязьнем, скончана. Матэрыялы справы перададзеныя ў суд.
Пра гэта паведамляе «Наша Ніва» са спасылкай на адваката Кондруся Вадзіма Мушынскага.
Уладзімера Кондруся ўзялі пад варту 14 чэрвеня 2016 году ў межах папярэдняга расьсьледаваньня за меркаваны ўдзел у масавых беспарадках каля Дому ўраду падчас мітынгу пратэсту пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году. На знак пратэсту супроць арышту Ўладзімер Кондрусь трымаў у менскім сьледчым ізалятары на вуліцы Валадарскага галадоўку пратэсту і вельмі схуднеў.
«Апошні раз я бачыў Уладзімера тыдні тры таму — напрыканцы верасьня. Ён быў пад вартай — у менскім СІЗА на Валадарцы. Кондрусь яшчэ праходзіў нейкую там рэабілітацыю, быў у санчастцы, але ён ужо набраў вагу трохі, ужо сам хадзіў, нармальна размаўляў. Усё ў парадку было. Наколькі мне вядома, аніякіх звышжорсткіх наступстваў галадоўка не дала... Ва ўсякім выпадку, ён мне нічога пра такое не казаў», — сказаў Мушынскі.