Пазоў ААТ «Мілкавіта» да журналіста Юрыя Карманава тычыцца абароны дзелавой рэпутацыі. Рашэньне пра перадачу справы гомельскага вытворцы малочнай прадукцыі супраць журналіста прыняла судзьдзя Маскоўскага раёну Менску Алена Рудніцкая.
Як напісала ў «Фэйсбуку» прэс-сакратарка Вярхоўнага Суду Беларусі Юлія Ляскова, пра дату судовага пасяджэньня эканамічнага суду будзе паведамлена дадаткова.
У суд на Карманава падало ААТ «Мілкавіта» — так яно адрэагавала на расьсьледаваньне Юрася Карманава, апублікаванае 25 красавіка 2016 году. Журналісты знайшлі фэрму Мікалая Чубянка пры самым Палескім дзяржаўным радыяцыйна-экалягічным запаведніку. Фэрмэр расказаў, што завод «Мілкавіты» ў Хвойніках штодня прымае ад ягонай фэрмы 2 тоны малака. Дасьледаваўшы на запыт журналіста Карманава ўзор малака з чубянковай фэрмы, Менскі гарадзкі цэнтар гігіены і эпідэміялёгіі зафіксаваў перавышэньне дапушчальнай нормы наяўнасьці стронцыю-90 у 10 разоў (37,5 Бк/кг стронцыю пры норме 3,7 Бк/кг).
Аўтар расьсьледаваньня лічыць, што сутнасьць справы «не ў малацэ, а ў хваравітай рэакцыі дзяржавы на журналісцкае расьсьледаваньне».
Ён заўважае, што матэрыял зьмяшчаў адразу некалькі фактаў, якія павінны былі б прыцягнуць увагу дзяржаўных органаў, і што ў Беларусі няма агульнадаступнага кантролю за трансуранавымі элемэнтамі, у прыватнасьці за амэрыцыем.