Сьледзтва па «справе графіцістаў» працягваецца. Пра гэта карэспандэнту Свабоды сказала афіцыйная прадстаўніца Сьледчага камітэту Юлія Ганчарова.
Раней паведамлялася, што тэрмін папярэдняга сьледзтва па справе працягнуты да 30 лістапада.
«Пакуль ціха, больш як месяц ніхто не выклкае», — сказаў адзін зь фігурантаў справы Максім Пякарскі.
Тым часам Вячаслаў Касінераў атрымаў паведамленьне аб узбуджэньні крымінальнай справы па факце нанясеньня яму менш цяжкага цялеснага пашкоджаньня падчас затрыманьня 11 жніўня. У выніку тых падзеяў Вячаслаў трапіў у лякарню са зламанай сківіцай.
«1 сьнежня я іду на допыт якраз па гэтай справе. Адзінае, са Сьледчага камітэту, дзе ў мяне быў першы допыт, яны перанесьлі справу на Маскоўскі райаддзел Менску. Яны завялі справу па менш цяжкім цялесным пашкоджаньні, што мне падалося вельмі дзіўным. Бо калі больш за месяц ты траціш працаздольнасьць, то гэта ўжо лічыцца цяжкімі цялеснымі. Але чамусьці яны пачалі справу па менш цяжкіх».
Вячаслаў Касінераў сказаў, што лячэньне скончылася прыкладна тыдзень таму:
«За час, калі ў мяне быў закрыты рот, было складана есьці, чысьціць зубы. У выніку ў мяне папсаваліся зубы, я нядаўна вылечыў 7 карыесаў. Таксама нядаўна было запаленьне. Аднак хірургі мне параілі не выдаляць зуб, бо спатрэбілася б яшчэ адна апэрацыя, і мне пагражала інваліднасьць».
11 жніўня гэтага году Максіма Пякарскага, Вячаслава Касінерава, Вадзіма Жаромскага і Яраслава Ўльяненкава жорстка затрымалі супрацоўнікі спэцыяльнага атраду хуткага рэагаваньня ўнутраных войскаў МУС Беларусі. Сьледчы камітэт прад’явіў Максіму Пякарскаму, Вячаславу Касінераву і Вадзіму Жаромскаму абвінавачаньні паводле ч. 2 арт. 339 — «Хуліганства, учыненае групай асобаў».
Хлопцаў падазраюць па трох крымінальных справах: дзьве — за тое, што нібыта нанесьлі беларускамоўныя графіці «Беларусь мае быць беларускай» і «Рэвалюцыя сьвядомасьці, яна ўжо ідзе...», трэцяя — за тое, што нібыта запэцкалі фарбай сацыяльны бігборд з выявамі супрацоўнікаў міліцыі. Тэрмін папярэдняга сьледзтва быў працягнуты да 30 лістапада.