Магілёўская пракуратура накіравала крымінальную справу супраць Андрэя Бандарэнкі ў суд Ленінскага раёну Магілёва. Паводле праваабаронцаў, дату суду могуць прызначыць бліжэй да сярэдзіны лютага.
Андрэя Банадарэнку вінавацяць у злосным непадпарадкаваньні патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы. За гэта вязьню пагражае пазбаўленьне волі на тэрмін да двух гадоў, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».
Праваабаронцам стала вядома, што справу перадалі ў суд 18 студзеня. У пракуратуры справа разглядалася ўсяго адзін дзень — 17 студзеня. Пакуль невядома, як будзе праходзіць судовы працэс: даставяць Андрэя Бандарэнку ў суд Ленінскага раёну ці справа будзе разгледжана на тэрыторыі турмы, як гэта адбылося са зьняволеным гэтай жа ўстановы, былым палітвязьнем Мікалаем Дзядком.
У выпадку асуджэньня Бандарэнкі праваабаронцы будуць гатовыя прызнаць яго палітзьняволеным.
Сябра «Вясны» Тацяна Равяка напісала ў фэйсбуку, што працэс будзе адкрыты і ёсьць шанец, што Андрэя прывязуць у суд і ўсе змогуць туды трапіць.
«Ёсьць варыянт, што суд зробяць выязным і будуць праводзіць яго на тэрыторыі турмы, як гэта было зь Мікалаем Дзядком. Тады толькі пусьцілі жонку і бацьку Мікалая.
Але яшчэ раз нагадваю — судовы працэс адкрыты, і суд павінен забясьпечыць гэта — ці ў сваім памяшканьні, ці на тэрыторыі турмы».
Андрэй Бандарэнка моцна абмежаваны ў перапісцы: ягоныя лісты не выходзяць за сьцены турмы, і невядома, ці атрымлівае сам вязень лісты, адрасаваныя яму. Таксама яго пазбавілі адзінага на год кароткатэрміновага спатканьня.
8 лютага ў Магілёўскім абласным судзе пройдзе касацыйны разгляд скаргі на спагнаньне, якое было вынесена Андрэю Бандарэнка за нібыта няякасна зробленыя канвэрты, а таксама за тое, што не прадставіў рапарт супрацоўніку турмы адпаведным чынам.
19 сьнежня суд Ленінскага раёну Магілёва стаў на бок адміністрацыі турмы № 4 і адхіліў скаргу асуджанага.
Андрэй Бандарэнка — былы кіраўнік праваабарончай арганізацыі «Плятформа Інавэйшн», якая займалася маніторынгам месцаў зьняволеньня. У 2014 годзе яго прызналі вінаватым у хуліганстве, злосным хуліганстве і асабліва злосным хуліганстве ў дачыненьні да трох грамадзян і асудзілі на 3 гады калёніі ўзмоцненага рэжыму.
Усяго на Андрэя Бандарэнку накладзена больш за дзясятак спагнаньняў у розных месцах пазбаўленьня волі, дзе ён адбываў тэрмін. З гэтай прычыны былы кіраўнік «Плятформы Інавэйшн» прызнаны злосным парушальнікам рэжыму.
Цяперашні тэрмін зьняволеньня Андрэя Бандарэнкі заканчваецца 31 сакавіка 2017 году.