Да 20 гадоў турмы з канфіскацыяй: прысуды гандлярам спайсаў, у ліку якіх былыя супрацоўнікі КДБ і МУС

«Справа 17-ці». Архіўнае фота

Суд прызнаў былога студэнта журфаку БДУ Канстанціна Вілюгу вінаватым у распаўсюдзе наркотыкаў і пакараў 20 гадамі зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці. Вырак вынесены яшчэ 16 ягоным хаўрусьнікам.

13 сьнежня ў Менскім гарадзкім судзе абвешчаны прысуд у адным з самых гучных і працяглых працэсаў, зьвязаных з наркотыкамі. Адразу 17 падсудных прызналі вінаватымі ў распаўсюдзе наркатычных рэчываў і асудзілі да рознага пакараньня.

Аліна Церагера (бухгальтарка) пакараная 18 гадамі турмы, былому супрацоўніку КДБ Дзьмітрыю Вераценскаму прысудзілі 15 гадоў турмы з канфіскацыяй і пазбаўленьнем званьня маёра.

Другому былому супрацоўніку КДБ, Ігару Карыцкаму, далі 14 гадоў турмы з канфіскацыяй і пазбаўленьнем званьня маёра.

Канстанціна Дзенісевіча, былога міліцыянта, прыгаварылі да 14 гадоў з канфіскацыяй і пазбаўленьнем званьня падпалкоўніка міліцыі.

Іна Семяняка, грамадзянка РФ, сяброўка Вілюгі, атрымала 16 гадоў пазбаўленьня волі. ​Марат Багель пакараны 8 гадамі турмы з канфіскацыяй маёмасьці.

Менш за ўсіх атрымалі Валер Страбкоў (2 гады) і Фёдар Артамонаў (4 гады) пазбаўленьня волі без накіраваньня ў месцы зьняволеньня.

Адвакат асуджаных за спайсы: прысуды нечакана жорсткія

Зь Вілюгі і яшчэ некалькіх саўдзельнікаў суд пастанавіў спагнаць больш за 100 тысяч рублёў за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасьць.

Працэс над «групоўкай Вілюгі» пачаўся ў пачатку 2016 году, старшынём на судзе быў судзьдзя Сяргей Хрыпач, дзяржаўнае абвінавачаньне прадстаўляў пракурор Алег Буйлянкоў.

Канстанцін Вілюга скончыў журфак БДУ, падчас вучобы супрацоўнічаў з газэтай «Советская Белоруссия». 4 лістапада 2014 году Вілюга быў затрыманы байцамі спэцпадразьдзяленьня «Алмаз», калі ехаў у аўтамабілі «Мэрсэдэс» S-клясы з нумарным знакам 0101. Паводле вэрсіі сьледзтва, у 2011 годзе падсудны запусьціў сайт LegalMіnsk, які фігуруе ў многіх крымінальных справах, зьвязаных зь незаконным распаўсюджваньнем наркотыкаў.

У судзе Канстанцін Вілюга не прызнаваў віны, як і частка тых, каго зь ім судзілі. Некаторыя з абвінавачваных віну прызнавалі цалкам альбо часткова.