Старшыня Паралімпійскага камітэту Беларусі Алег Шэпель заявіў у інтэрвію карэспандэнту Свабоды, што на ўрачыстай цырымоніі адкрыцьця Паралімпійскіх гульняў беларускія спартоўцы панясуць афіцыйны сьцяг Беларусі.
Ён зьняпраўдзіў паведамленьні ў СМІ, што беларускія спартоўцы будуць несьці расейскі сьцяг. Пра гэта напісала нават БЕЛТА, аднак потым інфармацыя зьнікла.
«Што тычыцца расейскага сьцяга, то ёсьць крытэры. І мы не зьбіраемся гэтыя крытэры парушаць. Бо спартоўцы не павінны займацца палітыкай.
І тая дэлегацыя, якая афіцыйна выйдзе на Маракану, яна будзе несьці толькі беларускі сьцяг. І ніякага іншага. Бо спартоўцы павінны займацца спортам і паказваць вынікі на дарожках, у залях.
А што тычыцца афіцыйнай дэлегацыі, то я ўпэўнены, што ня толькі беларускі. Я ня бачу падстаў, калі мы кажам, што ў нас дэмакратыя, што апроч беларускага я магу ўзяць і расейскі сьцяг на афіцыйнай трыбуне. Але ні ў якім разе не дэлегацыя.
Я ня бачу падстаў, калі мы кажам, што ў нас дэмакратыя, што апроч беларускага я магу ўзяць і расейскі сьцяг на афіцыйнай трыбуне
У мяне вельмі добрыя стасункі з прэзыдэнтам Паралімпійскага камітэту Расеі Ўладзімерам Лукіным, я яго абавязаны падтрымаць. Ня толькі я. А што тычыцца спартоўцаў, то яны павінны займацца спортам. Калі мы не аддзелім спорт ад палітыкі, у тым ліку і паралімпійскі рух, гэта ня вельмі добра скончыцца».
Алег Шэпель таксама пракамэнтаваў рашэньне адхіліць расейскіх спартоўцаў ад удзелу ў Паралімпіядзе ў Рыё-дэ-Жанэйра.
«Гэта самае дрэннае рашэньне за ўсю гісторыю паралімпійскага руху. Калі мы кажам пра эўрапейскую канвэнцыю аб правах чалавека, то там ясна напісана, што чалавек не нясе калектыўнай адказнасьці.
І калі мы абвінавачваем расейкі паралімпійскі рух, то ў мяне некалькі пытаньняў. Калі мы кажам, што, паводле дакладу ВАДА, недзе з 2012 па 2016 гады 35 пробаў нібыта станоўчых прапалі, то чаму мы маўчалі ў 2013 ці ў 2015 годзе? Калі нехта вінаваты, то назавіце прозьвішчы 35 чалавек. Калі нехта вінаваты з функцыянэраў, назавіце іх прозьвішчы.
Але нельга караць паралімпійцаў. Гэта ж людзі з абмежаванымі магчымасьцямі. І росчыркам пяра ў іх усё гэта адбіраць — гэта несправядліва. Таму я іх падтрымліваю, я ведаю асабіста многіх спартоўцаў. Я ўпэўнены, што няма падстаў іх не дапускаць».
Паралімпійскія гульні пройдуць у Рыё-дэ-Жанэйра ад 7 да 18 верасьня.