У Рыё-дэ-Жанэйра ў ноч на 22 жніўня прайшла афіцыйная цырымонія закрыцьця XXXI Алімпійскіх гульняў. Рыё перадаў эстафэту наступнаму гораду, які прыме Летнія Гульні ў 2020 годзе, — Токіё.
На рахунку зборнай адзін залаты (Уладзіслаў Ганчароў, батут), чатыры срэбныя (Дар’я Навумава, Вадзім Стральцоў, цяжкая атлетыка; Марыя Мамашук, барацьба; Іван Ціхан, кіданьне молата) і чатыры бронзавыя (жаночая байдарка-чацьвёрка; Аляксандра Герасіменя, плаваньне; Джавід Гамзатаў, грэка-рымская барацьба; Ібрагім Саідаў, вольная барацьба).
Як перадае БелаПАН, блізкім да праўды аказаўся прагноз усясьветнага інфармагенцтва «Associated press», згодна зь якім беларускія спартоўцы павінны былі заваяваць адзін залаты, два срэбныя і чатыры бронзавыя мэдалі (праўда, з пэрсаналіяў экспэрты агенцтва адгадалі толькі зь Ціханам).
Усяго разыграна 306 камплектаў узнагародаў. Іх уладальнікамі сталі спартоўцы 86 краінаў (у тым ліку часткова прызнаных Косава і Тайваня) і два спартоўцы, якія выступаюць пад алімпійскім сьцягам.