Былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў і былы палітвязень Сяргей Скрабец пасьля 12 гадоў беспрацоўя афіцыйна пачаў працаваць. Яго заробак складае 1,5 мільёна беларускіх рублёў на месяц.
«Я цяпер працую ў сацыяльнай службе Першамайскага раёну Менску, даглядаю інваліда першай групы, — сказаў сёньня Свабодзе спадар Скрабец. — Гэта нялёгкая справа. Чалавек, за якім я прыглядаю, ня мае нагі. Ягоная жонка таксама інвалід. Яны жывуць у хрушчоўцы бязь ліфту на пятым паверсе. Так што, разумееце, працы мне хапае.
Уладкавацца сюды было складана. Маю заяву разглядала камісія, у якую ўваходзіць паўтара дзясятка чалавек. Мне задавалі шмат пытаньняў. А калі я праходзіў іспыт, да суседзяў старога, якога я даглядаю, прыходзілі прадстаўнікі раённай адміністрацыі. Яны цікавіліся, як я сябе паводжу, ці сапраўды дапамагаю, ці не скандалю і г.д. Так што заняць месца было ня так проста».
Сяргей Скрабец кажа, што зь ягонага заробку падатак не бярэцца. Таму паўтара мільёна ідуць чыстымі:
«Калі б я працаваў дзесьці ў іншым месцы, то, па-першае, плаціў бы падаходны падатак. А па-другое, палову майго заробку адразу пераводзілі б у „Беларусбанк“, якому я, паводле рашэньня суду, вінен за ўзяты крэдыт».
Уладкаваньне на працу не зьмяніла выбарчыя намеры Сяргей Скрабца. Ён будзе вылучацца кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў шостага скліканьня ў Лідзе.
«Тут мяне памятаюць — распавядае спадар Скрабец. — Бацька быў дырэктарам буйнейшага ў горадзе заводу. Маці — настаўніцай. У Лідзе мяне падтрымалі ў 2000-м годзе, калі абралі дэпутатам.
Шчыра кажучы, раней я не зьбіраўся зноў ісьці ў дэпутаты. Але два апошнія разы, у 2008 і 2012 гадах, выбары па маёй былой акрузе былі безальтэрнатыўнымі. Балятаваўся толькі адзін чалавек ад улады. Таму сёлета хачу ўнесьці хоць нейкую разнастайнасьць у выбарчы працэс. Паглядзім, што атрымаецца.
Догляд за інвалідам мне не перашкодзіць. У мяне засталіся прыхільнікі ад 2000 году. Сабраць адну тысячу подпісаў выбарцаў — справа ня цяжкая. Таму і ініцыятыўная група будзе невялікая — чалавек 8 — 10. Зь іх палова „старых“ маіх прыхільнікаў, другая палова — новыя. Супольна яны з гэтай задачай справяцца і безь мяне».
На пытаньне, хто можа быць яго супернікам ад улады на выбарах, спадар Скрабец адказаў так:
«Даведаюся толькі пры рэгістрацыі. У нас з гэтага ўлады традыцыйна робяць сакрэт».
Выбары ў Палату прадстаўнікоў шостага скліканьня пройдуць 11 верасьня 2016 году.
Сяргей Скрабец быў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў 2-га скліканьня Нацыянальнага сходу Беларусі (2000–2004 гады). Некаторы час узначальваў нефармальную дэпутацкую групу «Рэспубліка». Летам 2004 году разам з дэпутатамі з гэтай групы Ўладзімерам Парфяновічам і Валерам Фраловым правялі галадоўку пратэсту супраць трэцяга тэрміну Аляксандра Лукашэнкі і супраць унясеньня паправак у выбарчае заканадаўства. Дэпутаты таксама патрабавалі вызваліць палітвязьня Міхаіла Марыніча. Скрабец быў адным з арганізатараў акцыі пратэсту, прымеркаванай да 10-годзьдзя прэзыдэнцтва Лукашэнкі.Пасьля затрыманьня ў траўні 2005 году Скрабца зьвінавацілі ў выманьваньні крэдытаў і ў лютым 2006-га асудзілі на два з паловай гады. Разам з Аляксандрам Казуліным у калёніі «Віцьба-3» трымаў галадоўку. Рашэньнем пракуратуры Сяргея Скрабца амніставалі на год і вызвалілі 15 лістапада 2006 году.