Пра тое, што ў вёсцы нарадзіўся навуковец і грамадзкі дзяяч, нагадвае шыльда на школьнай сьцяне і адна з вуліц, названая ягоным імем.
Пра намеры надаць Бацэвіцкай школе імя Аркадзя Смоліча казала адна з супрацоўніц Клічаўскага райвыканкаму:
«Такое пытаньне распрацоўваецца. Яго не здымаюць з парадку дня. Мы стараемся, каб у Бацэвіцкай школе зьявілася экспазыцыя, прысьвечаная Аркадзю Смолічу. Ёсьць варыянты фінансаваньня. Мы і над гэтым пытаньнем працуем».
Паводле суразмоўніцы, штогод у верасьні праходзяць Смоліцкія чытаньні. У іх бяруць удзел усе школы раёну.
Сёлета ня выйшла назваць Бацэвіцкую школу імем Смоліча, сказалі ў навучальнай установе 29 верасьня, у дзень нараджэньня навукоўца.
«Грошай няма ў бюджэце», — патлумачыў прадстаўнік школьнай адміністрацыі.
«Пытаньне таксама паўставала з дазволам сваякоў Смоліча. А калі ўсе фармальнасьці выканаць, то зьявіцца неабходнасьць перарабляць пячаткі, дакумэнтацыю адпаведную. Таму вырашылі пакуль не кранаць гэтага пытаньня. Усё плянавалі, але потым сказалі — адбой. Але абмяркоўвалася такое пытаньне», — сказаў суразмоўца.
«Музэю ў нас няма, бо наша школа адзінаццацігадовая, і, акрамя таго, у будынку, разьлічаным на васьмігодку, яшчэ і дзіцячы садок, — працягнуў ён. — У нас ніводнага квадратнага мэтру плошчы вольнага няма. Спрабуем сёлета нешта прыдумаць: замовілі стэнд пра яго, пішам зь ім карціну. Няхай хоць гэта будзе. Вуліца ў нас Смоліча ёсьць. Ягонае імя на слыху».
Сьціплая шыльда на школьным будынку кажа: «Тут, у вёсцы Бацэвічы, 29 верасьня 1891 году нарадзіўся вядомы географ, першы беларускі прафэсар геаграфіі Смоліч Аркадзь Антонавіч».
На ўскрайку паселішча — вуліца імя Смоліча. Яна забудаваная тыпавымі катэджамі.
Жыхары Бацэвічаў кажуць, што мала ведаюць пра навукоўца.
Улетку магілёўская суполка Таварыства беларускай мовы раздала бацэвіцкім людзям буклеты пра іхнага земляка.
«Аркадзь Смоліч — адзін з выбітных беларускіх грамадзкіх і палітычных дзеячоў, навукоўцаў. Дзякуючы такім асобам, як ён, адбылося абвяшчэньне Беларускай Народнай Рэспублікі, а затым БССР», — сказаў лідэр магілёўскіх ТБМаўцаў Алег Дзьячкоў.
«Такая постаць была б знакавая ў кожнай краіне, для кожнага эўрапейскага народу. На жаль, нягледзячы на тое, што Смоліч — наш зямляк, пра яго дужа мала ведаюць на Магілёўшчыне. У падручніках гісторыі, геаграфіі згадваюць пра яго як пра навукоўца, але не як пра палітыка. Сёлета юбілейны год, і асабліва не чуваць, каб нейкія мерапрыемствы адбываліся ў гонар Смоліча. Іх ня будзе, пакуль мы іх не арганізуем і правядзём, няхай нават тымі намаганьнямі, якімі здолеем».