Скандальны фільм «Матыльда» ў Менску: «Гэта ўжо чужая гісторыя, не беларусаў»

18 кастрычніка, за тыдзень да прэмʼеры, у сталічным кінатэатры «Масква» з аншлягам адбыўся паказ новай стужкі расейскага рэжысёра Аляксея Ўчыцеля пра каханьне апошняга расейскага імпэратара, якая выклікала ў Расеі хвалю пратэстаў грамадзкасьці.

Самотны пратэст супраць... порна

За паўгадзіны да пачатку каля ўваходу ў будынак кінатэатру зьявіўся мужчына з плякатам, на якім было патрабаваньне кінуць за краты рэжысэра за «распальваньне рэлігійнай варожасьці». Пратэстовец казаў, што стужка абражае праваслаўнага сьвятога Мікалая Другога, бо «ўсе ролі граюць порнаакторы зь Нямеччыны». І заклікаў людзей не хадзіць на гэтае ганебнае кіно, а зьвярнуцца да веры.

Мінакі і гледачы, аднак, пагаджацца не сьпяшаліся.

— Я таксама верніца. І што? — адказвала адна зь нязгодных жанчын. Як вы можаце нешта крычаць і рабіць высновы, нават калі ня бачылі сам фільм? Гэта ж глупства нейкае!

— А мне і ня трэба нічога глядзець! — адказаў пратэстовец. — Як сьвятога і вялікага імпэратара можа граць порнаактор?

— Чаму ж вы вырашылі, што ён порнаактор?

— Так усе кажуць, і я сам бачыў такое ў інтэрнэце!

— Выходзіць, што вы такі веруючы чалавек і гледзіце порна, калі гэта дакладна ведаеце?..

Даволі хутка каля мужчыны зьявіліся супрацоўнікі міліцыі, якія перапісалі пашпартныя дадзеныя і сышлі. За ўсім моўчкі назіраў чалавек у цывільным зь відэакамэрай.

Квіткі перапрадавалі за 100 рублёў

Улічваючы вялікую цікавасьць да фільму, шмат хто не пасьпеў набыць квіток на перадпрэмʼерны паказ — іх колькасьць была абмежаваная. У той жа час «перакупы» прадавалі іх па 100 рублёў. Для параўнаньня, цэны ў менскіх кінатэатрах на звычайныя паказы, якія стартуюць 26 кастрычніка, пачынаюцца ад 4,5 рубля.

Афіцыйны пачатак быў прызначаны на 19 гадзіну. Сабралася поўная заля. Сярод гледачоў можна было заўважыць, напрыклад, экс-міністра інфармацыі Лілію Ананіч і былога кіраўніка Нацыянальнага банка Надзею Ермакову.

Гледачоў сустракала жывая музыка, а пасьля на сцэну выйшла нават балерына, якая станцавала пад шквал аплядысмэнтаў.

Адмысловымі гасьцямі паказу сталі народны артыст Расеі Сяргей Гармаш (ён выканаў ролю Аляксандра III) і прадусар карціны Аляксей Разанцаў.

Яны казалі, што рады прадставіць сваю стужку ў Беларусі. Выступоўцы прызналіся, што стаміліся ад цяперашняй кампаніі шальмаваньня, якая разгарнулася ў Расеі, і параілі ўсім пратэстоўцам спачатку паглядзець стужку, а пасьля ўжо рабіць высновы.

Аляксей Разанцаў і Сяргей Гармаш

Бурная рэакцыя на фільм пра драму апошняга імпэратара

Фільм распавядае пра асабістыя адносіны і каханьне да балерыны Матыльды Кшэсінскай спачатку насьледніка, а потым і апошняга імпэратара Мікалая ІІ. Сюжэт грунтуецца на гістарычных падзеях.

Хоць стужка паказвае імпэратарскі двор Расейскай імпэрыі, гэта найперш асабістая драма чалавека, які разрываецца паміж пачуцьцямі і тым, што ён мусіць рабіць паводле статусу.

У Расеі разгорнута цэлая кампанія супраць стужкі. Так, дэпутатка расейскай Дзярждумы Натальля Паклонская больш за 40 разоў зьвярталася ў пракуратуру з патрабаваньнем забараніць фільм за «абразу пачуцьцяў вернікаў». Невядомыя праваслаўныя радыкалы закідвалі студыю рэжысэра Аляксея Ўчыцеля бутэлькамі з запальнай сумесьсю і нават падпальвалі кінатэатар у Екацерынбургу. Вялізарная колькасьць кінатэатраў у Расеі атрымалі пагрозы, з прычыны якіх нават буйныя сеткі адмаўляліся пускаць фільм у пракат. Нягледзячы на гэта, стужка ўсё ж атрымала пракатнае пасьведчаньне.

У Беларусі рэакцыя на фільм была нашмат спакайнейшая, але шэраг кінатэатраў таксама атрымалі лісты з пагрозамі. А ў 380-тысячным Магілёве «Матыльду» пакажуць толькі ў адным кінатэатры.

Да таго ж кіраўнік Беларускай праваслаўнай царквы мітрапаліт Павал заклікаў усіх вернікаў проста не глядзець гэтае кіно.

Кінакрытык: «Да стужкі трэба ставіцца і крыху з гумарам»

Калі думкі гледачоў пасьля паказу стужкі падзяліліся, то ўражаньні кінакрытыка Антона Сідарэнкі досыць пэўныя.

«Перш за ўсё трэба адзначыць, што гэта не гістарычны фільм. Так, пэрсанажы там сапраўдныя, а вось сюжэт не адпавядае рэчаіснасьці. Менавіта таму я магу сказаць, што гэта своеасаблівая фантазія ў вобразе мэлядрамы. Таксама трэба адзначыць, што стужка зьнятая па галівудзкіх мерках і арыентаваная менавіта на замежжа. А глядзець на нашых абсягах варта толькі тым, хто ня ведае гісторыі ці ня хоча яе ведаць», — кажа ў інтэрвію Свабодзе Сідарэнка.

Антон Сідарэнка

Паводле кінакрытыка, стужка атрымалася вельмі багатая па сваіх дэкарацыях і здымках. Апроч таго, ён зьвяртае ўвагу, што «Матыльду» здымалі людзі з заходнімі поглядамі, а не «чарнасоценцы ці ім падобныя».

«Нейкім патрыятызмам там ня пахне, таму гэта ня можа быць прапаганда, — кажа Сідарэнка. — Дастаткова паглядзець нават на ролю імпэратара — гэта жаласьлівы і крыху мітусьлівы пэрсанаж, якім ганарыцца наўрад ці можна. Можа, таму да стужкі трэба ставіцца і крыху з гумарам. Самае цікавае, што праваслаўныя актывісты ладзяць пратэсты і акцыі не з прычыны сюжэту, а, як мне падаецца, праз тое, што галоўны актор — немец».

Па словах экспэрта, пасьля прагляду стужкі ён зразумеў, што сканчэньне эпохі імпэратараў — «вельмі добра», і што «гэта ўжо не гісторыя беларусаў, а чужая гісторыя».

***

Самыя галоўныя і цікавыя навіны можна атрымліваць адразу ж, падпісаўшыся на Тэлеграм-канал Радыё Свабода.