Грэцыя ў глыбокім крызісе, Чарнагорыя ганарыцца сваёй лянотай, а Судан — у самым хвасьце сьпісу краінаў па чалавечым разьвіцьці. Свабода параўноўвае беларускую эканоміку зь «нечаканымі» краінамі.
Валавы ўнутраны прадукт Беларусі абваліўся на 4,3% за першы месяц 2016 году ў параўнаньні са студзенем 2015-га, але Лукашэнка кажа, што крызісу няма і рэформы не патрэбныя. А што там за мяжой?
Свабода зьвярнулася да Сусьветнай кнігі фактаў ЦРУ (CIA World Factbook) і знайшла сем краінаў, падобных да Беларусі па эканамічных і дэмаграфічных парамэтрах. Трэба заўважыць: ЦРУ падае ацэнкі на 2015 год, у іншых крыніцах адпаведныя лічбы могуць нязначна адрозьнівацца. А могуць і значна — як у выпадку зь Беларусьсю і іншымі краінамі, у якіх мае месца высокая інфляцыя, а нацыянальная валюта хутка дэвальвуецца.
Пра Беларусь на 2015 год вядома наступнае:
- Насельніцтва Беларусі (паводле Белстату) — 9,481 млн чалавек.
- ВУП у беларускіх рублях (паводле Белстату) — 869 701,7 млрд.
- ВУП у далярах ЗША (тут і ніжэй паводле Сусьветнай кнігі фактаў ЦРУ) — 62,02 млрд (разьлічваўся паводле курсу 14 тысяч за даляр).
- ВУП паводле парытэту пакупніцкай здольнасьці — 168,2 млрд.
- ВУП на душу насельніцтва паводле парытэту пакупніцкай здольнасьці — 17 800 даляраў.
- Тэмпы падзеньня ВУП — 3,6% за год.
Грэцыя. Крызіс? Які крызіс?
Усе чулі: у Грэцыі крызіс, Грэцыя ня хоча вяртаць пазыкі, Грэцыі пагражае дэфолт... Але Грэцыя з насельніцтвам у 10,8 млн чалавек (амаль як у Беларусі) мае ВУП утрая больш намінальна і ў паўтара раза большы паводле парытэту пакупніцкай здольнасьці. ВУП, вядома, упаў за 2015 год, але толькі на 2,3%.
Зрэшты, трэба заўважыць: у Грэцыі іншая структура ВУП. Прамысловасьць уносіць у яго толькі 13,3% (супраць 41,3% у Беларусі), а большасьць, 82,8%, дае сфэра паслуг (у Беларусі толькі 49,4%). Адна з галоўных галін эканомікі Грэцыі, вядома, турызм — 18%.
Чэхія. Як Беларусь, толькі з утрая большым ВУП
Ладна Грэцыя, там цёпла і мора. Вунь у Чэхіі мора няма, а пры амаль беларускім насельніцтве ў 10,5 млн яна таксама вырабляе ВУП намінальна ў тры разы большы за беларускі, паводле парытэту пакупніцкай здольнасьці ўдвая большы. Турызм? Так, ёсьць, але дае ў ВУП удвая меней, чым у Грэцыі. Асноўныя галіны эканомікі Чэхіі — машынабудаваньне і мэталюргія.
Дарэчы, Чэхія, можна лічыць, разьвіталася з камуністычнай уладай усяго на два гады раней за Беларусь — у складзе Чэхаславаччыны яна скінула камуністаў у 1989 годзе. А потым з пачатку 1993 году Чэхаславаччына мірна разьдзялілася на Чэхію і Славаччыну.
Швайцарыя. Кажаце, Беларусь малая і без рэсурсаў?
Беларусь — малая краіна? Так, Швайцарыя таксама невялікая, нават у пяць разоў меншая за Беларусь. І насельніцтва толькі 8,2 млн — таксама меней, чым у Беларусі. І нафты ня мае. І ворных зямель толькі 10,2% ад усёй тэрыторыі, у Беларусі ж 26,8%. Як жыць?
Швайцарыя неяк выкручваецца і мае шалёныя, як па беларускіх мерках, лічбы ВУП. І справа не ў турызьме, не ў гадзіньніках і банках — у краіне таксама разьвітыя машынабудаваньне, вытворчасьць высокадакладнай мэханікі, электрычнага абсталяваньня, мэдыкамэнтаў і арганічных хімікатаў.
Люксэмбург. Ня сьмейцеся
Можаце называць Люксэмбург карлікавай дзяржавай. Можаце пасьмяяцца, што ў Беларусі адна вобласьць у 10–15 разоў большая па плошчы за Люксэмбург, або што ў Менску можна пасяліць тры з паловай Люксэмбургі. Толькі вось ВУП у іх амаль такі, як у Беларусі (а паводле некаторых падлікаў, і большы). Паводле парытэту пакупніцкай здольнасьці, што праўда, ніжэйшы — меншы ў тры разы, чым беларускі. Але на душу насельніцтва ўсё роўна большы амаль у шэсьць разоў.
Сакрэт просты — такія ў Люксэмбургу законы. Празь іх у краіне разьмяшчаецца рэкордная колькасьць банкаў і інвэстыцыйных фондаў. Вядома, гэта робіць краіну залежнай ад эканомік іншых краінаў. Але толькі палова насельніцтва працуе ў банках і сфэры паслугаў. Яшчэ траціна занятая ў прамысловасьці. Прычым дзясятую частку ВУП Люксэмбургу дае здабыча жалезнай руды і вытворчасьць жалеза і чыгуну — амаль такі самы ўнёсак у ВУП Беларусі робіць сельская гаспадарка.
Чарнагорыя. Такая лянівая, што...
Калі чарнагорцы будуць распавядаць вам, якія яны лянівыя, згаджайцеся. Іначай пакрыўдзяцца. Лянота ў Чарнагорыі — гэта як талерантнасьць у Беларусі, справа асабістага гонару. Калі беларуса спытаць, як справы, ён адкажа «нармальна», а чарнагорац хутчэй скажа «umoran» («стаміўся»). Адзін з самых частых сувэніраў для турыстаў — «10 запаветаў чарнагорца» на магніціках, кубках, цішотках і чым заўгодна.
Ня дзіва, што валавы ўнутраны прадукт у гэтай краіны параўнальна невялікі. Тым ня менш на душу «лянівага» чарнагорца прыпадае амаль такі самы ВУП, як на душу «працавітага» беларуса — 15 700 даляраў супраць 17 800! І гэта пры амаль 18–19% беспрацоўных. У складзе Югаславіі краіна перажыла магутную індустрыялізацыю, пасьля распаду Югаславіі — гіпэрінфляцыю і жыцьцё па-за мяжой беднасьці для дзьвюх трацінаў краіны. Але краіна дэкляравала сябе экалягічнай, адмовілася ад разьвіцьця прамысловасьці і сканцэнтравалася на тым, чаму спрыяе геаграфія — на турызьме і сфэры паслугаў.
Судан. Вечная вайна і ВУП як у Беларусі
У лічбах ВУП Беларусь мае двайніка ў Афрыцы: Судан. Амаль такі самы ВУП — што намінальна, што з папраўкай на парытэт пакупніцкай здольнасьці. Праўда, насельніцтва Судана ў чатыры зь лішнім разы большае за Беларусь — на душу насельніцтва, адпаведна, выходзіць у чатыры разы меншы ВУП. Краіна адна з апошніх у сьвеце па індэксе чалавечага разьвіцьця, палова краіны жыве за рысай беднасьці.
Тлумачэньне простае: у краіне амаль паўстагодзьдзя, ад самага атрыманьня незалежнасьці, ідуць войны. У 2011 годзе ад Судана адкалоўся Паўднёвы Судан, цяпер незалежная краіна, зь якой Судан мае збройныя памежныя канфлікты. Нягледзячы на спробу правесьці дэмакратычныя выбары, краіна засталася пад аўтарытарнай уладай Амара Аль-Башыра, а таксама пад законамі, заснаванымі на шарыяце. Тым ня меней нават у такіх умовах эканоміка краіны ўжо тры гады запар расьце на 3–4% — у ВУП значны ўнёсак робяць сельская гаспадарка, нафта і тэкстыльная прамысловасьць.
Сырыя. Падзеньне меншае за Беларусь?
Пяць год грамадзянскай вайны між дыктатурай Башара Асада, антыўрадавымі паўстанцамі і тэрарыстамі «Ісламскай дзяржавы», расейскія бамбардаваньні, якія далёка не заўсёды цаляюць па тэрарыстах, а часам проста па мірных жыхарах, страта 11,5% насельніцтва, блякада, татальная карупцыя, міжнародныя санкцыі... Пекла, пры якім Сырыя, паводле ацэнак ЦРУ, мае меншае падзеньне прамысловай вытворчасьці, чым Беларусь: толькі мінус 4,8% за год супраць беларускіх 7%.
Сакрэт Сырыі, мабыць, у тым, што яна амаль усё страціла ў мінулыя гады: паводле ЦРУ, за 2010 год — мінус траціна ВУП, у 2011 годзе — мінус яшчэ траціна ад мінулага году... І, вядома, любыя лічбы па Сырыі вельмі прыблізныя. Што засталося ад прамысловасьці, у якой дамінавала здабыча і перапрацоўка нафты, наўрад ці дакладна ведае нават ЦРУ.