Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВУП Беларусі за студзень упаў на 4,3%. Што гэта значыць?


Леанід Злотнікаў
Леанід Злотнікаў

Эканаміст Леанід Злотнікаў тлумачыць: у паўгадавым ці гадавым выніку падзеньне будзе меншым, але само падзеньне будзе працягвацца.

Паводле зьвестак Белстата, за студзень 2016 году валавы ўнутраны прадукт Беларусі ўпаў на 4,3% у параўнаньні са студзенем мінулага году. Агулам за студзень ВУП склаў 73,2 трлн рублёў. Разам з тым выпуск прамысловай прадукцыі за гэты студзень упаў на 6,8% да мінулага студзеня і склаў 58,7 трлн. Вытворчасьць сельгаспрадукцыі трохі вырасла, на 0,9% за гэты студзень у параўнаньні зь мінулым, і склала 6,9 трлн. Інвэстыцыяў у асноўны капітал за студзень стала ажно на 19,3% меней, толькі 10,7 трлн. Таксама ўпалі лічбы па розьнічным таваразвароце, тэмпы будаваньня і ўвядзеньня ў эксплюатацыю жытла.

Летась за студзень ВУП упаў да пазамінулага студзеня толькі на 0,8%, цяпер упаў на ўпяцёра большы адсотак. Ці напраўду гэта шмат і ці так усё дрэнна? Эканаміст Леанід Злотнікаў тлумачыць карэспандэнту Свабоды:

«Чыста з фармальнага пункту гледжаньня, гэта ж бярэцца студзень 2016 году да студзеня мінулага году — сказваецца перапад між узроўнем ВУП за цэлы год. Потым будзе ісьці за два месяцы, за паўгода да таго ж пэрыяду ў мінулым годзе. І за паўгода падзеньне будзе ўжо не настолькі адрозьнівацца, як за адзін месяц, пры тым жа тэмпе падзеньня месяц да месяца. І 2016 год да 2015-га можа аказацца крыху ніжэй пры тых жа тэмпах падзеньня, што ў 15-м».

Быць можа, ВУП падае, бо эканоміка пазбаўляецца ад непатрэбнай вытворчасьці, якая працуе «на склад»? Злотнікаў такіх пазытыўных момантаў ня бачыць:

Гэта ўзровень жыцьця насельніцтва ўпаў. У нас жа і працягласьць жыцьця меней стала, чым у краінах, дзе расьце ВУП.

«Што значыць, што ўпаў ВУП? Гэта ўзровень жыцьця насельніцтва ўпаў. У нас жа і працягласьць жыцьця меней стала, чым у краінах, дзе расьце ВУП. Мой пункт гледжаньня такі: калі ўзяць машынабудаўніцтва, вытворчасьць трактароў-аўтамабіляў-рухавікоў, у нас падзеньне пачалося ў сярэдзіне 2012 году, цяпер яно паскорылася празь вядомыя падзеі, як падзеньне цэнаў на нафту. Яшчэ адзін фактар — усялякія санкцыі супраць Расеі, бо цяпер Расея ня можа купляць нашую тэхніку і тавары ў тых жа аб’ёмах. Попыт упаў — у Беларусі падзеньне яшчэ вышэй.

Што азначае для Беларусі падзеньне цэнаў на нафту? Гэта больш паскоранае падзеньне канкурэнтаздольнасьці беларускіх тавараў. Нашыя суседзі, як палякі, спажывалі газ за 400-500 даляраў увесь час, а мы ў той час — па 160-190. У суседзяў цяпер стала па 200, а ў нас цэны на газ зьнізіліся мо на 10-15%. Таму энэргаёмістая прадукцыя тых жа палякаў, у тым ліку прадукты харчаваньня, зьнізілася ў сабекошце больш, чым у Беларусі».

Верагодна, у бліжэйшы час ня варта разьлічваць на значны рост цэнаў на нафту ці рост попыту з боку Расеі. Лукашэнка прызнае, што «будзе крыху цяжэй», але адмаўляецца нешта мяняць у эканоміцы, бо яму нібы прапануюць «замест хлеба людзям даць нейкую рэформу». Ці можа эканоміка ачуняць без рэформаў, пры цяперашнім курсе?

Паглядзіце, што прапануюць дарадцы Лукашэнкі, што Ткачоў, што Руды — гэта ж пустэча! Яны нічога ня раяць, бо ў рамках гэтай мадэлі параіць нічога немагчыма.

«Адзінае, што напісалі ў жыроўках, што вы мала плацілі. Гэта ці ня ўсё, што яны маглі зрабіць. Паглядзіце, што прапануюць дарадцы Лукашэнкі, што Ткачоў, што Руды — гэта ж пустэча! Яны нічога ня раяць, бо ў рамках гэтай мадэлі параіць нічога немагчыма».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG