27 жніўня — 110 гадоў з дня нараджэньня Сяргея Новіка-Пяюна. Паэт, кампазытар, перакладчык, мастак, выдавец, актор, чалавек, які за беларускасьць сядзеў у турмах пры ўсіх рэжымах.
Яго паэзія пачалася з карыкатуры
«З маленства я прывык быць адзінокім. Гэта адзінота разьвіла ва мне назіральнасьць і летуценнасьць. І вось, падпарадкоўваючыся першым уражаньням, у маім розуме міжволі прамільгнула думка намаляваць карыкатуру на аднаго з выкладчыкаў... Намаляваўшы карыкатуру, я пачаў сёе-тое прыдумляць да яе. Калі я напісаў адну страфу, то міжволі заўважыў, што ў мяне атрымалася хоць няважная, але ўсё ж — рыфма... Разахвочаны, я стаў пісаць далей...» (Якавенка Н. «Мяне шчасьцем не парадавала доля» // Літаратура і мастацтва. 24 студзеня 1997.)
Свой псэўданім займеў дзякуючы Янку Купалу
У 1939 годзе Сяргей Новік-Пяюн сустракаўся з паэтам, калі той прыехаў у Вільню. Пры знаёмстве з Купалам прадставіўся: «Сяргей Новік». Паэт, праглядаючы яго надрукаваныя вершы, заўважыў: «А тут напісана „Сяргей Пяюн“. „Гэта мой псэўданім...“ „Вось яно што! (...) Даўно друкуесься?“ „З 1926 году“. „А, дык, значыць, цябе ведаюць як Пяюна! Тады іншая справа!.. Але найлепш пішы (...) праз злучок — Сяргей Новік-Пяюн“». (Сяргей Новік-Пяюн. Мая сустрэча зь Янкам Купалам // Першацвет. 1993. № 12.)
Сьмяяўся з прагавітасьці папоў, але шкадаваў, калі тых крыўдзілі езуіты
У часопісе «Маланка» (1926, № 3) зьмясьціў жарт «„Добры“ прыклад»:
Прыхаджанін: Скажэце, бацюшка, як гэта маглі Вас з кансысторыі назначыць у наш прыход, не запытаўшыся ў нас, прыхаджанаў?
Бацюшка: «Глупые люди!» — а калі вы нанімаеце пастуха да сваіх сьвіньней, ці пытаецеся ў іх: здаволены яны сваім пастухом, ці не!?».
У зацемцы «Езуіты працуюць» (газэта «Сын Беларуса», 13 ліпеня 1924) абураўся:
«...дзякуючы абядненьню і роспачы сярод вясковага праваслаўнага духавенства, манахі-езуіты (...) бэсьцяць у надта лоўкі спосаб правасл. сьвяшчэньнікаў, паказываюць на развал праваслаўнае царквы і выхваляюць на фоне гэтага рэлігію каталіцкую, як пануючую ў Польшчы... (...) ...ухітраюцца паставіць справу так, што гэтых загнаных сьвяшчэньнікаў польская ўлада высяляе нават з граніцаў ваяводзтва».
Быў у захапленьні ад мастацкага аздабленьня сваіх спэктакляў
Як рэжысэр дэбютаваў у роднай вёсцы Лявонавічы пастаноўкай пʼесы Францішка Аляхновіча «Птушка шчасьця», дзе сыграў галоўную ролю селяніна Янкі. У лісьце «„Птушка шчасьця“ на вёсцы» («Сялянская ніва», 23 верасьня 1926) адзначаў:
«...Надта добрае ўражэньне на гледзячых зрабілі маладыя вясковыя артысты-аматары (...) яны патрапілі хораша збудаваць сцэну, дастаць усё патрэбнае, каб здаволіць усім вымаганьням аўтаравым. (...) Надта ўжо добра выглядала дэкорацыя 2-га акту („Рай“). Трудна было сваім вачом даць веры, што гэта робіцца на вёсцы і ў звычайным будынку».
Ніколі ня правіў сваіх вершаваных твораў
«У маіх вершах і песьнях ёсьць адна асаблівасьць. Я іх аддаю ў друк у такім выглядзе, як былі некалі складзены. Можа, яны і патрабуюць праўкі, але я іх ня праўлю, бо яны для мяне помнікі, што ўзьніклі аднойчы адным вечарам, адным днём, калі прыходзіла да мяне натхненьне. Як склаліся верш і песьня, такімі і застаюцца...»
Востра рэагаваў на крытыку
У якуцкіх газэтах знаходзім такія крытычныя выказваньні:
«С. Новик сверх меры увлекается красивыми словами. Горы у него „брильянтовые“, чело „омраченное“, греза „золотая“, глаза „чудесные“, заря „прелестная“...» (Ю. Шамшурин // Молодой коммунист (Якутск). № 24. 24 февраля 1957);
«Любви к Северу посвятил свое стихотворение С. Новик (п. Усть-Нера). Он восклицает: „Родной наш Север, ты не хуже Юга!“ Это звучит неплохо. Но в стихах нет запоминающихся образов, изобразительные средства языка бедны...» (А. Тарасов // Социалистическая Якутия (Якутск). № 211. 6 сентября 1957.)
Паэт на гэта адказваў вершам:
«В своем письме меня ты упрекаешь,
Что южной краской Север описал,
И понял сразу я: ведь Севера не знаешь,
Ты в кабинете собственном застрял...»
(Северная заря (Усть-Нера). № 71. 4 сентября 1957.)
Яго раздражнялі хлопчыкі-ліхачы
«...по улице поселка с заложенными за спину руками лихо мчался на велосипеде ученик 7 класса (...). Когда взрослые делали ему замечания, он сердито отмахивался и дерзил. А на следующее утро отец привез [его] в поликлинику с тяжелым ранением правого коленного сустава и высокой температурой. (...) По улицам (...) по-прежнему во всех направлениях снуют велосипедисты (...), мчатся наперегонки, нарушая правила уличного движения, рискуют попасть под автомашины. С такой беспорядочной ездой на велосипедах надо покончить». (Северная заря (Усть-Нера). № 39. 16 мая 1957.)
Меў дар лекаваньня словам
«Сяргей Міхайлавіч меў (...) дар — лекаваньня словам. Ён ведаў безьліч замоваў. Літаратар Уладзімер Пецюкевіч, былы сябра дзіцячага клюбу, успамінаў, як спадар Сяргей дапамог яму паправіць зьвернутае плячо. А прамаўляў ён словы такія: «Ішоў Хрыстос праз залаты масток па храсточках. Храсточкі ўвагнуліся, хвароба ўлякнулася». І сапраўды, плячо хутка стала на месца. (Калістра З. «Зорачкі ІІ». (Імпрэза да 90-годьдзя Сяргея Новіка-Пяюна) // Голас Радзімы. 12 верасьня 1996.)
Раіў маладым літаратарам не пісаць палітычных твораў
«Ён, дарэчы, заўсёды мне нагадваў, што трэба пісаць пра сваё жыцьцё, жыцьцё свайго народу, апісваць прыроду, а ня лезьці ў палітыку. Ды ніколі не ўспамінаць пра тых «правадыроў» — Сталіна і Гітлера. (Дземідовіч Н. Сяргей Новік-Пяюн — «Малады Дзядок» // Veritas. № 1 (3). Менск. 2005.)
Не любіў, калі казалі «Дзень добры!», «раніцой» і «мажліва»
У лісьце ад 20 лістапада 1988 г. пісаў:
«Я некалькі разоў званіў у рэдакцыю тыднёвіка „Беларускае тэлебачаньне і радыё“, каб зьвярталіся да чытачоў па-беларуску „добры дзень“, а не па-польску „дзень добры“! Па-беларуску сьпярша стаіць прыметнік, а пасьля імя, а па-польску наадварот: сьпярша — імя, а пасьля — прыметнік. А рэдакцыя, хоць абяцала выправіць памылку, працягвае далей яе друкаваць. Яшчэ пішуць „раніцой», хаця па-беларуску трэба „раніцай». Ужываюць польскае слова „мажліва“ замест беларускага „магчыма“, „па крайняй меры“ замест беларускага слова „прынамсі“. (Чыгрын С. Паэт, які заўсёды жыў песьняй // Ніва (Беласток). 27 жніўня 2006.)
Падтрымліваў Мікіту Хрушчова ў барацьбе супраць абстракцыянізму і фармалізму
«Зь вялікім хваляваньнем і ўдзячнасьцю я ўспрыняў прамову Мікіты Сяргеевіча Хрушчова, зь якою ён выступіў на сустрэчы зь дзеячамі літаратуры і мастацтва. Абстракцыянізм і фармалізм чужыя і варожыя нашаму (...) народу (...), і ён бязьлітасна адмятае безыдэйнасьць і безгустоўшчыну. Наш народ любіць і цэніць усё прыгожае. Ён любіць добрыя кнігі, карціны, музыку. Ён за літаратуру і мастацтва вялікай праўды, высокай ідэйнасьці і мастацкай сілы». (Чырвоная змена. 19 сакавіка 1963.)
Не любіў, калі яго перабівалі
Па ўспамінах Валярыны Куставай, калі малыя дзеці, не даслухаўшы паэта, пачыналі задаваць пытаньні, ён заўсёды зь пераканаўчай мяккасьцю казаў: «...трэба даслухаць, калі гавораць!Тады ты будзеш мець адказ на сваё пытаньне!». Журналістаў прасіў не задаваць яму пытаньняў зьнянацку, рэзкім тонам, не перабіваць, бо пачынае нэрвавацца, блытацца, узьнікаюць асацыяцыі, што ён на допыце ў сьледчага.
Каб ня граў на музычных інструмэнтах, яму перабілі пальцы
«Я скрыпач і мандалініст, але цяпер не магу граць, бо мне папсавалі ў лягеры сьмерці пальцы. Таму ствараю толькі ў памяці і запісваю на магнітафон...» (Давыдоўскі Ул. Невылечная хвароба Сяргея Новіка-Пяюна // Абажур. № 7–8. 2006).
«Тут моцна бʼюць па галаве, нават рукі адбілі, каб на скрыпцы не іграў. (...) Страшэнныя катаваньні, калі, здавалася, ламаюць ня толькі рукі і ногі, а саму душу скручваюць вяроўкай, дабіваючыся прызнаньняў» (Марціновіч А. «Што чуваць, скажыце, зорачкі, вы мне...» / Марціновіч А. Сувязь. Літаратурна-крытычныя артыкулы. Менск. 1994).
Валярына Кустава прыгадвала: «...пры мне ён браў скрыпку, рабіў пару акордаў, але граць ня мог — пальцы ня слухаліся. Калі ён даведаўся, што я граю на скрыпцы, то вельмі ўсьцешыўся і прасіў, каб я для яго сыграла».
У яго за адну ноч пасівелі і выпалі валасы
«...27 лістапада 1943 года (...) Яго і сяброў (...) расстрэльвалі (...) ня раз, ня два, ня тры... Ажно сем разоў вадзілі (...) стралялі, зноў вялі ў турму і зноў на расстрэл. Не маглі паверыць вязьні, што засталіся жыць. (...) раніцай Сяргей Міхайлавіч хацеў было па звычцы прыгладзіць непаслухмяныя галасы і ў зьдзіўленьні затрымаў руку, адчуўшы, што яны... выпадаюць пасмамі... У руцэ засталася ледзь ня ўся прычоска... (Марціновіч А. «Што чуваць, скажыце, зорачкі, вы мне...» / Марціновіч А. Сувязь. Літаратурна-крытычныя артыкулы. Менск. 1994.)
Зь лягерных кайданоў зрабіў сабе пярсьцёнкі
«Гэта ж я вам меўся паказаць свае сувэніры, ледзь не забыўся», — і пачаў зь вялікай каробкі даставаць меншыя і паказваць, што ў іх было. (...) бачу (...) крыж жаўтавата-крэмавага колеру і масіўны персьцень ці то са сталі, ці зь іншага якога мэталу. На іх — выдрапаны даты, месца і прозьвішча: „1945–1958. Калыма. Сяргей Новік-Пяюн“. Узьнімаю дапытлівы позірк на Сяргея Міхайлавіча і чую ў адказ: „Гэты крыж з косьці маманта. Знайшлі ў рудніку, дзе дабывалі малібдэн. А на пярсьцёнкі пайшлі кайданы, якія цішком схавалі ад вартаўнікоў“». (Мацкевіч В. Крыж і кайданы Сяргея Новіка-Пяюна. / Голас Радзімы. 21 мая 1992.)
Цешча не магла дараваць яму сьмерць сваёй дачкі
Васіль Жуковіч адзначаў: «Толькі пасьля сьмерці Сяргея Міхайлавіча я даведаўся, што „чужымі“ вырасьлі дзьве ягоныя дачкі; адна, старэйшая, жыве ў Польшчы, другая — у Санкт-Пецярбургу. Расьлі яны з бабуляй, якая ва ўсіх бедах сямʼі вінаваціла якраз яго: маўляў, дзеля палітыкі ахвяраваў усім...» (Жуковіч В. Пакутнік з ХХ стагодзьдзя. // Літаратура і мастацтва. 15 верасьня 2006).
Дачка Зоя пісала: «Как бы ты чувствовал себя, если бы тебе утверждали, что самый любимый человек, как папа, убил любимого человека, как мама? Скажи? Какими средствами я [могу] отстаивать Вашу честь (...) и мою любовь к Вам, папа... я не попала под влияние бабушки...».
Новік-Пяюн тлумачыў сваёй дачцэ і цешчы, Леакадзіі Гарусавай: «25 лістапада 1943 года мяне арыштавалі (...) Я быў асуджаны на расстрэл. (...) Людка ня вытрымала і прабіралася ў шпіталь зь дзеткамі, ратавала, лячыла мяне. (...) шпікі няўсыпна сачылі за ёю. Людка (...) пайшла да Жултэк [Вацлаў Жултэк, сьледчы СД. — В. Дэ Эм] прасіць, каб дапамог мяне вызваліць. А як жа ён будзе вызваляць, калі ён сам пасадзіў са сваімі калегамі? „Няхай гіне!“ — сказаў Жултэк. Людка яму тады: „Ну, добра! Сёньня мы сядзім, а заўтра вы будзеце сядзець!“ (...) Жултэк схваціў Людку і пасадзіў у вязьніцу. 9 чэрвеня 1944 г. я сустрэўся зь Людкай на вастрожным падворку, адкуль нас павезьлі за Баранавічы ў Колдычэва — лягер сьмерці. Там камэндантам быў немец (...) а рэшта ахоўнікаў — даўнейшыя ахвіцэры і падахвіцэры б. польскае арміі Мацкевіч, Юзэф Фрончак і іншыя. (...) Вось гэтыя паны расстралялі Людку ў ноч з 1 на 2 ліпеня 1944 г. проста ў лягеры».
Крыўдзіўся на дачку, што тая лічыць польскую мову роднай
З ліста дачкі Зоі (1 IV. 55 г.): «Папочка, ты не обижайся, что меня зовут „Зося“, а не „Зоя“, я в душе называю себя именем счастья и мудрости „Зоей“, но ведь наверно не хочешь этого, чтобы твоя дочь имела в школе неприятности. Так ты не обижайся дорогой. (...) я написала его [верш. — В. Дэ Эм] в польском языке. Ты не обижайся. Всякий язык нужно уважать, каждый язык имеет свою прелесть. (...) Ты дорогой мой папочка должен уважать и ценить этот язык, польский язык, если ты только горячо любил нашу любимую и дорогую мамочку. Я его тоже люблю так как свой родимый, потому, что этим языком говорила мама. А я маму очень люблю. Не думай, что это чужие мысли, это мысли моего сердца».
Цешча хадайнічала перад савецкай уладай, каб Новіка-Пяюна вызвалілі зь лягераў і адправілі да дзяцей у Польшчу
«...29 ІХ 1954. Председателю Совета Министров Советского Союза Георгию Максимилиановичу Маленкову. (...) Простите меня Родной, что (...) осмеливаюсь к вам обратиться (...).Дорогой Товарищ! Я бедная старая женщина не могу понять, как это могло случиться что-бы тот, который столько выстрадал от гитлеровцев и освобожденный Спасительницей Красной Армией, попал в Сибирь, где уже 9 лет пребывает! Умоляю Вас Милостивый Отец взгляните в эту трагедию! Велите расследовать это судопроизводство! Освободите моего несчастного зятя. Пусть он вернется к своим деткам и своим родным...».
У адказ Новік-Пяюн напісаў заяву: «Спецкоменданту тов. Карпову п. Нера. (...) Заявление. На вопрос, предложенный мне Вами, заявляю: В Польшу ехать я не собирался и не собираюсь. С. Новик. (подпіс) Нера, 27 — І — 1955 г.»
Пакутаваў ад адзіноты і ў прыступе адчаю зьнішчыў свой раман
«Не ходят ко мне и соседи. (...) Некому помочь. Разболелся совсем — стенокардия, приступ за приступом. В один из недавних дней четыре раза терял сознание. Сегодня два приступа было. А тут еще четыре месяца подряд какие-то бандиты ломились в дверь по ночам. Звал на помощь, но хоть бы кто откликнулся! Правда, сейчас спокоен — поставил квартиру под охрану. Но в такой обстановке и жить как-то не очень хочется: всем стал чужим. На день рождения, 27 августа, поздравить пришли в основном совершенно незнакомые люди, студенты. Несколько лет назад в приступе отчаяния уничтожил рукопись романа „Подлость“, который писал восемь лет. А сколько рукописей ждут своего часа! Надо и их предать огню — никому, похоже, мои писания не нужны...» (Брыль В. «Чужой» среди своих // Советская Белоруссия. 23 декабря 1993.)
Яму прысьніўся прарочы сон пра сваё пахаваньне
Вольга Бабкова ўзгадвае, што незадоўга да сьмерці Сяргей Новік-Пяюн расказаў ёй, што яму прысьнілася ягонае пахаваньне. «Калі ж мы хавалі яго ў Лявонавічах, усё было дакладна так, як у тым сьне: сонечны дзень, на небе ні хмаркі, ад машыны, якая везла труну, выбіваўся вялікі белы пыл, што нічога навокал ня бачна». Спадарыня Вольга згадвае таксама, што Новік-Пяюн не хацеў аніякай пахавальнай музыкі: «Гучалі „Зорачкі“ і „Метель“ Грыгорыя Сьвірыдава. Гэта былі самыя ўрачыстыя і сьветлыя паховіны, якія я ведаю».
* * *Выкарыстаная літаратура:
Беларускія пісьменьнікі. Том 4. Менск, 1994.
Брыль В. «Чужой» среди своих // Советская Белоруссия. Минск. 23 декабря 1993.
Верас Зоська. Я помню ўсё: Успаміны, лісты. Гарадзенская бібліятэка, 2013.
Давыдоўскі Ул. Невылечная хвароба Сяргея Новіка-Пяюна // Абажур. № 7-8. Менск. 2006.
Дземідовіч Н. Сяргей Новік-Пяюн — «Малады Дзядок» // Veritas. № 1. (3). Менск. 2005.
Жуковіч В Пакутнік з ХХ стагодзьдзя // Літаратура і мастацтва. 15 верасьня 2006.
Марціновіч А. «Што чуваць, скажыце, зорачкі, вы мне..» / Марціновіч А. Сувязь. Літаратурна-крытычныя артыкулы. Менск. 1994.
Калістра З. «Зорачкі ІІ». (Імпрэза да 90-годзьдзя Сяргея Новіка-Пяюна) // Голас Радзімы. 12 верасня 1996.
Мацкевіч В. Крыж і кайданы Сяргея Новіка-Пяюна // Голас Радзімы. 21 мая 1992.
Новік-Пяюн. С. Мая сустрэча з Янкам Купалам // Першацьвет. № 12. 1993.
Новік-Пяюн С. Песьні з-за кратаў. Менск. 1993.
Северная заря (Усть-Нера). № 39. 16 мая 1957.
Северная заря (Усть-Нера). № 71. 4 сентября 1957.
Сын Беларуса. 13 ліпеня 1924. http://elibrary.mab.lt/handle/1/25/recent-submissions?offset=120
Сялянская ніва. 23 верасьня 1926. http://elibrary.mab.lt/handle/1/25/recent-submissions?offset=120
Тарасов А. // Социалистическая Якутия. Якутск. № 211. 6 сентября 1957.
Чыгрын С. Паэт, які заўсёды жыў песьняй // Ніва (Беласток). 27 жніўня 2006.
Чырвоная змена. 19 сакавіка 1963.
Шамшурин Ю. // Молодой коммунист (Якутск). № 24. 24 февраля 1957.
Якавенка Н. «Мяне шчасьцем не парадавала доля» (Артыкул падрыхтаваны на аснове архіўных матэрыялаў Сяргея Новіка-Пяюна, перададзеных Дзяржаўнаму музэю гісторыі беларускай літаратуры спадкаемцай Вольгай Міхайлаўнай Сугойдзь-Зубовіч) // Літаратура і мастацтва. 24 студзеня 1997.
http://acarajjj-kut.blogspot.com.by/2014/04/i-2013.html