Сяргей Кулініч, супраць якога спынілі крымінальную справу за арганізацыю масавых беспарадкаў з прычыны адсутнасьці складу злачынства, адказаў на пытаньні карэспандэнта Свабоды.
— Мяне затрымалі недалёка ад дому. Яны пачалі адсочваць, куды я выходжу з дому, бо я насіў харчы, вячэру аднёс Мікалаю на іншую кватэру. Яны сачылі. Я вяртаўся, а ззаду падышлі тры чалавекі, адзін зь іх падбег. Яны мяне брутальна затрымалі. Пару разоў ударылі па пячонцы, яшчэ былі ўдары. Нацягнулі чорны мяшок на галаву, запіхнулі ў машыну, паклалі на падлогу. Потым перацягнулі ў іншую машыну, я цьмяна сабе ўяўляю, бо твар закрываў мяшок. Потым пасадзілі на задняе сядзеньне, у мяне рукі былі за сьпінай у кайданках, адзін зь іх трымаў мяне. Яны ўсё выцягнулі ў мяне з кішэняў. Там былі ключы ад кватэры. Яны ведалі, у якім доме ўсё знаходзіцца.
— Затрыманьне было жорсткае?
— Мэта была, каб чалавек спужаўся, страціў адэкватнасьць ад таго, што адбываецца. Я думаю, зьвязана найперш з гэтым. Але ў іх не было ўстаноўкі зрабіць мне нейкія цялесныя пашкоджаньні. Пасьля шоку я не адчуваў, што мне было кепска ад таго, што мяне пакалацілі.
— А потым вас адвезьлі ў СІЗА КДБ?
— Так, адразу павезьлі ў СІЗА КДБ. Мяне павялі на нейкі паверх і ўдакладнялі мае пашпартныя дадзеныя. Нейкіх пытаньняў не было. Мне далі прачытаць старонак 15 па «справе патрыётаў», што затрымалі гэтых людзей, што ў іх канфіскаваныя прадметы, падобныя да гранаты, да зброі, там былі прозьвішчы. Мяне спыталі, ці ведаю я каго з гэтых людзей. Я сказаў, што прозьвішча Дашкевіча мне вядомае, бо паўкраіны гэтае прозьвішча ведае.
— Вы чулі, магчыма, як затрымалі Міколу Статкевіча?
— Калі мяне затрымалі і перапісвалі мае анкетныя дадзеныя, я чуў, што ў суседнім кабінэце на процілеглым боку размаўлялі са Статкевічам. То бок я яго голас чуў. На наступны дзень раніцай чуў голас Мікалая, ён гучна крыкнуў, што вас, тэрарыстаў, вітае Мікалай Статкевіч. Усе, хто быў у камэры, таксама чулі.
— Вас далей трымалі ў СІЗА КДБ?
— Мяне там трымалі тры дні, ніякіх допытаў не было. Адзінае, што раніцай у суботу мяне павялі ў памяшканьне гэтага ізалятара, дзе былі двое мужчын. Яны сказалі, каб я патэлефанаваў сваёй жонцы і сказаў, што ў нас усё добра, мы зь Мікалаем проста схаваліся ў іншае месца, і што ўсё выдатна, потым мы ўбачымся. Яны сказалі, калі я зраблю такі званок, я сёньня вечарам выйду. Натуральна, гэта было глупства, і я адмовіўся тэлефанаваць. У панядзелак мне сказалі зьбіраць рэчы, і мяне перавялі ў пустую камэру, там у душ звадзілі. А потым назад у тую ж камэру завялі, дзе я быў 10 дзён. Потым мяне павялі ўніз, азнаёмілі з усімі новымі паперамі і сказалі, што я вольны. Абшуквалі двойчы. І перад самым шлягбаўмам, калі я выходзіў з зоны КДБ, у мяне не аказалася ніводнага дакумэнта. Суправаджаючы сказаў, што можам вярнуцца. Але я сказаў, што вяртацца ня буду. Таму я аказаўся без аніводнай паперы, што я там быў. Думаю, што гэта не выпадкова.
— Адваката да вас адразу пусьцілі?
— Адваката я ўбачыў толькі тады, калі ўжо ўсё скончылася і я быў на волі.
— Як вы пракамэнтуеце тое, што справу супраць вас спынілі?
— Дык нічога ж не было. Няўжо сябар, які свайму таварышу даў прытулак на кватэры, — злачынца?! Яму можна прыкляпаць любы артыкул? Абсурд. Хацелі запужаць мяне. Пабываўшы там, я ўжо сябе ня вельмі добра адчуваў. Магчыма, толькі цяпер акрыяў. Мне вельмі цяжка зразумець іх лёгіку. У іх толькі адна мэта была — напужаць чалавека. У пэўнай ступені яны гэтага дасягнулі.