«Я мог застацца і ў Крыме, і ў Луганску, але супрацоўніцтва з захопнікамі супярэчыць маёй ідэалёгіі», — украінскі навуковец Сяргей Целіжэнка верыць, што пабачыць родны горад, вызвалены ад прарасейскіх сэпаратыстаў.
Напярэдадні ў Менску ўдзельнікі Трохбаковай кантактнай групы ў справе ўрэгуляваньня сытуацыі на ўсходзе Ўкраіны падпісалі пагадненьне аб адводзе войскаў і ўзбраеньняў з трох участкаў на Данбасе. Першыя дэмілітарызаваныя паселішчы — Станіца Луганская, Залатое і Пятроўскае. Ці разьлічваюць жыхары, якія больш за два гады таму пакінулі акупаваную тэрыторыю, што гэта наблізіць іх вяртаньне дадому?
Апошнім цягніком на Кіеў — з жонкай, катом і папугаем
Жыцьцёвы лёс луганскага археоляга Сяргея Целіжэнкі — з шэрагу тых, пра якія кажуць «знарок не прыдумаеш». У Луганску скончыў сярэднюю школу і вывучаў усясьветную гісторыю ў Нацыянальным унівэрсытэце імя Тараса Шаўчэнкі. У абласным краязнаўчым музэі працавала ягоная жонка, а ў мэдычным унівэрсытэце вучылася дачка. Апошнім часам у якасьці супрацоўніка Інстытуту археалёгіі Нацыянальнай акадэміі навук Украіны працаваў у Крыме. Але са зьяўленьнем на паўвостраве «ветлівых людзей» апынуўся перад дылемай:
«Да вясны 2014-га я працаваў у крымскай філіі Інстытуту археалёгіі. То бок практычна ўвесь час быў у Крыме, дадому прыяжджаў на месяц-два, зімой сядзеў, пісаў справаздачы. А потым зноў зьяжджаў, капаў. Пасьля анэксіі восем чалавек — усіх, хто не захацеў заставацца ў „рускім“ Крыме — перавялі ў новаствораны аддзел крымскай археалёгіі. Усе гэтыя людзі і цяпер там працуюць — у Інстытуце археалёгіі ў Кіеве. Вядома, мог там застацца, але з ідэалягічных меркаваньняў, зразумела, гэта было выключана. Мог і ў Луганску застацца, і заставаліся людзі. У каго што ў галаве, разумееце? Камусьці ўсё роўна — дзе жыць, пры якой уладзе. Мне — не, зусім ня ўсё роўна...»
Дачасна вярнуўшыся дадому, археоляг зьмяніў месцы раскопаў, але ненадоўга — над Данбасам уздымалі голас прарасейскія сэпаратысты. Сам Сяргей жартуе, што, відаць, мае нейкую асаблівую карму: спачатку Крым, потым родны Луганск — і адусюль яго выціснулі «ветлівыя людзі»:
«2 ліпеня я выехаў на раскопы на Валынь, — кажа ён. — Але калі на Луганшчыне пачаліся моцныя абстрэлы, давялося тэрмінова вяртацца. Выехаў 23-га, а 25-га пад снарадамі забіраў жонку, ката, папугая, і мы „штурмавалі“ адзін з апошніх цягнікоў, які ішоў на Кіеў. Так і зьехалі, як кажуць, улегцы. Пасьля гэтага жонка пару разоў туды ўсё ж зьезьдзіла: аднойчы пусьцілі цягнік, пасьля чаго канчаткова зьнялі з раскладу, а потым яшчэ разок аўтобусам. Трэба было хоць якія рэчы забраць, таму што, без перабольшаньня, уцяклі голыя і босыя».
Сёлета ў красавіку Сяргей таксама апынуўся ў непасрэднай блізкасьці ад сваіх краёў — з гуманітарнай місіяй даехаў да апошняга пункту неакупаванай тэрыторыі, падкантрольнай Украіне. Гэта якраз Станіца Луганская, па якой напярэдадні дамаўляліся варагуючыя бакі ў Менску. «Самога Луганску ня бачыў, але адчуваў яго здалёк — наколькі гэта рэальна зрабіць на адлегласьці 15 кілямэтраў», — кажа Сяргей Целіжэнка.
Чатыры кватэры ад сямейства — на беднасьць «ЛНР»
Сяргеева жонка некалі працавала ў Луганскім краязнаўчым музэі разам з Натальляй Каплун, пра якую Свабода пісала ня так даўно. Натальля акурат са Станіцы Луганскай, там у яе застаўся дом, сама яна з сынам у бежанцах. Дачка Сяргея вучылася ў Луганскім мэдычным унівэрсытэце, але з пачаткам напружанасьці зьехала ў Кіеў і па выніках тэстаў прайшла ў Політэхнічны інстытут. Праўда, на трэці курс замест пятага ў мэдунівэрсытэце, але — зь месцам у інтэрнаце.
У Луганску ў Целіжэнкаў засталася кватэра. У якім яна стане — можна толькі здагадвацца:
«Засталася трохпакаёвая кватэра — нармальнае жыльлё, пад 70 квадратных мэтраў. А з улікам усяго нашага сямейства там цяпер чатыры пустыя кватэры. Мы з жонкай пакінулі, мае бацькі таксама пакінулі трохпакаёўку, мой брат з жонкай зьехалі з двухпакаёвай, і яшчэ такая ж у блізкіх сваякоў. Як там цяпер — паняцьця ня маю. Першы час тэлефанавалі, суседзі казалі — давайце прыяжджайце, тэрмінова плаціце, інакш забяруць. Урэшце плюнулі на ўсё — забяруць дык забяруць. Больш і не тэлефануем. Дый суседзі розныя бываюць, можа, у іх саміх якія віды...»
Прынамсі, плаціць камуналку «ўраду» мясцовага кіраўніка Платніцкага Сяргей Целіжэнка адназначна не зьбіраецца. Але нядаўна яго моцна зьдзівіў урад роднай Украіны:
«Зусім нядаўна выйшаў закон, згодна зь якім трэба плаціць падатак на нерухомасьць, калі плошча кватэры перавышае 60 квадратных мэтраў. Добра, хай сабе, але пад яго падпадаюць у тым ліку тыя, хто мае жыльлё на акупаваных тэрыторыях. Глупства поўнае! Як можна плаціць за тое, чаго ў нас, уласна кажучы, няма? Я так мяркую, ён адпачатку не зусім нармальна быў прапісаны, і калі, не падумаўшы, дэкляравалі такое глупства, то неўзабаве дадуць задні ход і адменяць».
Цікаўлюся ў суразмоўцы, ці засталіся ў тым жа Луганску людзі, якія проста фізычна ня маюць магчымасьці некуды выехаць і цяпер, так бы мовіць, у «закладніках» у самаабвешчаных уладаў?
«Вядома, шмат такіх людзей. Спачатку некаторыя паехалі ў Кіеў, Харкаў, але, не знайшоўшы працы, сутыкнуўшыся з тым, што за найманую кватэру трэба плаціць вялізныя грошы, зноў вярнуліся ў Луганск — на „вялікай зямлі“ папросту няма за што жыць. У кагосьці бацькі старыя, хворыя, як іх кінуць? Розныя прычыны. Таварыш працуе ў краязнаўчым музэі. Ну куды выяжджаць? Яму пад 60, у яго двухпакаёвая кватэра. Паедзе адзін у той жа Харкаў — каму ён патрэбны, дзе будзе жыць? Грошай няма, Украіна нікога і нічым не забясьпечвае. Тыя сумы, якія плацяць нібыта на пакрыцьцё выдаткаў па арэндзе жыльля, — проста сьмешна. Што такое наняць кватэру ў Кіеве? Нам пашанцавала, лічыцца вельмі танна — 3500 грыўняў за двухпакаёўку. Мой заробак — 3000. Дапамога ад дзяржавы — 442 грыўні, і тое з затрымкамі. Можаце сабе ўявіць?»
Далей ад праблемаў — на беларускае Палесьсе
Сяргей Целіжэнка кажа, што стаўленьне да «чужакоў» у грамадзтве неадназначнае, нават некаторыя ўкраінскія чыноўнікі прапануюць уцекачам беларускі варыянт — маўляў, ціха і стабільна. Але навуковец ад такіх парадаў не ў захапленьні:
«Паводле ацэнак, уцекачамі з Данбасу сталі 1 мільён 800 тысяч чалавек. У чым больш за ўсё маюць патрэбу людзі, якія выехалі? Усім элемэнтарна патрэбна жыльлё. Прычым ня так, як нас папракаюць — што вы, маўляў, седзіце па гарадах, едзьце ў якую-небудзь Рэчыцу на поўдні Беларусі ці ў сяло на Палесьсі. Добра, а працаваць дзе, жыць за што? Гэта ж ня толькі дах над галавой, але і працаўладкаваньне. А выехаць у Палесьсе — што там рабіць? Лукашэнка за проста так грошы не дае. Фактычна дзяржава пакінула людзей сам-насам са сваімі праблемамі: хто як выкручваецца, так і выжывае. Некаторыя і нядрэнна ўладкаваліся, ведаю, што мігравалі далей, на Захад. Я б і сам склаў ім кампанію, каб была магчымасьць (сьмяецца). Але пакуль няма...»
Ці пасьпеў сам Сяргей Целіжэнка бліжэй пазнаёміцца з новаўтварэньнем у выглядзе так званай «Луганскай народнай рэспублікі» ды яго «палітычнай элітай»?
«У небясьпечныя сытуацыі асабліва не трапляў. Адзінае, былі пагрозы ад мясцовага журналіста. Цяпер ён намесьнік дырэктара нейкага луганскага народнага тэлебачаньня. У Фэйсбуку пакрытыкаваў за артыкул, у якім ён усхваляў „Наваросію“, як усім будзе добра і г.д. Адзначыў кучу нестыковак факталягічных, тэхнічных, што ён ня можа мысьліць крытычна. Дык такое пайшло, пачаў сыпаць у прыват пагрозамі — ды мы прыедзем, ды на калені паставім, ды расстраляем. Але ніякіх мер не было. Хоць іншыя пацярпелі: кагосьці зьбівалі, некага і расстралялі. Дый проста траплялі пад раздачу. Недалёка ад нашага дому нехта ехаў, і проста бяз дай прычыны расстралялі. Таксама быў сьведкам, як двое ў форме пад „мілітары“ спынілі аўто, выцягнулі кіроўцу, пабілі прыкладамі, забралі машыну і зьехалі. А супраць мяне што? Я асаблівай каштоўнасьці не ўяўляю».
Ці падобная сёньняшняя сытуацыя на Луганшчыне да анархіі? Дзейнічаюць там нейкія законы або ўсё трымаецца на «паняцьцях»?
«Як бы не зусім анархія, але і цывілізацыяй таксама ня пахне. Так, намагаюцца надаць нейкую бачнасьць парадку, дзяржаўнасьці, калі можна сказаць. Камэнданцкая гадзіна — ужо не анархія, правільна? Прынамсі, не нарвесься на непрыемнасьці, калі сам не шукаеш. Працуюць установы, шпіталі, камунальныя службы. Як ні дзіўна, музэі выставы арганізуюць. Прыяжджаюць госьці, як правіла, расейскія выканаўцы, песьні сьпяваюць. Нават выплочваюць пэнсіі і заробкі — хоць мала, але нешта. Так што стараюцца штосьці рабіць. Праз задніцу, вядома, бо інакш і не атрымаецца — там жа эканомікі ніякай, нічога не вырабляецца. Заводы або вывезеныя, або пазбаўленыя пастаўшчыкоў зь вялікай зямлі. Практычна ўсё стаіць. Шахты яшчэ працуюць, і тое ня ўсе».
Няма Расеі — няма праблемаў
Паводле Сяргея Целіжэнкі, кожны чалавек, які вымушана кінуў свой дом, марыць пра тое, каб туды нарэшце вярнуцца. Але на пэрспэктыву хуткай зьмены сытуацыі на Данбасе Сяргей глядзіць досыць стрымана:
«Мне б гэтага хацелася. Галоўнае, каб Расея, скажам так, зваліла адтуль далей, а там ужо са сваімі разьбяромся. Таму што не было б Расеі, не было б і праблемаў. Як у той песьні No Woman, No Cry — няма жанчыны, няма сьлёз. Усё наладзіцца, калі Масква зваліць. Думаю, тыя стратэгі і самі не чакалі, што так захраснуць. Можа, каб лепш пралічылі, і ня сунуліся б. Разам з тым Крамлю заўсёды выгодна мець пад бокам у некага такія тэрыторыі, якія муцяць ваду. А запас трываласьці ў Расеі будзь здароў. Сыравінная дзяржава, нафты поўна, газу поўна, запасы яшчэ ёсьць. Ёй прарочылі крах яшчэ ў 2015-м, але нічога, стаіць сабе. Я пажадаў бы ёй разваліцца найхутчэй, цягам трох дзён, але штосьці пакуль не атрымліваецца. Паглядзім, хай санкцыі яшчэ папрацуюць. Як разумею, усё ж яны дзейсныя».
Пры канцы гутаркі запытваю Сяргея Целіжэнку, якія гістарычныя пласты капае цяпер. Аказалася, што выцягвае на паверхню сьведчаньні росквіту Кіеўскай Русі:
«Хоць і адчувальна пахаладала, цяпер капаем на ўскраіне Кіева, называецца раён Фэафанія. Калісьці тут было паселішча дружыны старажытнага Кіева, якое абслугоўвала, скажам так, вайсковыя хутары дружыньнікаў. Вельмі багатыя ідуць знаходкі — і каралі, і падвескі, і крыжы. Усё адносіцца да эпохі Кіеўскай Русі. Апроч таго, сустракаюцца матэрыялы раньняга жалезнага веку, трыпольскай культуры і нэаліту. Але спарадычна, фрагмэнтамі. А вось пэрыяд Кіеўскай Русі — жыльлё, ямы для захаваньня збожжавых і г.д. — вельмі насычаны матэрыял, і яго шмат. Капаем-капаем, ніяк не дакапаем».
Як вынікае з афіцыйных зьвестак ААН, цягам апошніх двух гадоў у зоне канфлікту з абодвух бакоў забіта блізу 10 тысяч чалавек, звыш 20 тысяч атрымалі раненьні, а колькасьць унутраных уцекачоў упэўнена набліжаецца да 2 мільёнаў. Пра абмен ваеннапалоннымі, паводле папярэдняй інфармацыі, бакі нарэшце дамовіліся 22 верасьня.