«Як сапраўдны беларус, з душой», — беларуска скарыла вакаліста бразыльскага мэтал-гурту Sepultura

Дэрык Грын і Юлія Сьмірнова

Беларуская крама патрыятычных сувэніраў Symbal.by апублікавала ў нядзелю фота вакаліста славутага бразыльскага мэтал-гурту Sepultura Дэрыка Грына ў «сымбальбаеўскай» майцы «Слухай сваё».

Як выявілася, цішотку яму падарыла ягоная дзяўчына — беларуска Юлія Сьмірнова.

Юлія распавяла Свабодзе, што пазнаёмілася з Грынам, калі гурт Sepultura выступаў Менску. Тады яна прадавала перад заляй свае скураныя вырабы — бранзалеты і вокладкі на дакумэнты.

«Падарыла яму вокладку — ён потым мяне знайшоў. Сябравалі, цяпер сустракаемся», — дзеліцца Юлія.

Летась Юлія лятала ў Бразылію, сёлета Грын прылятаў да яе ў Беларусь, адзначыў зь ёй дзень народзінаў. Юлія кажа, Грыну ў Беларусі спадабалася, хоць і было холадна. Яна кажа, што паляціць да Грына ў сакавіку, зьбіраецца неўзабаве пераехаць жыць у Бразылію, ды не адразу: яшчэ шмат спраў. Ад Бразыліі ж у яе засталіся прыемныя ўражаньні:

«Там вельмі добра, вельмі ветлівыя людзі, не баісься кантактаваць зь імі, давяраць людзям, яны адкрытыя, нязлосныя. Я разумею, чаму ён сам такі. Ён у прынцыпе вельмі добры чалавек, чулы. Ёсьць розныя ўсялякія зоркі, але ён… Ён як сапраўдны беларус, з душой. Увесь той сцэнічны вобраз — ён на самой справе зусім іншы, вельмі добры, шчыры, адкрыты. Сапраўдны мужчына, як дзяўчаты чакаюць тых прынцаў — вось ён такі».

Юлія Сьмірнова і Дэрык Грын

Дзяўчына прыгадвае, што першы час блізкія людзі хваляваліся за яе, калі выпраўлялі за акіян, але сама яна ні на сэкунду не сумнявалася:

«Цяпер усё добра. Асабліва калі ён прыехаў, яны пабачылі на ўласныя вочы, які ён чалавек. Цяпер ніякіх хваляваньняў няма, наадварот, вельмі рады, шчасьлівыя».

А таго, што сусьветна вядомы музыка можа пастаянна быць ці ў студыі, ці ў турах, яна не баіцца: у ім яна ўпэўненая; ёй галоўнае, каб ён рэалізаваў сябе, «а калі ён будзе шчасьлівы, то і дома ўсё будзе добра».

Юлія кажа, слухае ў тым ліку Sepultura, рокам захапляецца зь дзяцінства: любіць музыку Озі Озбарна, Led Zeppelin, Pink Floyd, Uriah Heep, Queen, з больш маладых называе Korn. Што тычыцца клясычнага року, у іх з Грынам сышліся музычныя густы.

Ён пытаўся Юлію, які рок-гурт самы папулярны ў Беларусі:

«Але я крыху задумалася, бо ў нас больш поп-сьпевакі папулярныя, якія стадыёны зьбіраюць, а так… Сказала: ведаеш, „Песьняры”! Яны сапраўды былі папулярныя ў свой час. Я лічу, яны — такі эталён беларускай музыкі, больш-менш этнічныя, выражаюць нашу беларускую музыкальнасьць. Народныя песьні яму падабаюцца. Яму падабаецца, што раней была больш насычаная музыка, цікавая, а цяперашняя поп-музыка яго ня ўразіла».

***

Гурт Sepultura (сугучна з партугальскім sepulchre — «магіла») лічыцца адным з самых папулярных мэтал-гуртоў сьвету, адным з галоўных прадстаўнікоў напрамкаў trash- і groove-мэтал, самым пасьпяховым «цяжкім» гуртам Бразыліі. За 33 гады на сцэне ён выдаў 14 альбомаў, альбомы разышліся агульным накладам у больш як 20 млн копіяў. Дэрык Грын — 46-гадовы франтмэн гурту родам з Кліўлэнду, што ў Агаё, ЗША. Далучыўся да Sepultura ў 1997 годзе, таксама сьпяваў у мэтал-гуртах Musica Diablo і Biohazard.