Верніка, якога ўлады цкуюць за стварэньне прытулку, прыме папа рымскі

Аляксей Шчадроў

Верніка-каталіка Аляксея Шчадрова, які стварыў прытулак для бяздомных у вёсцы Аляксандраўка Шчучынскага раёну, за што і перасьледаваўся мясцовымі ўладамі, запрасілі ў Ватыкан.

Ягоным учынкам, а таксама дзейнасьцю суполкі Братоў-місіянэраў харызмы Маці Тэрэзы з Калькуты зацікавіўся сакратарыят Сьвятой Сталіцы. Аляксей Шчадроў неаднойчы быў героем рэпартажаў на Свабодзе. Сёньня зь ім гутарыць наш карэспандэнт Міхал Карневіч.

— Аляксей, як даведаліся ў Ватыкане пра вашу дзейнасьць?

— Я сам патэлефанаваў на радыё ў Ватыкан. Там ёсьць такі айцец Аўгустын, і я распавёў яму ўсю нашу гісторыю, даслаў яму фатаздымкі, відэаролік нашага набажэнства. Ён у інтэрнэце таксама сачыў за тым, што ў нас адбываецца, асабліва той час, калі на мяне завялі крымінальную справу. Затым ён тэлефанаваў нашаму ксяндзу, таксама зь ім размаўляў, а потым матэрыялы аднёс у прыёмную кардынала. Той прыняў рашэньне запрасіць мяне на сустрэчу.

— А ці плянуецца сустрэча з папам Рымскім?

— Так.

— Пра што б вам хацелася яму распавесьці?

— У мяне да папы Рымскага тры пытаньні. Я буду прасіць яго дапамагчы нас зарэгістраваць як суполку братоў-місіянэраў міласэрнасьці, падыму перад ім пытаньне аб кананізацыі Маці Тэрэзы з Калькуты і папрашу дапамогі, каб мы маглі езьдзіць па ўсім сьвеце і адкрываць рэлігійныя суполкі накшталт нашае. Канечне, я распавяду пра тое, як на самой справе выглядае тут наша жыцьцё. Распавяду, што касьцёл у нас бездапаможны, што біскуп ня ў сілах дапамагчы тым, хто займаецца бяздомнымі, і мітрапаліт Кандрусевіч ня ў сілах, ну ніхто...

— Чаму касьцёл, на вашу думку, дагэтуль ня ўзяў вас і вашу дабрачынную дзейнасьць пад сваю апеку, каб вас не перасьледавалі ўлады?

— Я думаю, што пасьля гэтае сустрэчы нешта павінна зьмяніцца, бо мы ўжо тры гады просім касьцёл прыняць нас у сваё ўлоньне, а біскуп Аляксандар ня можа нічога вырашыць. Ксёндз Юзаф Станеўскі падтрымлівае нас, а вось айцец Аляксандар, магчыма, нас не разумее. Напэўна, ён ня ведае, што такое беднасьць, ён ня жыў на вуліцы, яму не даводзілася думаць кожную раніцу — што зьесьці, хадзіць босым у тоненькай куртцы. Магчыма, ён ня ведае, што такое беднасьць і голад... Маці Тэрэза мела рацыю, калі казала, што толькі бедны беднага можа зразумець...

— Вы як чалавек веруючы, які ахвяраваў сваё жыцьцё на тое, каб дапамагаць бяздомным і бездапаможным людзям, напэўна, больш за іншых адчулі, як добрыя чалавечыя ўчынкі часам ня ў сілах дайсьці да іншых людзей, бо гэтаму моцна супрацьстаіць зло...

Калі ў цябе ўсё гладка і добра, то варта задумацца, ці робіш ты справу Божую

— Калі ў тваім жыцьці цяжкасьці і перашкоды, то, думаю, гэта добра, бо інакш не было б сэнсу ў нашым хрысьціянскім жыцьці. Тады ты на Божым шляху і правільна ідзеш. А калі ў цябе ўсё гладка і добра, то варта задумацца, ці робіш ты справу Божую.

— Супраць вас узбуджалі крымінальную справу за тое, што вы незаконна адчынілі прытулак для бяздомных, а потым яго зарэгістравалі. Вас увесь час спрабавалі выселіць з Аляксандраўкі мясцовыя ўлады, бо вы псавалі ім паказчыкі, але потым нібыта прыціхлі. Якія цяпер у вас адносіны з уладамі?"

— Прыціхла трохі, калі спынілі супраць мяне крымінальную справу і зарэгістравалі нас. Але старшыня сельсавету ўвесь час прыяжджае і патрабуе, каб мы пераехалі ў іншы раён, бо ёй, маўляў, гэта не падабаецца і яна гэтага ня хоча. Дарэчы, яна стала дэпутатам. Адзін раз прыехала і прывезла санстанцыю, але я санстанцыю не пусьціў, сказаў, што гэта мая прыватная ўласнасьць. Яны пастаялі і паехалі. Вось так...

— Вы распавядалі, што зараз у вашым прытулку жывуць 10 чалавек. Ці стае сродкаў на тое, каб утрымліваць столькі людзей, ці вы ўвесь час жывяце ў патрэбе?

— Ну, можна сказаць, што так і ёсьць: жывём за кошт ласкі Божае і каго Гасподзь пашле да нас. І прыходзяць людзі і даюць... Касьцёл нам не дапамагае, «Карытас» таксама не дапамагае. Маці Тэрэза, калі пачынала сваё служэньне, сказала, што будзе жыць за кошт Божае ласкі і ніколі і ні ў кога ня будзе прасіць грошай. І мы так жывём, гэтага прытрымліваемся і будзем жыць. І вось трэці год у нас ніколі не было, каб мы сядзелі галодныя, без харчоў. Няхай у нас толькі ёсьць адна бульба два-тры дні, але потым Гасподзь абавязкова нам нешта прысылае: нехта нешта прывозіць. Таму мы дзякуем Богу за ўсіх людзей, якія пра нас не забываюць.

— Пераважная большасьць людзей, якія знаходзяцца ў вашым прытулку, — інваліды, людзі, ад якіх адракліся родныя, у мінулым алькаголікі. Вы, як правіла, падбіралі іх проста на вуліцы. Калі ад’едзеце ў Ватыкан — ці будзе на каго пакінуць прытулак?

— Ёсьць у нас два чалавекі, якія жывуць трэці год, цалкам прайшлі рэабілітацыю. Яны ўжо добра ўмацаваліся і могуць шмат што рабіць, і калі мы недзе ад’яжджаем, то спакойна пакідаем прытулак на іх. Ад нас ужо адышла Ганна, яна была год, уладкавалася ў шпіталі ў Шчучыне — таксама заўсёды дапаможа.