На беларускай, расейскай і ангельскай мовах гэтая кніга выйшла ў лютым 2016 году і называлася «Мая гісторыя. Беларуская „Амэрыканка“, або Выбары пры дыктатуры».
У інтэрвію Свабодзе Андрэй Саньнікаў расказаў, што падчас прэзэнтацыі абмяркоўвалі «польскі дыялёг зь беларускай дыктатурай», і выказаў сваё стаўленьне да палітыкаў, якія асудзілі затрыманьне прарасейскіх публіцыстаў у Беларусі:
— Кніга выйшла па-польску, бо была зацікаўленасьць польскага выдавецтва KARTA. Гэтае выдавецтва працавала і над перакладам, і яно ж прапанавала назву для польскага выданьня — «Białoruska ruletka». Я пагадзіўся на гэтую назву. Я вельмі ўсьцешаны, таму што пераклад атрымаўся надта добры, а сама кніга распачынае новую сэрыю выдавецтва KARTA, прысьвечаную гісторыі XXI стагодзьдзя.
— Як разышоўся папярэдні наклад кнігі, які выйшаў на беларускай, расейскай і ангельскай мовах?
— Я задаволены тым, як разышоўся наклад на беларускай, расейскай і ангельскай мовах. Я некалькі разоў прэзэнтаваў кнігу ў ЗША, у Вялікай Брытаніі, у Канадзе, у Польшчы. Я бачу, што ёсьць цікавасьць, ёсьць вельмі добрыя водгукі. Цяпер, адначасова з польскім варыянтам, кніга выйшла ў Маскве, яе выдала «Новая газета». Кніга ўжо ў кнігарнях і вельмі добра прадаецца.
— На прэзэнтацыі выступіла шмат вядомых людзей. Быў першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч, дырэктар «Белсат» Агнешка Рымашэўска-Гузы, былы павераны ў справах Польшчы ў Беларусі Вітольд Юраш. Вакол чаго вялася асноўная дыскусія?
— Прэзэнтацыя адбылася ў Тэатры Польскім. Я вельмі ганаруся, што ўрыўкі з кнігі чытаў выдатны польскі актор і рэжысэр Анджэй Севярын, вядомы нам як дзяяч Салідарнасьці. Анджэй заўсёды падтрымлівае беларускія дэмакратычныя сілы. Калі мы былі за кратамі пасьля 19 сьнежня 2010 году, ён актыўна ўдзельнічаў у кампаніі ў нашу падтрымку.
Увогуле на прэзэнтацыі былі і людзі, якія вельмі добра ведаюць Беларусь, і тыя, якія кепска яе ведаюць. Дыскусія атрымалася цікавая, таму што абмяркоўваліся зьмены ў палітыцы польскага ўраду і польскага МЗС у дачыненьні да Беларусі. Для мяне асабіста гэтыя зьмены не зразумелыя. Мне здаецца, што палякі шукаюць паляпшэньня стасункаў зь Беларусьсю ня там, дзе яго трэба шукаць. Яны пэўным чынам паляпшаюць дачыненьні з дыктатурай. Вось гэтая тэма і стала цэнтральнай у дыскусіі. Прынамсі, можна канстатаваць вялікую зацікаўленасьць у тэме, зьвязанай зь Беларусьсю.
— Як вы мяркуеце, можна засьцерагчыся ад інфармацыйнай кампаніі, якую вядуць у Беларусі расейскія СМІ?
— Тое, што цяпер адбываецца, вельмі небясьпечна. Але я бачу, што актыўная частка грамадзтва Беларусі рэагуе нармальна, супрацьстаіць таму, што называюць «русский мир». Вельмі небясьпечна, што ў нас дамінуюць расейскія СМІ, якія цяпер вядуць інфармацыйную вайну ня толькі з Украінай і Захадам, а з каштоўнасьцямі ўвогуле.
Я лічу, што важную ролю ў гэтай вайне адыгрываюць незалежныя беларускія СМІ. Я паўсюль кажу, што сёньня вельмі важна падтрымліваць беларускія незалежныя мэдыя. Таму што «русский мир» у Беларусі — гэта ня Пуцін, гэта Пуцін плюс Лукашэнка. Трэба разумець гэта і дзейнічаць адпаведным чынам.
— Ці было для вас нечакана, што некаторыя беларускія палітыкі, якіх традыцыйна лічаць дэмакратычнымі, асудзілі затрыманьне прарасейскіх прапагандыстаў у Беларусі.
— Ёсьць частка грамадзтва, якая лічыць іх традыцыйна дэмакратычнымі. Для мяне іх рэакцыя не была нечаканай, таму што я не залічваю гэтых палітыкаў да апазыцыі.