Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На навуковай канфэрэнцыі ў Менску апраўдалі забойствы ксяндзоў Мураўёвым-вешальнікам: «Гэта ягоны подзьвіг»


Навукоўцы і сьвятары, сабраўшыся ў праваслаўнай царкве, апраўдвалі забойствы на загад Мураўёва-вешальніка, услаўлялі яго як рэфарматара, а Кастуся Каліноўскага называлі тэрарыстам, ягоную «Мужыцкую праўду» — агітацыйным лістком, які пісаўся на наўмысна псэўданароднай мове.

27 лістапада ў храме менскага прыходу ў гонар Пакрову Прасьвятой Багародзіцы, дзе тыдзень таму ўпершыню за апошнія 100 гадоў маліліся за графа Міхаіла Мураўёва, вядомага ў Беларусі як Вешальнік і Людаед, правялі 4-гадзінную міжнародную навуковую канфэрэнцыю, прысьвечаную яго памяці, пад назвай «Гатовы сабой ахвяраваць...»

У праграме канфэрэнцыі паведамляецца, што яе блаславіў Мітрапаліт Менскі і Заслаўскі Павал. Арганізатарамі выступілі навукова-асьветніцкі праект «Заходняя Русь» і Брацтва ў гонар архістратыга Міхаіла.

З дакладамі на канфэрэнцыі выступілі прафэсары і дацэнты беларускіх і расейскіх ВНУ і прадстаўнікі Праваслаўнай Царквы.

Настаяцель храма менскага прыходу ў гонар Пакрову Прасьвятой Багародзіцы архімандрыт Васіян паабяцаў, што ўсе ўдзельнікі канфэрэнцыі будуць выступаць, «зыходзячы выключна з пазыцый строгага навуковага падыходу, каб пазьбегнуць прадузятага стаўленьня і разабрацца ў падзеях той эпохі і аб’ектыўна разглядзець у іх ролю графа Мураўёва».

Задушыў «польскае паўстаньне на беларускай зямлі»

Настаяцель храма менскага прыходу ў гонар Пакрову Прасьвятой Багародзіцы архімандрыт Васіян
Настаяцель храма менскага прыходу ў гонар Пакрову Прасьвятой Багародзіцы архімандрыт Васіян

«Мы адкрываем канфэрэнцыю, прысьвечаную памяці яскравай і выдатнай асобы, якая мела важнае значэньне для гісторыі беларускага народу — графа Міхаіла Мураўёва. Зь імем гэтага чалавека зьвязаная важная старонка нашай гісторыі, якая прыпадае на сярэдзіну XIX стагодзьдзя, калі на тэрыторыі сучаснай Беларусі ўспыхнула польскае паўстаньне. Вялізнае значэньне ў задушэньні гэтага паўстаньня і вяртаньні мірнага жыцьця належыць графу Мураўёву. Яго цьвёрдае кіраўніцтва дазволіла яму ў кароткія тэрміны спыніць жорсткія забойствы мірных грамадзян, крадзяжы і гвалт. Наш абавязак — перадаць нашчадкам дакладныя зьвесткі пра гісторыю, не замоўчваць і ня ўтойваць ніякіх фактаў. Заслугі графа Мураўёва з розных прычын раней не былі ацэненыя ў поўнай меры», — сказаў архімандрыт Васіян.

Кастусь Каліноўскі дэманізаваў «маскаля»

Кандыдат гістарычных навук, прафэсар Інстытута тэалёгіі БДУ Аляксандр Бендзін адзначыў, што ў Беларусі ўпершыню ўшаноўваецца памяць Мураўёва. У сваім дакладзе «Граф Мураўёў Віленскі — уціхамірнік і рэфарматар Паўночна-Заходняга краю Расейскай імпэрыі 1863-1865 гг.» ён даў ацэнку газэце «Мужыцкая праўда», якую выдаваў Кастусь Каліноўскі:

Выступае Аляксандр Бендзін
Выступае Аляксандр Бендзін

«Адна са сфэраў прапагандысцкай дзейнасьці ўвасобілася ў так званай „Мужыцкай праўдзе“. Гэта быў агітацыйны лісток, які пісаўся на наўмысна псэўданароднай мове адукаваным чалавекам, які знарок падладжваўся пад масавую сьвядомасьць неадукаванага сялянства. Гэтым чалавекам быў Каліноўскі, які цяпер прадстаўляецца як нацыянальны герой. Ва ўлётцы „Мужыцкая праўда“ ён пісаў, што пасьля паўстаньня мужыкам абяцаецца нейкая вольнасьць, якую ён маляваў як утапічны мужыцкі рай, дзе няма ні падаткаў, ні паноў. Гэта значыць, абяцаў мужыкам аналяг махноўшчыны, гэта значыць анархіі».

Аляксандр Бендзін адзначыў, што ва ўлётках Каліноўскага малюецца «злавесны вобраз маскаля».

«Ад прапаганды Каліноўскага патрабавался перанакіраваць энэргію сацыяльнай нянавісьці, якую сяляне адчувалі да памешчыкаў, на маскаля. Таму ва ўлётках зьяўляецца дэманічны вобраз маскаля, у якім ўвасабляецца ўсё зло, сутнасьць бедаў селяніна — гэта і Расея, і манарх Аляксандар II, і велікаросы, і праваслаўе. Усё гэта выкарыстоўвалася дзеля таго, каб завабіць беларускага селяніна ў самагубную пастку польскага паўстаньня».

Вобраз вешальніка тыражавала беларуская гістарыяграфія

Адказваючы на пытаньне з залі, чаму граф Мураўёў атрымаў у народзе мянушкі Вешальнік і Людаед, Аляксандр Бендзін сказаў, што гэта заслуга прапольскай прапаганды, якую пасьля падхапілі беларускія нацыяналісты. Асабліва ён абурыўся таму, што вешальнікам называюць Міхаіла Мураўёва ў беларускіх падручніках па гісторыі:

«У гэтым паўстаньні вельмі важную ролю адыгрывала прапаганда. Вобраз Мураўёва-вешальніка зьявіўся ў польскай прапагандзе. Пасьля яго ахвотна падхапілі расейскія лібэралы, пра гэта пісаў Герцэн у сваім выданьні „Колокол“. Быў патрэбен дэманічны вобраз Мураўёва, які б увасабляў азіяцкую жорсткасьць расейскай улады. Але насамрэч гэта толькі прапагандысцкі штамп, таму што Мураўёў дзейнічаў выключна ў межах законнасьці. Ён душыў узброенае паўстаньне супраць улады. Зразумела, што існавалі законы, паводле якіх адбываўся суд над мяцежнікамі, частка зь іх была пакараная сьмерцю. Загінулі не нявінныя людзі, а людзі, якія са зброяй у руках выступілі супраць расейскай улады. Трэба сказаць, што вобраз Мураўёва-вешальніка ахвотна падхапіла беларуская гісторыяграфія, якая крытычна ставілася да пэрыяду знаходжаньня беларускай тэрыторыі ў складзе Расейскай імпэрыі. Таму ў беларускіх падручніках да гэтага часу прысутнічае злавесны вобраз Мураўёва-вешальніка».

Праваслаўны «русский мир» варты забойстваў, якія ўчыніў Мураўёў

Разважаючы пра маральна-рэлігійны аспэкт дзейнасьці графа Мураўёва, удзельнікі канфэрэнцыі адзначылі, што сярод пакараных сьмерцю (іх колькасьць не ўдакладнялася, але, паводле розных падлікаў, яна складае ад 2500 да 9423 чалавек. — Р.С.) былі 8 каталіцкіх сьвятароў. Прычым першы расстрэл ксяндза адбыўся публічна і ўжо праз тыдзень пасьля прыезду графа Мураўёва ў Вільню.

Протагерэй Аляксандар Раманчук, які выступіў з дакладам «Рэлігійна-культурныя перадумовы пасьпяховага задушэньня шляхецкага паўстаньня 1863-1864 гг.», адзначыў, што Мураўёў не патрабаваў пазбаўляць асуджаных на сьмерць ксяндзоў сану, і расстраляныя яны былі не як грамадзяне, якія парушылі закон, а як каталіцкія сьвятары, якія чыталі маніфэст рэвалюцыйнага кіраўніцтва і заклікалі людзей да бунту.

«З аднаго боку, можна падумаць, што для такога „вуснага“ злачынства пакараньне сьмерцю занадта суровае. Але трэба дадаць, што Мураўёў задумаў пакараць сьмерцю прадстаўнікоў каталіцкага духавенства яшчэ да прыбыцьця ў Вільню. Ён добра разьлічыў гэты крок для ўціхамірваньня ахопленых бунтам губэрняў».

Далей протагерэй Раманчук задаў пытаньне, якую цану для Мураўёва асабіста меў расстрэл 8 ксяндзоў. І адказаў на яго наступным чынам:

«Фактычна ён паставіў пытаньне, ці мае ў вачах Бога расейскі праваслаўны сьвет такую каштоўнасьць, каб дзеля яго караць сьмерцю каталіцкіх сьвятароў. Быўшы праваслаўным вернікам, ён адказаў на гэтае пытаньне станоўча і выканаў прысуды. Такім чынам ён пагадзіўся ў поўнай ступені несьці адказ за свае дзеяньні перад Богам у пытаньні выратаваньня душы. Такім чынам, мы ня можам адмаўляць, што граф Мураўёў, расстраляўшы 8 каталіцкіх ксяндзоў, выступіў у ролі расейскага рэлігійнага і нацыянальнага лідэра і тым зьдзейсьніў асабісты духоўны подзьвіг самаахвярнасьці».

Краўцэвіч: у Расеі ведаюць, што Каліноўскі — нацыянальны герой беларусаў, таму ўсхваляюць ягонага ката

Гарадзенскі гісторык Алесь Краўцэвіч лічыць, што мэтадычныя захады Беларускай Праваслаўнай Царквы ва ўшанаваньні Міхаіла Мураўёва — зьява сымптаматычная, якая сьведчыць пра мэнтальную акупацыю Беларусі:

Алесь Краўцэвіч
Алесь Краўцэвіч

«Кастусь Каліноўскі — нацыянальны герой Беларусі, а Міхаіл Мураўёў — вешальнік і наш вораг. А тое, што праходзяць малебны, правялі канфэрэнцыю і ўвогуле падымаецца на шчыт граф Мураўёў, значыць, што ў Расеі разумеюць, што Беларусь адыходзіць ад „русского мира“, і Расея гэтым моцна занепакоеная. Гэта па-першае. Па-другое, расейцы разумеюць, што постаць Кастуся Каліноўскага ўваходзіць у пантэон беларускіх нацыянальных герояў, у масавай сьвядомасьці гэта сынонім змаганьня за свабоду і незалежнасьць. Па-трэцяе, Расея абсалютна адкрыта праводзіць сцэнар акупацыі Беларусі, які пачынаецца так, як пачынаўся ва Ўкраіне. Таму і адкрываюцца расейскія дамы культуры, ваенізаваныя клюбы, невядома якія сьцягі зьяўляюцца. Акупацыя ў варунках гібрыднай вайны пачынаецца з акупацыі мэнтальнай. Таму і робіцца спроба ўвесьці ў масавую сьвядомасьць Мураўёва як станоўчага героя. І тут дарэчы, праваслаўная царква не першапраходзец — у падручніках гісторыі аўтарства Якава Трашчанка гэта даўно ўжо напісана. Акупацыя мэнтальная папярэднічае мілітарнай. Калі эканамічная сытуацыя ў Расеі пагоршыцца, спатрэбіцца чарговы зьнешнепалітычны посьпех. А для Расеі самы лёгкі посьпех — гэта Беларусь. І па-чацьвёртае, гэтыя арганізацыі адчуваюць беспакаранасьць і падтрымку цяперашняй беларускай улады».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG