Рада Эўразьвязу на сёньняшнім пасяджэньні міністраў замежных спраў адмяніла большую частку санкцый супраць беларускага рэжыму. Ці надоўга захаваецца прымірэньне паміж Брусэлем і Менскам?
На гэтае пытаньне карэспандэнта Свабоды палітоляг Аляксандар Класкоўскі адказаў так:
«Ужо быў досьвед адлігі ў дачыненьнях паміж Менскам і Брусэлем у 2008, 2010 гадах, і той экспэрымэнт скончыўся з адмоўным вынікам. Цяпер, дарэчы, кіраўнік польскай дыпляматыі Вашчыкоўскі кажа пра экспэрымэнт Эўропы ў дачыненьні да Беларусі. Пабачым. Бо рэжым па сутнасьці паводле сваіх інстынктаў не зьмяніўся, але рамка зьмянілася — і эканамічная, і зьнешнепалітычная. Бо выпрацаваны эканамічны рэсурс рэжыму і, адрозна ад ранейшых часоў, Масква не гатовая даваць такія шчодрыя субсыдыі. Да таго ж яна прыціскае палітычнымі пытаньнямі. Тут на першым пляне пытаньне разьмяшчэньня авіябазы. І наогул пасьля Крыма беларускае кіраўніцтва прымерыла на сябе сцэнар зялёных чалавечкаў. Гэта прывяло не да нейкага перараджэньня поглядаў, лібэралізацыі мысьленьня беларускага начальства і найперш Аляксандра Лукашэнкі, але проста нават імпэратыў самавыжываньня падштурхоўвае да далейшай гульні на заходнім вэктары».
Паводле Аляксандра Класкоўскага, стымул працягваць гульню з Захадам у рэжыму захоўваецца.
«Бо было б зусім недарэчна, зьняўшы нарэшце санкцыі, столькі ўклаўшы ў гэта сіл (тут трэба аддаць належнае ведамству Макея — усё, што маглі, беларускія дыпляматы зрабілі, па максымуме скарысталі ўкраінскі чыньнік), пасьля гэтага пачаць вакханалію новых рэпрэсій было б нелягічна, недарэчна, ды і душыць няма асабліва каго, бо пакуль няма моцных выступленьняў. Па другое, мы бачым, што вельмі вялікая патрэба ў зьнешнім фінансаваньні. А якраз пасьля зьняцьця санкцый ёсьць шанец атрымаць доступ да фінансавых мэханізмаў ЭЗ, павышаюцца шанцы на крэдыт МВФ. То бок тут вялікае поле для гульні і з боку заходнікаў. Важна, каб Брусэль усё ж такі накінуў беларускім уладам нейкі варыянт дарожнай мапы, каб няхай па мілімэтры, але каб усё ж нейкія зьмяненьні ва ўнутранай палітыцы, эканоміцы беларускія ўлады праводзілі».
Паводле Класкоўскага, цяперашняе рашэньне ЭЗ — гэта ня горшы варыянт разьвіцьця падзей.
«Чым мацнейшыя дачыненьні Беларусі з Эўропай, нават пры цяперашнім недэмакратычным рэжыме, тым большыя шанцы на захаваньне нашай незалежнасьці і на тое, што ў пэрспэктыве перад Беларусьсю адкрыецца эўрапейскі шлях. Ну а палітычныя зьмены ў краіне — гэта найперш справа саміх беларусаў».