Cтаршыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька сказаў, што спакойна ставіцца да рашэньня Эўразьвязу, які скасаваў большасьць санкцыяў супраць афіцыйнага Менску.
«Гэта рашэньне чыноўнікаў і палітыкаў ЭЗ, таму і адказнасьць за гэтае рашэньне нясуць яны. Я думаю, чым гэта рашэньне можа дапамагчы беларусам? Бо многія стаялі з галавой, павернутай на Захад, і чакалі больш дзейснай дапамогі і салідарнасьці. А сёньня сытуацыя разгортваецца так, што адказнасьць за тое, што адбываецца ў Беларусі, мусяць у першую чаргу несьці яе грамадзяне. Гэта такі выклік для прыхільнікаў пераменаў. І мажліва, гэта паспрыяе большай кансалідацыі ўнутры самой краіны. Гэта тое, што я называю пазытыўным бокам гэтага рашэньня.
Але толькі час адкажа, наколькі гэта было прадумана і эфэктыўна. Я думаю, што гэтае рашэньне больш кансэрвуе, чым мяняе сытуацыю. Яно больш дэматывуе ўлады нешта рабіць, чым падштурхоўвае іх да пераменаў. Разам з тым, нам трэба не перажоўваць гэтае рашэньне, а працаваць унутры краіны, тым больш, што нейкія маленькія мажлівасьці ўсё ж застаюцца».