«Мы маем шанец застацца краінай». Чаму Беларусь не напаткае лёс Крыму і Абхазіі

Пад выглядам вучэньняў савецкія войскі былі сьцягнутыя да межаў краінаў Балтыі 4 чэрвеня 1940 году. Праз два тыдні Чырвоная Армія ўжо кантралявала Латвію, Літву і Эстонію. Ці магчымы такі сцэнар у XXI стагодзьдзі для Беларусі?

Гісторык Тацяна Процька лічыць, што, у адрозьненьне ад краінаў Балтыі ў міжваенны час, Беларусь сёньня сама можа вызначыцца наконт сваёй будучыні.

«Дзейнасьць нямецкай пятай калёны»

Усталяваньне расейскай улады ў Крыме ў 2014 годзе нагадвае альгарытм, па якім Латвія, Літва і Эстонія былі акупаваныя Савецкім Саюзам у 1940-м. Напярэдадні канфлікту ўсе краіны мелі падпісаныя дамовы аб ненападзе і зь Нямеччынай, і з СССР. Тое самае было з постсавецкай Украінай. У 1994 годзе, калі Ўкраіна пагадзілася пазбавіцца ядзернай зброі, ЗША, Расея і Вялікая Брытанія падпісалі Будапэшцкі мэмарандум. Міжнародная дамова прадугледжвала ў тым ліку «павагу да незалежнасьці, сувэрэнітэту і існуючых межаў Украіны».

У 1991 годзе Літва стала першай незалежнай балтыйскай краінай пасьля 51 года савецкай акупацыі

Пасьля пачатку Другой сусьветнай вайны і падзелу Польшчы паміж СССР і Нямеччынай Савецкі Саюз схіляе кіраўніцтва балтыйскіх краінаў падпісаць дамовы аб узаемадапамозе і разьмяшчае на тэрыторыі кожнай краіны вайсковыя базы з 20–25-тысячным войскам.

На момант канфлікту з Расеяй у Крыме ўжо была разьмешчаная вайскова-марская база. Яшчэ з савецкіх часоў расейскі Чарнаморскі флёт заставаўся ў Севастопалі.

Летам 1940 году СССР абвінаваціў урады балтыйскіх краін у пранямецкіх настроях. Павераны ў справах СССР у Літве дакладваў у Маскву пра «дзейнасьць нямецкай пятай калёны». Таксама празаходняй палітыкай Украіны пасьля Эўрамайдану была заклапочаная Масква ў 2013–2014 гадах.

Пад выглядам вайсковых вучэньняў 4 чэрвеня 1940 году Савецкі Саюз пачаў сьцягваць войскі да межаў Латвіі, Літвы і Эстоніі. Праз два тыдні яны перасеклі мяжу, не сустрэўшы супраціву ад мясцовых войскаў. Гэтаксама расейскія войскі занялі Крым у сакавіку 2014 году. З боку ўкраінскай арміі не было ніводнага стрэлу.

«Зёлёныя чалавечкі» ў Крыме

14 ліпеня 1940 году ў балтыйскіх краінах адбыліся пазачарговыя парлямэнцкія выбары. Пракамуністычныя саюзы паўсюль атрымалі больш за 90%. А 21–22 ліпеня ўлады абвясьцілі аб стварэньні савецкіх рэспублік, якія меліся ўвайсьці ў склад СССР. 3–6 жніўня 1940 году Вярхоўны Савет СССР прыняў тры гэтыя краіны ў склад Савецкага Саюзу.

Падобным чынам уваходзіў у склад Расеі і Крым. Пад кантролем расейскіх вайскоўцаў 27 лютага 2014 году Вярхоўны Савет Крыму абраў новага старшыню і прагаласаваў за правядзеньне рэфэрэндуму «па пытаньнях удасканаленьня статусу і паўнамоцтваў рэгіёну». Паводле афіцыйных дадзеных, 16 сакавіка на рэфэрэндуме 96,77% насельніцтва Крыму прагаласавала за далучэньне да Расеі. І ўжо 18 сакавіка Ўладзімер Пуцін падпісаў дамову аб далучэньні Крыму да Расейскай Фэдэрацыі.

Расейцы зьбіраюцца прывезьці ў Беларусь зашмат тэхнікі

У студзені 2016 году мэдыі актыўна абмяркоўвалі беларуска-расейскія вучэньні «Захад-2017», якія павінны прайсьці ў сакавіку на тэрыторыі Беларусі. Сумесныя з расейскім войскам вучэньні рэгулярна праходзяць цягам апошніх дваццаці год. Але сёлета для дастаўкі расейскай баявой тэхнікі і складу спатрэбілася амаль у два разы болей вагонаў, чым для аналягічных вучэньняў у 2013 годзе.

Невядома, колькі эшалёнаў пасьля вучэньняў застануцца ў Беларусі

Міністэрства абароны Расеі абгрунтавала такую колькасьць вагонаў тым, што гэта перавозкі ў два бакі — дзьве тысячы ў адзін бок і столькі ж назад.

«Абʼём вайсковых чыгуначных перавозак 2017 году параўнальны з абʼёмам перавозак падчас праведзеных на тэрыторыі Беларусі вучэньняў папярэдніх гадоў: „Захад-2009“ — больш за 6 тысяч вагонаў, „Захад-2013“ — амаль 2,5 тысячы вагонаў», — адказалі расейскія вайскоўцы.

Вайсковыя аналітыкі выказвалі думкі, што пасьля вучэньняў гэтыя войскі могуць застацца ў Беларусі. Як гэта было з Чырвонай Арміяй у краінах Балтыі ў 1940 годзе.

Тацяна Процька

Тацяна Процька, гісторык і мэтадоляг, кажа што прымяраць гістарычныя падзеі 1930–1940-х на сучаснасьць ня варта.

«Цяпер сьвет зусім іншы, — кажа Процька. — Так, двухпалярны сьвет быў і тады, і цяпер. Толькі замест Злучаных Штатаў выступала Нямеччына. Але паміж Нямеччынай і СССР была дамова, кожны забіраў свой кавалак. Цяпер Расея і ЗША не дамовіліся».

Калі мы арганізуем супраціў, імавернасьць таго, што нас гвалтам забяруць, — вельмі малая

Беларусь не напаткае лёс Крыму і краінаў Балтыі. У гэтым Тацяна Процька ўпэўненая. Па яе словах, лёс Латвіі, Літвы і Эстоніі быў вызначаны ў 1939 годзе. А лёс постсавецкай Беларусі нікім не прадвызначаны.

«У краінаў Балтыі ў 1940-м шанцаў не было, — кажа Процька. — А мы маем вялікі шанец застацца краінай».

У 1939-м сьвет быў падзелены. У 2017-м — не

Беларусь большая за ўсе тры краіны Балтыі разам узятыя. Па насельніцтве — у два разы: 9,4 мільёна чалавек у Беларусі супраць 5,2 мільёна ў трох балтыйскіх краінах. Па тэрыторыі — таксама: 207,6 тысяч кв.км Беларусі супраць 175 тысяч кв.км Літвы, Латвіі і Эстоніі. Ужо хоць бы гэтыя паказчыкі ставяць Беларусь у больш выгадную пазыцыю, лічыць Процька.

«Нашая краіна не малая — яна большая ва ўсіх адносінах. Сытуацыя ў нас вельмі аптымістычная.

Калі мы арганізуем супраціў, верагоднасьць таго, што нас гвалтам забяруць — вельмі малая».

Расея праводзіць агрэсіўную палітыку ўздоўж усіх сваіх межаў. Прычым у сытуацыі з Крымам яна ў адкрытую парушыла міжнародныя пагадненьні. Аднак паўтарэньня асэтына-абхаскага ці крымскага сцэнару наўрад ці можна чакаць, мяркуе Процька.

«Зь Беларусьсю так ужо ня будзе, — кажа гісторык. — Два разы ў адну ваду не ступаюць. Таму шанец у нас ёсьць. Усё залежыць ад нас».