Абласны суд не апраўдаў «актывіста ў робе»

Рыгор Грык на перадвыбарчым пікеце

Грамадзкі актывіст Рыгор Грык з Баранавічаў атрымаў паведамленьне з абласнога суду Берасьця, што адміністрацыйнае пакараньне за лаянку і пікет яму вынесена законна.

Як апавёў Свабодзе Рыгор Грык, у судовай пастанове напісана, што «сьведкаў, зацікаўленых у выніку справы, якія б агаворвалі Грыка, ня маецца». Таксама адзначаецца, што аргумэнты Грыка «пра неўчыненьне правапарушэньня абвяргаюцца прыведзенымі доказамі». Таму пастанову Баранавіцкага суду пра пакараньне Рыгора Грыка штрафам судзьдзя абласнога суду Натальля Сурма пакінула бязь зьменаў.

Рыгор Грык кажа, што і не спадзяваўся на станоўчае рашэньне абласнога суду, але мяркуе абскарджваць і надалей:

«Буду пісаць цяпер старшыні абласнога суду. Лічу пакараньне незаконным. Ні баранавіцкі, ні берасьцейскі суд не захацелі разабрацца ў сутнасьці справы. Не лічу сябе вінаватым. Паколькі наш суд поўнасьцю залежыць ад улады, таму і прынята такое рашэньне. Відаць, у Беларусі цяжкі стан эканомікі, і ўлады вырашылі такім чынам за наш кошт папаўняць бюджэт».

Рыгор Грык у краме Mart Inn

У канцы верасьня баранавіцкі актывіст Рыгор Грык прыйшоў на працу ў турэмнай робе(http://www.svaboda.org/content/article/27267333.html). Такім чынам ён пратэставаў супраць таго, што яму не выдаюць працоўную вопратку. У той жа дзень Рыгора Грыка звольнілі з крамы Mart Inn, а дырэктарка крамы напісала заяву ў міліцыю, што ён брыдкасловіў. За гэта ды яшчэ і за пікет, які адбыўся ў часе перадвыбарчай кампаніі, Грыку прысудзілі 5 мільёнаў 400 тысяч штрафу (http://www.svaboda.org/content/Ryhoru%20Hryku%20prysudzili%2030%20bazavych%20%C5%A1trafu%20za%20pikiet%20i%20lajanku/27331792.html).

ПД