Расейскі «падпалкоўнік ГРУ» распавядаў пра «вайну за Сьвятую Русь» у менскай царкве, — «Наша Ніва»

Ілюстрацыйнае фота

Падпалкоўнік запасу расейскага Галоўнага выведнага ўпраўленьня Антон Мальшын, названы «воінам Хрыстовым Антоніем», казаў вернікам у менскім Сьвята-Елісавецінскім жаночым манастыры пра «вайну за сьвятую Русь, без падзелу на Белую, Малую і Вялікую», і пра тое, што прысутныя мужчыны возьмуць у ёй удзел, расказвае «Наша ніва».

Мальшын на сустрэчы з сотняй вернікаў казаў, што «прайшоў дзьве вайны ў Чачні, удзельнічаў у падзеях на Данбасе, засьвяціўся і ў Сырыі», распавядаў пра «цуды божыя на вайне»: пра тое, як крыжык можа спыніць снайпэрскую кулю, пра спэцназаўца, які два гады ня еў нічога ў чачэнскім палоне, і расстраляць яго не маглі, бо кулі яго ня бралі. Адна зь гісторыяў была прысьвечаная «герою Расеі Артуру Аруцюняну», але, адзначае «Наша Ніва», такога ў сьпісе Герояў Расеі няма. Паводле Мальшына, усясьветнага тэрарызму не існуе, бо «тэрарызм прыдумалі амэрыканцы і брытанцы, каб хутчэй распачаць Трэцюю ўсясьветную вайну, каб зьнішчыць Расею».

Дырэктарка культурна-асьветніцкага цэнтру «Экумена» тэоляг Натальля Васілевіч заявіла, што будзе зьвяртацца па тлумачэньні да мітрапаліта Паўла наконт гэтага выступу.