Архаічную абрадавую песьню і актуальную электронную музыку разьдзяляюць стагодзьдзі. Але ў сучасным сьвеце, сучаснай культуры яны знайшлі адна адну, пяшчотна пакахаліся і загучалі ва ўнісон — лёгка, прыгожа, зачаравана, разумна. Гэта і ёсьць праект электроннай музыкі зь беларускімі каранямі — «Шума». Музыкі толькі што запісалі новую кружэлку. І з гэтай нагоды госьцяй Свабоды — Руся, салістка гурту.
Фрагмэнты перадачы
Вячаслаў Ракіцкі: Новы альбом «Шумы» называецца «Жніво». Чаму менавіта «Жніво»? Якое і ў зьвязку з чым маецца на ўвазе жніво? Гэта мэтафара ці нешта канкрэтнае?
Руся: Для нас гэта вельмі канкрэтная мэтафара. Справа ў тым, што з розных прычынаў мы вельмі доўга працавалі над гэтым альбомам. Урэшце ён гатовы, і мы жнем вынікі. Мы доўга вагаліся з назвай. Думалі назваць яго «Дзіва», бо гэта нешта ня вельмі звыклае для беларускай культуры, нешта дзіўнае...
Ракіцкі: І дзіва ў сэнсе сьпявачка...
Руся: Дзіва як сьпявачка, так. Можна гэтым сваё эга палашчыць.Але вырашылі ўсё ж, хай гэта будзе жніво. Гэта сапраўды такі добры вынік нашай працы, і гэтае слова добра выглядае пры напісаньні лацініцай.
Ракіцкі: Такім чынам, вы падсумоўваеце свае пошукі, а мо іх працягваеце? Ці, можа, маніфэстуе новы этап вашай творчасьці, новы падыход да электроннай інтэрпрэтацыі беларускіх абрадавых песень? Карацей кажучы, чым зьдзіўляеце?
Руся: Будзем зьдзіўляць, па-першае, тым, што над дыскам працавалі разам два прадусары, у якіх рознае стаўленьне да эстэтыкі гуку. У аднаго зь іх мітычныя, містычныя гукавыя прасторы. Ты проста заплюшчваеш вочы — і паляцеў. Другі ж прадусар — дзёрзкі хлопец, крыху нахабнаваты, можа праўду ў вочы хуценька сказаць. Гэтыя ягоныя якасьці адбіваюцца і на стылі. У яго музыка больш танцавальная, у ёй мала размашыстага саўнд-дызайну. Але ёсьць такая спружынка, што аж у адным месцы сьвярбіць, так хочацца танцаваць.
Ракіцкі: Для каго запісалі кружэлку? Для беларусаў ці для эўрапейскага рынку? Апошнім часам кампазыцыі «Шумы» трапляюць у ратацыі эўрапейскіх радыёстанцыяў, вы актыўна супрацоўнічаеце са швайцарцамі. У Беларусі ж ня вельмі часта гучыце...
Руся: Найперш для беларусаў, для сваіх, любых і родных. На жаль, у Беларусі вельмі мала людзей цікавяцца архаічным кампанэнтам, традыцыйнай культурай. Але цяпер існуе відавочная цікавасьць да клюбнай культуры і электроннай музыкі. І нашай звышмэтай было ўзяць гэтую традыцыю, да якой дакранаюцца хіба што толькі спэцыялісты, якія гэтым адмыслова займаюцца. Узяць гэтую культуру і апрануць яе ў сучаснае адзеньне, зрабіць яе клюбнай і вывесьці яе да новага пакаленьня слухачоў... І клюбная аўдыторыя вельмі лёгка прымае наш сьпеў, бо мы зьмянілі вакальную манеру, сьпяваем ня дзікімі галасамі, а вельмі лагодна, пяшчотна. І людзі тады абапіраюцца на мэлёдыку, на гукавое аздабленьне, ім камфортна нас слухаць.
Выпуск перадачы на Youtube