«Я ацэньваю самога Рудага нэгатыўна. Ён нічога не дамогся. Таму яго саслалі цяпер у ссылку ў Кітай, каб не круціўся пад нагамі», — экс-старшыня Нацбанку і апанэнт Кірыла Рудага пры абароне кандыдацкай дысэртацыі Станіслаў Багданкевіч лічыць, што «новыя мазгі» пасьпяхова прыстасоўваюцца да цяперашняй неэфэктыўнай сыстэмы.
38-гадовага Кірыла Рудага хто-ніхто ўжо пасьпеў назваць «ідэолягам эканамічных рэформ» і «аўтарам беларускага нэпу». Імклівая карʼера выпускніка Бараўлянскай гімназіі, які ў 23 стаў кандыдатам навук, у 33 абараніў доктарскую, а ў 35 стаў дарадцам прэзыдэнта ўзмацняла спадзевы на тое, што да ўлады ўрэшце дапусьцілі людзей з новымі падыходамі і маладых.
Як адметнасьць прадстаўлялася 4-месячная стажыроўка Рудага ў Штатах па праграме Фулбрайт. Малады беларус працаваў «у адным з амэрыканскіх унівэрсытэтаў» над «плянам фінансавай стабілізацыі краін СНД». Сумнявацца ў добрай тэарэтычнай падрыхтоўцы будучага і ўжо былога памочніка прэзыдэнта падставаў не было.
«Пра тое, што ў нас на сярэднім узроўні — вядучых, галоўных спэцыялістаў, начальнікаў аддзелаў упраўленьняў і ва ўрадзе, і ў банках ёсьць нармальныя спэцыялісты — гэта мая заява 10-15 гадовай даўніны, — апісвае фэномэн „новых мазгоў“ Станіслаў Багданкевіч. — Але мадэль эканамічнага разьвіцьця вызначаюць не яны, а тыя, хто знаходзіцца на вяршыні — прэзыдэнт, адміністрацыя прэзыдэнта, прэмʼер-міністар, міністры. Таму мы маем тое, што маем. Яны ня могуць праводзіць рэформы».
Мадэль эканамічнага разьвіцьця вызначаюць не яны, а тыя, хто знаходзіцца на вяршыні — прэзыдэнт, адміністрацыя прэзыдэнта, прэмʼер-міністар, міністры
Між тым менавіта Рудага называюць аўтарам канцэпцыі «фінансавай дыеты», якая нібыта дазволіла ўраду стрымаць інфляцыю. Пад рэдактарствам Рудага выйшлі цэлая кніга «Фінансавая дыета. Рэформы дзяржаўных фінансаў у Беларусі».
«Я не лічыў бы Кірыла ідэолягам рэформаў, — кажа эканаміст Яраслаў Раманчук. — Ён у сваёй кніжцы называе белае белым, чорнае чорным, дае зразумець, што таблічцу множаньня ніхто не адмяняў. Але мы ня бачылі нічога сыстэмнага, альтэрнатыўнага, каб казаць, што вось гэта праграма Кірыла Рудага. Тое, што ён падкрэсьліў рэчы, якія зьяўляюцца аксіёмамі трансфармацыйных працэсаў яшчэ з 90-х гадоў — гэта не рэвалюцыя».
Замацаваўшыся за Рудым імідж рэфарматара, па меркаваньні Раманчука, можа тлумачыцца тым, што той першым сярод чыноўнікаў вырашыўся назваць некаторыя рэчы сваімі імёнамі. Але гэтага не было дастаткова.
«Сёньня мы маем вялізныя страты вядучых кампаній. Ну і што Руды? Нават даклад прэзыдэнту не маглі падрыхтаваць, каб ён назваў, што ў нас страшэнныя страты. Скажам, мэталюргічны камбінат мае нулявы прыбытак, страты 300 мільёнаў, а пазыкі роўныя 1 млрд даляраў, якія трэба пагашаць. Не было названа ніводнай нэгатыўнай лічбы, зь якой бы выходзіла, што трэба мяняць мадэль кіраваньня, структуру кіраваньня, — тлумачыць эканаміст Станіслаў Багданкевіч.
Абодва суразмоўцы параўноўваюць паводзіны Кірыла Рудага зь лёсам нядаўна спачылага Андрэя Тура, намесьнікам міністра эканомікі, а пазьней намесьнікам Адміністрацыі прэзыдэнта. «У прынцыпе, гэта адна школа», — лічыць Яраслаў Раманчук.
«Я згадваю Андрэя Тура, якога блізка ведаў. Ён жа быў „рынкавік“, быў з прагрэсіўнымі поглядамі на эканоміку, на кіраваньне дзяржаўнымі кампаніямі, на прыватызацыю, на інфляцыю. У яго было яснае мысьленьне. Ну і што? — кажа Станіслаў Багданкевіч. — У складзе ўлады ён толькі тлумачыў, чаму прэзыдэнт ці былое кіраўніцтва не ідзе на кардынальнае рэфармаваньне. Ён прыстасаваўся. Усе яны прыстасоўваюцца».
У Кірыла Рудага ёсьць досьвед дыпляматычнай працы — некалькі гадоў ён працаваў эканамічным дарадцам у беларускай амбасадзе ў Кітаі. З Кітаем зьвязаныя і ягоныя дасьледчыя інтарэсы, што пацьвярджае адзін з апошніх яго артыкулаў. Адмысловы пункт у карʼеры — удзел у распрацоўцы беларуска-кітайскага індустрыяльнага парку, які, відаць, цяпер займаецца нічым.
«Калі вы робіце такія захады, каб пры дапамозе падатковых ільготаў, стварэньня капіталізму ў кантэксьце дзяржкіраваньня зрабіць ілюзію глытка свабоды, дык гэта ня тое, — кажа пра „посьпех“ беларуска-кітайскага парку Яраслаў Раманчук. — Што ён [Руды] прыдумаў? Ён скапіяваў „шанхайскую“ ці „ганконскую“ мадэль, але яна не працуе. Бо тут [у парку] няма высокатэхналягічных кампаній. А ёсьць адна лягістычная кампанія, якая стварае несумленную канкурэнцыю кампаніям на Меншчыне. Трэба сваім, беларускім прадпрыемствам рабіць ня горшыя ўмовы, чым для адзінкавых інвэстараў».
Але, паводле меркаваньня Яраслава Раманчука, для самога Кірыла Рудага магчымае прызначэньне амбасадарам у Кітай можа быць добрым крокам у карʼеры.
«Ён не чалавек кулюарнай барацьбы. Ён лішні ў размовах зь сілавікамі, чырвонымі дырэктарамі. Ён чалавек, які разумее мову навукі альбо дыпляматыі. Для сваёй душэўнай гармоніі, будучай карʼеры ён зробіць на гэтым месцы значна больш, чым ломячы копʼі з тымі людзьмі, якія супраць нават мяккіх рэформаў», — падсумоўвае Раманчук.
«Саслалі „ў ссылку“ ў Кітай, каб не круціўся пад нагамі, — лічыць Станіслаў Багданкевіч. — Хаця яго прапановы наконт рэфармаваньня эканомікі шмат у чым былі правільныя».